Мультыперспектыўныя помнікі: гісторыя самай нядаўняй статуі Леніна

Noah Harris

Мультыперспектыўныя помнікі: гісторыя самай нядаўняй статуі Леніна

Lenin Statue, Gelsenkirchen, Germany

Самы нядаўні помнік Леніну быў пастаўлены пазней, чым вы, мажліва, мяркуеце, і вас, бадай, здзівіць, у якой краіне. Паспрабуеце здагадацца?

Гэта адбылося ў 2020 годзе ў нямецкім Гельзенкірхене. У чэрвені 2020 года ў гэтым горадзе на захадзе Германіі адбылося адкрыццё статуі Леніна, якая першапачаткова стаяла з 1950-х гадоў у Чэхаславакіі. Ініцыятыву высунула Марксісцка-ленінская партыя Германіі (МЛПГ), невялікая партыя колькасцю каля 3000 чалавек з штаб-кватэрай у Гельзенкірхене. Падзея выклікала бурную дыскусію аб сімвалізме фігуры Леніна і яго праве на памяць.

Абараняючы ідэю ўсталяваць статую перад офісам МЛПГ, старшыня партыі Габі Фехтнер заявіла: «Ленін быў важным для сусветнай гісторыі ідэйным першапраходцам і лідарам змагання за свабоду і дэмакратыю». Для некаторых, як і для МЛПГ, Ленін сімвалізуе мажлівасць іншага свету па-за межамі неаліберальнага капіталізму і азначае надзею. Яго памятаюць не толькі за ролю ў расійскай рэвалюцыі, але і за тое, што ў першыя гады існавання Савецкага Саюза ён падтрымаў шэраг такіх прагрэсіўных ініцыятыў, як увядзенне бясплатнай адукацыі, абмежаванне працоўнага дня васьмю гадзінамі і легалізацыя абортаў. Тыя, хто выступае ў абарону памяці пра Леніна, указваюць таксама на той факт, што ён ініцыяваў прыняцце «Дэкларацыі правоў народаў Расіі», якая пашырыла культурныя, моўныя ды іншыя правы нярускіх народнасцей СССР.

Да гэтай станоўчай памяці пра Леніна адсылае і знакаміты левы філосаф Славой Жыжак у нядаўнім інтэрв’ю расійскамоўнаму СМІ «Медуза». На пытанне, ці гатовы ён перагледзець сваё меркаванне пра Леніна з прычыны ўварвання Расіі ва Украіну, навуковец адказаў адмоўна. Асуджаючы расійскую агрэсію і патрабуючы ад Захаду больш падтрымліваць Украіну, Жыжак тым не меней выказаўся супраць уяўлення, нібы Ленін сімвалізуе прыгнёт з боку Расіі, і заявіў інтэрв’юеру, што Ленін крытыкаваў расійскі шавінізм і падтрымліваў наданне большай аўтаноміі нацыянальным рэспублікам.

Аднак «добрая памяць» пра Леніна не бясспрэчная і часта абвяргаецца, як гэта адбылося і ў Гельзенкірхене. Пастанова аб усталяванні статуі Леніна ў 2020 годзе шырока асвятлялася міжнароднымі СМІ, і на гэтым тле мясцовыя палітыкі, напрыклад кіраўнік мясцовага падраздзялення партыі ХДС Саша Курт, рэзка зганілі ідэю МЛПГ. Для такіх людзей, як Курт, Ленін — сімвал зусім не надзеі і роўнасці, а, наадварот, прыгнёту. Курт проста ўказаў на гэта, сказаўшы: «Мы ў прынцыпе супраць размяшчэння ў гарадской прасторы выяваў людзей, ад імя якіх ці згодна з ідэалогіяй якіх чынілася і чыніцца столькі пакут».

Як знакавая фігура і візуальная рэпрэзентацыя СССР Ленін увасабляе ў вачах тых, хто згодны з Сашам Куртам, найгоршыя рысы савецкага рэжыму: прыгнёт, працоўныя лагеры і адсутнасць свабоды слова. У гады пасля краху Савецкага Саюза знос ці пераўтварэнне помнікаў Леніну стала шмат для каго тэрапеўтычным спосабам вызвалення ад мінулага.

Адзін з прыкладаў мы знаходзім у польскім Кракаве, у раёне Нова-Гута. У 2014 годзе мясцовыя жыхары вырашылі замяніць былы вялікі помнік Леніну вышынёй 2,7 метра на значна меншую статую памерам усяго 27 цаляў (каля 70 см), якая ўяўляе сабою неонава-зялёнага Леніна, што мочыцца з п’едэстала. Апісваючы значэнне новай скульптуры, суаўтар ідэі Барташ Шыдлоўскі сказаў, што статуя павінна не проста весяліць людзей, але і дапамагаць тутэйшым у пераадоленні ўласнай траўмы: «Ці ў стане мы надаць гэтаму мінуламу больш забаўны, сюррэалістычны сэнс, ці можам мы лопнуць гэтую мыльную бурбалку і паказаць, што здольныя справіцца з траўмай дзякуючы смеху і дыстанцыянаванню?»



Аднак такую памяць прымаюць не ўсюды на постсавецкай прасторы. У той час як жыхары Кракава спрабуюць выкінуць Леніна на сметніцу гісторыі, помнікі яму па-ранейшаму займаюць свае месцы ў гарадах па ўсёй Расіі і Беларусі. Пасля ўварвання ва Украіну расійскія войскі і акупацыйныя ўлады заняліся аднаўленнем статуй Леніна на захопленых тэрыторыях, спадзеючыся гэтак аднавіць пэўную традыцыю памяці пра мінулае — мінулае, у якім Украіна і Расія складалі адно цэлае.

Дэбаты аб памяці пра Леніна ў Гельзенкірхене дэманструюць, што не існуе адзінай, пазачасавай памяці пра гістарычныя фігуры і падзеі, што фармаванне памяці і мемарыяльнай культуры — гэта сталы працэс, у якім увесь час высоўваюць новыя інтэрпрэтацыі, а ранейшыя ставяць пад сумнеў і абвяргаюць.

Аўтар: Ноа Гарыс
Спіс навін

This website uses different cookies. We use cookies to personalize content, provide social media features, and analyze traffic to our website. Some cookies are placed by third parties that appear on our pages. You can find more information and options to choose from in our Privacy Policy and Configurations for usage.

Прыняць Адмовіць