8/9 мая 1945 года

Беатрыс Петцальд Brücke/Most-Stiftung, Дрэздэн, Германія

16-19 гадоў

90 minutes

Агульная інфармацыя

Другая сусветная вайна завяршылася ў Еўропе 8 мая 1945 года. Калі нарэшце змоўклі гарматы, загінула ўжо больш за 60 мільёнаў чалавек. Гэты тэкст змяшчае агляд дадзеных, якія адносяцца да заканчэння вайны, а таксама агульную інфармацыю пра Другую сусветную вайну.

Германія, 1945 г. год – – «Тысячагадовы» нацысцкі рэйх1 патануў у акіяне крыві і слёз. Калі нарэшце змоўклі гарматы 8 мая, загінула ўжо больш за 60 мільёнаў чалавек. Загінулыя на франтах, забітыя ў канцэнтрацыйных лагерах, згарэлыя жыўцом падчас начных бамбаванняў, памерлыя ад голаду, холаду і фізічнага гвалту пры спробе ўцёкаў. Калі свет даведаўся пра тое, што рабілася ў імя Германіі – і не толькі ў лагерах нацысцкага рэжыму, – гнеў народаў павярнуўся супраць усіх гітлераўцаў.

Па сутнасці, вынік вайны ў Еўропе быў прадвызначаны ўжо ў пачатку красавіка 1945 года. У пачатку лютага ў Ялце [заўв. перакладчыка: на Ялцінскай канферэнцыі] ЗША, Францыя, Вялікабрытанія і СССР пачалі абмяркоўваць пасляваенны сусветны парадак. Але замест капітуляцыі нацысты працягнулі ўкідваць усё, што ў іх было, у полымя вырашальнай бітвы. Пажылых людзей прызвалі ў «фольксштурм» (“Volkssturm”) / атрады народнага апалчэння2 дзяцей з «Гітлерюгенда»3 адправілі на вуліцы з ручнымі гранатамётамі. Па ўсім рэйху многіх людзей па-ранейшаму расстрэльвалі як «здраднікаў». Аж да самага канца ваенны трыбунал вермахта4 and СС5 выносіў тысячы смяротных прысудаў супраць нямецкіх салдат і грамадзянскіх асоб. 21 красавіка савецкая армія падышла да межаў Берліна, а ўвечары 29 красавіка 1945 года яна стаяла ля Брандэнбургскіх варот. Баі за Берлін завяршыліся 2 мая.

Пакуль Берлін гінуў у вулічных баях, а дзясяткі тысяч людзей расплачваліся сваімі жыццямі, змагаючыся да канца, не на жыццё, а на смерць, рэйхсканцлер Адольф Гітлер сышоў ад адказнасці, здзейсніўшы самагубства 30 красавіка 1945 года, як ён і абяцаў. Ён прызначыў сваім пераемнікам грос-адмірала Карла Дэніца6. Дэніц загадаў генерал-палкоўніку Альфрэду Ёдлю7, адказнаму за баявыя дзеянні на тэрыторыях ад Нарвегіі да Паўночнай Афрыкі, правесці перамовы аб капітуляцыі ў амерыканскім штабе ў Рэймсе8. Ёдль пры гэтым спрабаваў затрымаць капітуляцыю перад Чырвонай арміяй з тым, каб немцы, якія знаходзіліся на ўсходніх тэрыторыях, маглі збегчы на захад, але беспаспяхова.

Генерал-палкоўнік Ёдль падпісаў Акт аб безумоўнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл 7 мая 1945 года ў Рэймсе ў штабе генерала Дуайта Д. Эйзенхаўэра9, галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі саюзнікаў у Еўропе. Капітуляцыя ўступіла ў сілу 8 мая 1945 года ў 23:00. Савецкі дыктатар Іосіф Сталін запатрабаваў правесці цырымонію паўторна ў зоне савецкага ўплыву. Ноччу 9 мая фельдмаршал Вільгельм Кейтэль10, начальнік штаба вярхоўнага камандавання вермахта, падпісаў Акт аб капітуляцыі ў савецкім штабе, у берлінскім прадмесці Карлсхорст. Пасля больш чым пяці гадоў вайны ў Еўропе нарэшце змоўклі гарматы.

5 чэрвеня 1945 года чатыры краіны-пераможцы падпісалі Берлінскую дэкларацыю, якая абвяшчала: «Урады Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Злучанага Каралеўства, Злучаных Штатаў Амерыкі і Часовы ўрад Французскай Рэспублікі бяруць на сябе вярхоўную ўладу ў Германіі, уключаючы ўсю ўладу, якой валодае германскі ўрад, вярхоўнае камандаванне вермахта і любы абласны, муніцыпальны або мясцовы ўрад ці ўлада».

Германія была падзеленая на чатыры акупацыйныя зоны, а Берлін – на чатыры сектары. Кожная з краін-пераможцаў вызначала эканамічнае і палітычнае развіццё ў сваёй зоне або сектары па ўласным меркаванні.

Вайна на Ціхім акіяне, якая пачалася 7 снежня 1941 года з нападу Японіі на Перл-Харбар, працягвалася да жніўня 1945 года і падышла да змрочнай развязкі пасля атамных бамбаванняў [японскіх] гарадоў Хірасімы і Нагасакі. 2 верасня 1945 года Другая сусветная вайна завяршылася ў Ціхаакіянскім рэгіёне капітуляцыяй Японіі.

Колькасць ахвяр Другой сусветнай вайны шакуе: больш за 60 мільёнаў чалавек загінула і больш за шэсць мільёнаў еўрапейскіх яўрэяў былі забітыя. Тысячы цыган этнічных груп сінці і рома, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, палітычныя дысідэнты і гомасэксуалы цярпелі ганенні і былі забітыя. 17 мільёнаў чалавек зніклі бясследна. Многія краіны Еўропы былі моцна разбураныя..

Гэтая вайна прывяла да стварэння новых грамадскіх сістэм і краін, а таксама стала перадумовай для іншай вайны – халоднай вайны. Халакост – сістэматычнае знішчэнне цэлых груп насельніцтва – мог быць рэалізаваны толькі ў тых умовах, якія існавалі ў перыяд Другой сусветнай вайны.

Пасля завяршэння бітваў пачаўся рэванш пераможцаў – рэванш за неймаверныя пакуты, прычыненыя немцамі і іх памагатымі. 14 мільёнаў немцаў былі выгнаныя з уласных дамоў. У асноўным гэта былі жанчыны, якім давялося заплаціць за вайну, разгорнутую Гітлерам: згвалтаванні, рабаванні і забойствы сталі звычайнай з’явай.

Больш за палову з прыблізна 5,7 мільёнаў салдат Чырвонай арміі, захопленых немцамі ў палон падчас Другой сусветнай вайны, не перажылі жудасных умоў палону.

Пасля прымусовай працы, голаду і хвароб каля двух з 3,2 мільёнаў нямецкіх ваеннапалонных вярнуліся ў Германію з СССР; апошні нямецкі ваеннапалонны вярнуўся ў студзені 1956 года. Па дадзеных нямецкага Чырвонага Крыжа, лёс 1,3 мільёна нямецкіх ваеннаслужачых па-ранейшаму невядомы.

Прычынай уцёкаў, выгнання і страты свабоды было, хутчэй, не заканчэнне вайны, а яе пачатак, і, несумненна, такой прычынай быў пачатак тыраніі, якая і прывяла да вайны. 8 мая 1945 года не варта аддзяляць ад 30 студзеня 1933 года, г.зн. ад таго дня, калі ўлада была аддадзеная ў рукі Гітлера.

791 слова
Крыніца: Zweiter Weltkrieg: Kriegsende am 8. Mai 1945 года, URL: https://www.lpb-bw.de/kriegsende, дата апошняга наведвання: 21.01.2021 г.

Гласарый тэрмінаў

1 Тэрмін «Трэці рэйх», які шырока выкарыстоўваецца афіцыйна і ў сучаснай гістарыяграфіі ў дачыненні да нацысцкай дзяржавы, не быў створаны Гітлерам і нацыянал-сацыялістамі. Тым не менш менавіта Гітлер афіцыйна абвесціў 1 верасня 1933 года, што дзяржава, якую ён узначаліў, ёсць Трэці рэйх, які будзе існаваць «тысячу гадоў».

2 На завяршальным этапе Другой сусветнай вайны ўсе мужчыны ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў, здольныя трымаць у руках зброю, былі прызваныя для абароны «роднай зямлі» Германскага рэйха. Зона адказнасці атрадаў народнага апалчэння («фольксштурм») уключала перш за ўсё будаўнічыя работы, задачы ў галіне забеспячэння бяспекі і абароны вёсак, у асноўным побач з месцам жыхарства. Мэтай прызыву было ўмацаванне частак вермахта.

3 Асноўная задача «Гітлерюгенда» (ГЮ), моладзевай арганізацыі Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай працоўнай партыі (НСДАП), заключалася ў выхаванні моладзі ў духу ідэалогіі нацыянал-сацыялізму і, такім чынам, у замацаванні кіроўнай ролі Нацыянал-сацыялістычнай партыі ў доўгатэрміновай перспектыве. Разам з тым членаў «Гітлерюгенда» рыхтавалі да вайны; для гэтых мэтаў яны займаліся фізічнай падрыхтоўкай і ўдзельнічалі ў ваенных вучэннях.

4 Вермахт – зборная назва нямецкіх узброеных сіл у нацысцкай Германіі. Вермахт складаўся з сухапутных войскаў, ваенна-марскога флоту і ваенна-паветраных сіл.

5 СС (Schutzstaffel, або «атрады аховы») – нацысцкая арганізацыя ў гады Веймарскай рэспублікі (1918–1933) і ў перыяд нацыянал-сацыялізму (1933–1945), якая выкарыстоўвалася як інструмент улады і падаўлення Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай працоўнай партыяй / НСДАП (нацысцкая партыя ў 1920–1945 гг.) і Адольфам Гітлерам. Пачынаючы з 1934 года ў абавязкі СС уваходзіла кіраванне канцэнтрацыйнымі лагерамі, а з 1941 года – лагерамі смерці. СС была пераважна задзейнічана ў планаванні і правядзенні Халакоста і іншых генацыдаў.

6 Грос-адмірал Карл Дэніц (1891–1980) – нямецкі афіцэр ваенна-марскога флоту. Дэніц быў адным з 24 абвінавачаных у межах Нюрнбергскага працэсу супраць галоўных нямецкіх ваенных злачынцаў у 1946 годзе; быў прызнаны вінаватым у ваенных злачынствах і асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі.

7 Генерал-палкоўнік Альфрэд Ёдль (1890–1946) – нямецкі афіцэр сухапутных войскаў, які граў вядучую ролю ў планаванні нямецкіх ваенных аперацый у вярхоўным камандаванні вермахта ў гады Другой сусветнай вайны. Ёдль быў адным з 24 абвінавачаных у межах Нюрнбергскага працэсу супраць галоўных нямецкіх ваенных злачынцаў у 1946 годзе; быў прызнаны вінаватым па ўсіх чатырох пунктах абвінавачвання, прыгавораны да пакарання смерцю; прысуд прыведзены ў выкананне ў Нюрнбергу.

8 Рэймс – горад на паўночным усходзе Францыі; размешчаны на адлегласці каля 130 кіламетраў ад Парыжа.

9 Генерал Дуайт Д. Эйзенхаўэр (1890–1969) – генерал арміі ЗША і галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі саюзнікаў у Еўропе ў гады Другой сусветнай вайны. Як рэспубліканец, Эйзенхаўэр займаў пасаду 34-га прэзідэнта ЗША ў перыяд з 1953 па 1961 гг.

10 Генерал-фельдмаршал Вільгельм Кейтэль (1882–1946) – нямецкі афіцэр сухапутных войскаў, з 1938 па 1945 гг. – начальнік штаба вярхоўнага камандавання вермахта. Кейтэль быў адным з 24 абвінавачаных у межах Нюрнбергскага працэсу супраць галоўных нямецкіх ваенных злачынцаў у 1946 годзе; быў прызнаны вінаватым па ўсіх чатырох пунктах абвінавачвання, прыгавораны да пакарання смерцю; прысуд прыведзены ў выкананне ў Нюрнбергу.

Успаміны з Польшчы / Беларусі

Успаміны сведак вайны з Польшчы / Беларусі аб заканчэнні вайны ў маі 1945 года

Якаў Шэпецінскі нарадзіўся ў 1920 годзе ў Слоніме (былая Польшча, цяпер Беларусь), яўрэйскі партызан, удзельнік вайны паміж Германіяй і СССР, вязень Слонімскага гета ў перыяд нямецкай акупацыі. Прайшоў ГУЛАГ пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.

Слонім знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй у перыяд з 1915 па 1919 гг. 18 сакавіка 1921 г. адышоў Польшчы. Пасля ўварвання вермахта ў Польшчу, 18 верасня 1939 года войскі Чырвонай арміі ўвайшлі ў Слонім і горад быў уключаны ў склад Беларускай ССР (СССР). З чэрвеня 1941 па 10 ліпеня 1944 года Слонім быў акупаваны вермахтам. Цяпер Слонім – адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі.

...Па дарозе да Одэра ўсе нямецкія гарады і вёскі пустыя. 14 красавіка 1945 года – пераправа і атакуем горад Эберсвальдэ. Нянавісць да ворага і жаданне помсты ўзмацняюцца. Вырашыў: пры першай магчымасці ўсіх без выключэння ў падвал, назапашваў супрацьтанкавыя гранаты...

Фарсіруем Одэр. Нягледзячы на супраціў, набліжаемся да горада. Адкрываем шквальны кулямётны агонь уздоўж вуліц, чакаем адказ агню. Няма. Раптам з усіх вокнаў і з балконаў, мабыць, што было ў доме белае, калышацца на ветры. Горад здаўся. Навучаныя вопытам, асцярожна, павольна – наперад. І вось незабыўная карціна – каля дамоў дарослыя і дзеці стаяць, шмат у каго ў руках наручны гадзіннік; памятаю сваё абяцанне, хачу загнаць усіх у падвал... але дзеці са страхам глядзяць прама ў вочы. Не, не магу, не ў сілах. Гэтак мае дзве гранаты засталіся нявыкарыстанымі да канца вайны. Горад заняты, ідзём на Берлін. [...]

Калоны палонных [з рэдкім канвоем] ідуць паслухмяна пад камандаваннем сваіх афіцэраў. Да гэтага ўзяты мной у забітага немца фотаапарат ляжыць без справы. Не ведаю, як з ім працаваць. Адзін з палонных патлумачыў: трэба аб’ектыў выцягнуць і г.д.

Усё рухаецца на захад, на дарогах стаяць рэгуліроўшчыцы. Так мы з калонай «студэбэкераў» трапілі ў Берлін, а нам трэба на поўнач. Берлін ужо амаль узяты, Рэйхстаг пабіты, перад намі Брадэнбургская брама. Прашу капітана спыніцца на секунду, маўляў, хачу сфатаграфаваць на фоне брамы. А потым прашу пстрыкнуць і мяне, паказваю як. Карціць яму, але ўсё ж такі зняў і – хутка наўздагон. Як потым аказалася, здымкі выйшлі, толькі капітана не знайшоў, каб перадаць. Там таксама былі і сямейныя фатаграфіі забітага немца.

Пачатак мая, ёсць яшчэ ачагі супраціву, шмат замініраваных падыходаў, і вось у адным такім выбух, і я паранены, зноў у нагу. Аскепкі ў руцэ, адзін да гэтага часу застаўся. Эвакуяваны ў цэнтральны армейскі шпіталь недалёка ад горада Брандэнбурга. 9 мая – Дзень Перамогі – сустракаю ў шпіталі. Усе вяселяцца, перамаглі, абдымаюцца, цалуюцца. Скончылася вайна. Дадому, да сям’і, да блізкіх, а я тварам у падушку. Рыдаю. Няма дому, няма сям’і, няма блізкіх, няма сяброў – адзін. У гэтым агульным свяце радасці, заслужанага шчасця і надзей ты зламаны, раптам зразумеўшы глыбіню трагедыі тваёй асабістай і цэлага яўрэйскага народа. [...]

У ліпені 1945 года, перад выпіскай са шпіталя, наведаў мяне маёр Хахалін і прапанаваў працягваць службу ў акупацыйных войсках ва Усходняй Германіі, а менавіта ў камендатуры горада Нойрупін у якасці перакладчыка. Пагадзіўся. Паводле яго заяўкі атрымаў накіраванне са шпіталя для далейшага праходжання вайсковай службы. Бытавыя і іншыя ўмовы зусім змяніліся, я па-ранейшаму салдат, але нібы і грамадзянскі. Па маёй просьбе і рэкамендацыі маёра атрымаў адпачынак, знайшоў сястру, якая мяне ўвесь час таксама шукала. Узяў яе да сябе і чакаю даты дэмабілізацыі – 20 жніўня 1946 года. [...]

з кнігі Я. Шэпецінскага «Лесвіца Якава. Успаміны чалавека, які перажыў Халакост і ГУЛАГ», Мінск, 2014 г., стар. 101-106

Майя Ісакаўна Крапіна, 1935 г. (Мінск) – 2018 г. (Мінск). Вязень Мінскага гета. Жыхары вёскі Парэчча ў партызанскай зоне выратавалі жыццё ёй і 39 яўрэйскім дзецям з Мінскага гета.

Канец вайны

...Аднойчы звычайна ціхая вёска Парэчча раптам ажыла. Людзі з дамоў выбеглі на вуліцу. Усе дзеці навыперадкі кінуліся да рэчкі. Мая Насця, яе мама і бацька стаялі моўчкі, выціралі слёзы. Я не разумела, чаму яны плачуць. Бо немцаў у вёсцы не было, ніхто не крычаў страшнага слова «марафон*», якое значыла «ратуйся хто можа», ніхто не бег у лес, ратуючыся ад нямецкіх карнікаў. Насця, гледзячы на маю разгубленасць, прыціснула мяне да сябе, гладзіла па галаве і прыгаворвала: «Дачакаліся нашых!» Прагучала новае слова: «Перамога!» Агульнае хваляванне ахапіла і мяне. Я пабегла за дзецьмі. Аказалася, у вёску прыбыла выведка Чырвонай арміі, следам ішлі танкі з чырвонымі зоркамі. Яны спыніліся каля ракі, салдаты мылі рукі, твары. Пырскаліся вадой дакладна так, як гралі і мы, дзеці. Усе смяяліся. Усіх ахапіла радасць. Больш жвавыя нашы хлапчукі адразу ж з імі пасябравалі. Камусьці пашчасціла нават прымерыць пілотку або шлем. Байцы распытвалі, хто мы, адкуль. Іх здзівіла, што нас так шмат. А нас сапраўды было нямала: больш за сорак дзяцей, калі лічыць мясцовых і тых, што прыйшлі з Мінскага гета. Разам мы, напэўна, уяўлялі незвычайнае відовішча. Танкі затрымаліся ў вёсцы ненадоўга. Іх шлях ішоў на Мінск. Некаторыя экіпажы ўзялі на танкі хлапчукоў, якія рваліся ў родны горад. З імі з’ехалі Міша Пекер, Міша Навадворскі, Жэня Мачэз... Сышлі з вёскі многія дзяўчынкі. З мінчукоў у вёсцы засталася я адна. [...]

* Так партызаны і мясцовае насельніцтва называлі ўзброеныя аперацыі супраць партызан. Па гэтым сігнале ўся вёска ўцякала ў лес, дзе хавалася на балотах.

з кнігі М. Крапінай «Тройчы народжаная: успаміны былога вязня Мінскага гета», Мінск, 2008 г., с. 36.

Успаміны з Расіі

Успаміны сведкі вайны з Расіі (якая ўваходзіла ў склад СССР) пра заканчэнне вайны ў маі 1945 года

Яўгенія Вадзімаўна Шаўрова,1928–1991 гг. Дачка авіяканструктара, стваральніка «лятучых лодак» Вадзіма Шаўрова. Падчас вядзення дзённіка – ленінградская школьніца. Перажыла блакаду Ленінграда.

9 мая

Сёння ўрокаў не было. Мы з’явіліся ў школу і арганізавана пайшлі на Неўскі, да РАНА, адкуль рушыла дэманстрацыя. Усе, знаёмыя і незнаёмыя, віншуюць адно аднаго. Антаніна Іванаўна, наш дырэктар, увесь час плача (у яе загінуў муж), але трымаецца добра: школа наша ў надзейных руках. Увечары на Палацавай было гулянне. Пражэктары з усіх бакоў асвятлялі сцены будынкаў. Дэманстраваўся новы фільм «Вызваленая Францыя». На эстрадзе ля падножжа Александрыйскай калоны зноў выступалі танцоры [нашага Палаца] – абавязковыя ўдзельнікі ўсіх вялікіх падзей у жыцці нашага горада. Нягледзячы на тое, што было шмат людзей, на плошчы быў поўны парадак. Вярнуліся мы позна, доўга хадзілі па ціхіх вуліцах, але па-сапраўднаму яны, напэўна, і не заціхлі да раніцы ў гэты дзень...

Успаміны з Германіі

Успаміны, запісаныя Херманам Ломанам (*1925 г.) з Германіі

Херман Ломан нарадзіўся ў Дойч-Эверне (Ніжняя Саксонія) у 1925 годзе, і, такім чынам, яго падлеткавы ўзрост (з 13 да 19 гадоў) супаў з перыядам Другой сусветнай вайны. Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года. Яму было 13 гадоў, і ён ніколі не думаў, што пойдзе ваяваць. У маі 1943 года яго прызвалі ў «Службу працы рэйха» (Reichsarbeitsdienst / RAD), а затым у вермахт.

Яго ўспаміны пра той час былі запісаныя ў лютым 2010 года.

Заканчэнне вайны ў Саксоніі

Пасля цяжкіх баёў ва Усходняй Прусіі і эвакуацыі праз Балтыйскае мора нас спачатку перавезлі цягніком з Берліна ў Ютэрбог [...] для дыслакацыі ў раёне Дрэздэна 17 красавіка 1945 года. Я памятаю, як мы выйшлі на станцыі «Штэтынэр Банхоф» у Берліне, прайшлі па некалькіх падземных пераходах, спатыкаючыся аб абломкі, якія засталіся пасля авіяналётаў, і, нарэшце, дабраліся да цягніка, які ішоў у Ютэрбог. [...]

У канцы красавіка мы былі ў раёне Велена, на рацэ Эльбе, недалёка ад Эльбскіх пясчанікавых гор. За два тыдні да заканчэння вайны мы атрымалі навюткае абмундзіраванне. Мы здзівіліся, што яго столькі засталося. Абмундзіраванне для нас, салдат, было ў выдатным стане: ніжняя бялізна, моцны скураны абутак, абсалютна новая палявая форма шэрага колеру з арлом ваенна-паветраных сілаў [«люфтвафэ»] [...], а таксама новы заплечнік для ваенна-паветраных сіл, посуд для гатавання, процігаз, ахоўны брызентавы тэнт, рэчавы мяшок з флягай і іншыя рэчы. [...]

2 мая 1945 года Берлін капітуляваў. На працягу некалькіх наступных дзён мы перамяшчаліся з Дрэздэна, цалкам разбуранага ў лютым 1945 года, у Пірну, размешчаную на поўдзень ад ракі Эльбы. На поўначы Пірны, на [ўзгорку] Зонэнштайн, недалёка ад грамадскага саду, мы размясцілі наш артылерыйскі назіральны пункт. Падчас перасоўванняў па гэтай тэрыторыі за гэтыя дні, назіраючы за рускімі самалётамі, якія рассякалі неба, я думаў: «Вайна хутка скончыцца. Спадзяюся, мяне не параняць зноў». У небе практычна не засталося нямецкіх самалётаў. Толькі рускія. [...]

Думаю, дзесьці 6 мая 1945 года мы ўбачылі рускую пяхоту, надыходзячую з абодвух бакоў дарогі, пад ценямі дрэў. Страляць у іх было бессэнсоўна. [...] Рускія планавалі захапіць Пірну. [...]

7 мая 1945 года мы атрымалі загад вывесці войскі ў бок Чэхаславакіі. Чакалася, што мы прарвёмся да амерыканцаў у ваколіцах Аусіга. [...]

8 мая 1945 года прыйшоў загад аб капітуляцыі, які ўступіў у сілу 9 мая 1945 года, апоўначы.

Гэты загад не дайшоў да нас наўпрост у Чэхаславакіі; тым не менш сярод салдат распаўсюджвалася інфармацыя аб капітуляцыі Германіі і аб заканчэнні вайны. Мы былі радыя, што скончыліся баі і забойствы, але не адчувалі сябе ані свабоднымі, ані шчаслівымі. Мы не ведалі, што нас чакае. [...]

Ва Усходніх Рудных гарах мы адступілі ў горныя лясы, каб выратавацца ад рускіх войскаў і рэалістычна ацаніць нашу сітуацыю. Мы прасоўваліся на захад, пакуль не дайшлі да горнай вёсачкі. Мы ўбачылі жанчын, якія рвалі пасцельную бялізну, каб зрабіць белыя нарукаўныя павязкі для салдат. Мы таксама ўбачылі рускага салдата, які стаяў у канцы дарогі, што ішла на спуск. Ён прапускаў кожнага нямецкага салдата з белай нарукаўнай павязкай пасля кароткай праверкі.

Большасць маіх паплечнікаў, у тым ліку я, збіраліся з духам перад тым, як падысці да рускага камісара. Я разабраў свой кулямёт і закінуў дэталі ў кусты. Жанчыны таксама далі мне нарукаўную павязку, і я падышоў да рускага са змяшанымі пачуццямі. Ён спытаў мяне на нямецкай, прыкладаючы намаганні: «Ёсць зброя, боепрыпасы?» Я сказаў, што не. «Тады ідзі дадому, да мамы». [...]

Як толькі змаглі, мы сышлі з магістралі і пайшлі абходнымі шляхамі праз горы. Мы бачылі шмат трупаў у прыдарожных канавах. [...]

Мяркуючы па ваеннай тэхніцы рускіх салдат, якіх мы бачылі і якія ішлі на поўдзень, яны таксама трымаліся з апошніх сіл. Мы заўважылі ўсяго некалькі аўтамабіляў. Былі конныя падводы, у асноўным вазы; коні былі захопленыя. І на ўсіх дарогах было вельмі шмат рускіх і азіяцкіх салдат ва ўніформе зямліста-карычневага колеру.

У канцы дня, увечары, рускія салдаты раптам пачалі пераследаваць нас. Яны нешта нам крычалі. Мы не разумелі, што нам трэба рабіць, так як нам усім сказалі «ісці дадому, да мамы». Неўзабаве ўсё пагоршылася. Рускія білі нас па спінах прыкладамі і крычалі: “Давай, давай!» Яны загналі нас на шырокае поле, запоўненае дзясяткамі людзей. Спачатку мне здалося, што ўсё гэта былі вызваленыя вязні, і толькі затым я зразумеў, што гэта былі нямецкія салдаты, дзесьці больш за тысячу, якіх сюды сагналі і тут пакінулі. Мы былі ваеннапалоннымі рускіх.

614 словы
Крыніца: Lohmann, Hermann: Das Kriegsende in Sachsen, у LeMO-Zeitzeugen, Lebendiges Museum Online, Stiftung Haus der Geschichte der Bundesrepublik Deutschland, URL: https://www.dhm.de/lemo/zeitzeugen/hermann-lohmann-das-kriegsende-in-sachsen-1945.html, дата апошняга наведвання: 21.01.2021 г.

Першасныя крыніцы (Польшча)

Газета Życie Warszawy [«Жыццё Варшавы»]: Варшава, серада, 9 мая 1945 года

Германія капітулявала!

па сканчэнні 2 077 дзён самай крывавай вайны ў сусветнай гісторыі. Учора ў 23:01 быў выдадзены загад аб спыненні баявых дзеянняў у Еўропе – на моры, на сушы і ў паветры.

Газета Dziennik Zachodni [«Штодзённік Заходні»]
Катавіцэ, серада, 9 мая 1945 года

Канец вайны

Ваенныя дзеянні завяршыліся ў аўторак, 8 мая, у 23:59

Праз пяць гадоў, 8 месяцаў і 7 дзён гэты ВЯЛІКІ ДЗЕНЬ нарэшце надышоў. Пажар вайны, які ахапіў свет ад Афрыкі да Паўночнага полюса, ад Францыі да Волгі, а таксама ўсе сусветныя акіяны, патушаны ў Еўропе. Скончылася гэтая катастрофа, якая застанецца ў гісторыі і якая забрала так шмат жыццяў. Завяршыліся гады канцэнтрацыйных лагераў, тэрору і жахаў гестапа, як завяршылася і ўлада «звышлюдзей».

7 мая 1945 года, у 2:41 па цэнтральнаеўрапейскім часе, у невялікім будынку школы ў Рэймсе быў падпісаны Акт аб капітуляцыі Германіі, на падставе якога Германія здалася на літасць СССР, Англіі, ЗША і Францыі.

 

 

Дзень Перамогі

8 мая 1945 года – дзень перамогі справядлівасці, перамогі ўсіх міралюбівых дзяржаў, якія жадаюць лепшай будучыні для нашага свету, знявечанага вайной; дзень канчатковай і поўнай перамогі над вар’яцкай, крымінальнай дактрынай нацыянал-сацыялізму.

Сёння на франтах не чуваць гулу гармат, замёрлі гусеніцы танкаў агрэсара, і больш не будзе смерцяў лепшых сыноў саюзнікаў у бітвах за волю для ўсяго свету.

Сённяшні дзень – дзень, які напаўняе радасцю. Той радасцю, якую не ў стане выказаць самы гучны крык; той радасцю, якую нельга акрэсліць словам або пяром.

Вайна скончылася. Удумаемся ў гэтыя простыя словы, за якімі схаваныя як невымерныя пакуты, якія цяпер становяцца мінулым, так і ўся неабсяжнасць самых выдатных надзей на будучыню.

Сёння пачынаецца мірная праца. Адбываецца гэта ў складаных умовах, на руінах Еўропы. Але Еўропа па-ранейшаму жывая, хоць і ляжыць у руінах. Яна здолела выстаяць і перамагчы сучасных варвараў; у яе досыць жыццёвых сіл для перамог у свеце, падобна таму, як яна перамагла ў вайне.

[...] Успомнім тыя чорныя дні (а іх было шмат), дні жаху, калі, нягледзячы на гераізм нашых салдат, якія страцілі вышэйшае кіраўніцтва, Польшча была скамечаная гусеніцамі нямецкіх танкаў; тыя чорныя дні, калі ўпала Францыя, а нямецкія салдаты маршам прайшлі пад Трыумфальнай аркай на Плошчы Зоркі ў Парыжы; тыя чорныя дні, калі нямецкія войскі, несучы смерць і разбуральны пажар вайны, падышлі да Масквы і Сталінграда; дні, калі гукі праклятага гімна «Германія вышэй за ўсё» (“Deutschland uber alles”) паўтараліся па ўсёй Еўропе ад Міжземнага мора да Паўночнага мора, а Варшава ляжала ў руінах.

Гэтыя чорныя дні засталіся ззаду. Сёння нам свеціць сонца, і будучыня нашай свабоды ўяўляецца нам яснай і відавочнай. Тым не менш сёння, у дзень Перамогі, мы павінны ўспомніць пра тых, каму мы будзем вечна абавязаныя за гэтую перамогу:

Пра польскага салдата, чыя кроў пралілася першай і хто першым аддаў сваё жыццё ў баях, змагаючыся, пакуль не паў Вестэрплатэ. [...]

Пра народы СССР, якія [...] панеслі найвелізарнейшыя страты забітымі і параненымі ў гэтай вайне. Іх неймаверныя намаганні, а таксама вядучая роля маршала Сталіна, выдатнага кіраўніка з нязломнай воляй, прынеслі ім першую перамогу над немцамі ў Сталінградскай бітве, якім яны затым не давалі перадышкі аж да дня ўзняцця над руінамі Берліна сцяга СССР.

Пра Англію, якая, нягледзячы на свае пакуты, працягвала стойка трымацца; пра Англію, якая выстаяла і змагла, пад кіраўніцтвам цвёрдага духам прэм’ер-міністра Чэрчыля, стварыць магутныя ваенныя сілы.

Пра ЗША і пра яе вялікага барацьбіта за дэмакратыю – прэзідэнта Рузвельта, які выдзеліў матэрыяльныя каштоўнасці, моц краіны і яе людзей для дапамогі Еўропе.

Усе яны – прыхільнікі міру і дэмакратыі; дзейнічалі сумесна ў вялікім саюзе, яны ўнеслі, верагодна, максімальна магчымы ўнёсак у агульную справу Перамогі.

Сёння ўсе гэтыя краіны і народы адзначаюць дзень свайго трыумфу, дзень трыумфу справядлівасці, дзень трыумфу свабоды і дэмакратыі.

Разам яны забяспечаць перамогу міра!

605 слоў

Першасныя крыніцы (Russia / Беларусь)

Заўвага: Тэкст прыведзены паводле газеты «Правда» за 10 мая 1945 г., стар. 2

ЗАГАД
Вярхоўнага Галоўнакамандуючага
ПА ВОЙСКАХ ЧЫРВОНАЙ АРМІІ І ВАЕННА-МАРСКІМ ФЛОЦЕ

8 мая 1945 года ў Берліне прадстаўнікамі германскага вярхоўнага камандавання падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл.

Вялікая Айчынная вайна, якую вёў савецкі народ супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пераможна завершаная, Германія цалкам разгромленая.

Таварышы чырвонаармейцы, чырванафлотцы, сяржанты, старшыны, афіцэры арміі і флоту, генералы, адміралы і маршалы, віншую вас з пераможным завяршэннем Вялікай Айчыннай вайны.

У адзначэнне поўнай перамогі над Германіяй сёння, 9 мая, у Дзень Перамогі, а 22 гадзіне сталіца нашай Радзімы Масква ад імя Радзімы салютуе доблесным войскам Чырвонай Арміі, караблям і часткам Ваенна-Марскога Флоту, якія здабылі гэтую бліскучую перамогу, трыццаццю артылерыйскімі залпамі з тысячы гармат.

Вечная слава героям, якія загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы!

Няхай жывуць пераможныя Чырвоная Армія і Ваенна-Марскі Флот!

Вярхоўны Галоўнакамандуючы

Маршал Савецкага Саюза І. СТАЛІН.

8 мая 1945 г., No 369.

Заўвага: Тэкст прыведзены паводле газеты «Правда» за 10 мая 1945 г., стар. 2.

Учора наш вялікі народ, народ-пераможца святкаваў дзень поўнага трыумфу сваёй вартай справы.

Няхай жыве вялікі арганізатар і натхняльнік гістарычнай перамогі савецкага народа над германскім імперыялізмам – наш любімы правадыр і настаўнік таварыш Сталін!

Зварот тав. І.В. Сталіна да народа

Таварышы! Суайчыннікі і суайчынніцы!

Наступіў вялікі дзень перамогі над Германіяй. Фашысцкая Германія, пастаўленая на калені Чырвонай Арміяй і войскамі нашых саюзнікаў, прызнала сябе пераможанай, абвясціла безумоўную капітуляцыю.

7 мая быў падпісаны ў горадзе Рэймсе папярэдні пратакол капітуляцыі. 8 мая прадстаўнікі нямецкага галоўнакамандавання ў прысутнасці прадстаўнікоў Вярхоўнага Камандавання саюзных войскаў і Вярхоўнага Галоўнакамандавання савецкіх войскаў падпісалі ў Берліне канчатковы акт капітуляцыі, выкананне якога пачалося з 24 гадзін 8 мая.

Ведаючы ваўчыную звычку нямецкіх завадатараў, якія лічаць дамовы і пагадненні пустой паперкай, мы не маем падставы верыць ім на слова. Аднак сёння з раніцы нямецкія войскі ў мэтах выканання акта капітуляцыі сталі ў масавым парадку складаць зброю і здавацца ў палон нашым войскам. Гэта ўжо не пустая паперка. Гэта – сапраўдная капітуляцыя ўзброеных сіл Германіі. Праўда, адна група нямецкіх войскаў у раёне Чэхаславакіі ўсё яшчэ ўхіляецца ад капітуляцыі. Але я спадзяюся, што Чырвонай Арміі ўдасца апрытомніць яе.

Цяпер мы можам з поўнай упэўненасцю заявіць, што наступіў гістарычны дзень канчатковага разгрому Германіі, дзень вялікай перамогі нашага народа над германскім імперыялізмам.

Вялікія ахвяры, прынесеныя намі ў імя свабоды і незалежнасці нашай Радзімы, незлічоныя нягоды і пакуты, перажытыя нашым народам падчас вайны, напружаная праца ў тыле і на фронце, аддадзеная на алтар айчыны, – не прайшлі дарма і завяршыліся поўнай перамогай над ворагам. Векавая барацьба славянскіх народаў за сваё існаванне і сваю незалежнасць скончылася перамогай над нямецкімі захопнікамі і нямецкай тыраніяй.

Ад гэтага часу над Еўропай будзе лунаць вялікі сцяг свабоды народаў і міру паміж народамі.

Тры гады таму Гітлер усенародна заявіў, што ў яго задачы ўваходзіць расчляненне Савецкага Саюза і адрыў ад яго Каўказа, Украіны, Беларусі, Балтыкі і іншых абласцей. Ён прама заявіў: «Мы знішчым Расію, каб яна больш ніколі не змагла ўзняцца». Гэта было тры гады таму. Але вар’яцкім ідэям Гітлера не наканавана было спраўдзіцца, – ход вайны развеяў іх у пыл. На справе атрымалася нешта прама супрацьлеглае таму, пра што трызнілі гітлераўцы. Германія разбітая ўшчэнт. Германскія войскі капітулююць. Савецкі Саюз святкуе з нагоды перамогі, хоць ён і не збіраецца ні падзяліць, ні знішчыць Германію.

Таварышы! Вялікая Айчынная вайна завяршылася нашай поўнай перамогай. Перыяд вайны ў Еўропе скончыўся. Пачаўся перыяд мірнага развіцця.

З перамогай вас, мае дарагія суайчыннікі і суайчынніцы!

СЛАВА НАШАЙ ГЕРАІЧНАЙ ЧЫРВОНАЙ АРМІІ, ЯКАЯ АДСТАЯЛА НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ НАШАЙ РАДЗІМЫ І ЗАВАЯВАЛА ПЕРАМОГУ НАД ВОРАГАМ!

СЛАВА НАШАМУ ВЯЛІКАМУ НАРОДУ, НАРОДУ-ПЕРАМОЖЦУ! ВЕЧНАЯ СЛАВА ГЕРОЯМ, ЗАГІНУЛЫМ У БАЯХ З ВОРАГАМ, ЯКІЯ АДДАЛІ СВАЁ ЖЫЦЦЁ ЗА СВАБОДУ І ШЧАСЦЕ НАШАГА НАРОДА!

Заўвага: Тэкст прыведзены паводле газеты «Правда» за 10 мая 1945 г., стар. 2.

Учора ў Маскве

І. РАБАЎ

[...] Над Масквой праліліся першыя майскія дажджы. Тры дні ішлі яны, як дар прыроды, як выкананне жадання земляроба – і Масква радавалася разам з ім золату, якое падала з неба, і не адзін масквіч, спяшаючыся раніцай на працу, на хвілінку спыняўся на бульвары засведчыць, што ліпы ля Пушкінскага помніка выкінулі першыя пупышкі. Вядома, адчувалі мы, што цяперашняя вясна будзе пераможнай, што хутка многія воіны з поля бою вернуцца да мірнай працы, мы чакалі гэтай радасці, і ўсё-такі яна такая вострая, такая вялікая, так захоплівае дух. Новае, вялікае ўвайшло ў гэтыя дні ў жыццё, напоўніўшы яго цяплом, святлом, сонцам.

І прырода руская, – дарэмна называлі яе абыякавай! – перажывае з масквічамі іх радасць. Напярэдадні ўвечары неба яшчэ было зацягнутае хмарамі, а з раніцы сонца заззяла і ўвесь доўгі майскі дзень шчодра залівала маскоўскія вуліцы і плошчы. Пад сонцам ярка ўспыхнулі чырвоныя сцягі на будынках горада.

Масква святкавала Дзень Перамогі.

[...] Масквічы чакалі выступу таварыша Сталіна.

У дзевяць гадзін вечара пачуўся ягоны голас, такі знаёмы маскоўскаму чалавеку голас Сталіна. Яго слухалі на вуліцах і плошчах, у кватэрах і клубах. Сталін звяртаўся да сваіх суайчыннікаў і суайчынніц. Ён казаў проста і спакойна.

[...] У адзначэнне поўнай перамогі над Германіяй у дзесяць гадзiн вечара 9 мая Масква ад імя Радзімы салютавала мужным войскам Чырвонай Арміі, караблям і часткам Ваенна-Марскога Флоту, якія здабылі гэтую бліскучую перамогу, трыццаццю артылерыйскімі залпамі з тысячы гармат.

[...] У гэтую гістарычную ноч далёка за маскоўскімі заставамі былі бачныя агні Масквы, і здавалася, усе краіны і ўсе народы глядзяць у гэтую ноч на Маскву, і бачаць ў ёй абарону міру ва ўсім свеце.

885 слоў
Крыніца: https://oldgazette.ru/pravda/10051945/index1.html, дата апошняга наведвання: 21.01.2021 г.

This website uses different cookies. We use cookies to personalize content, provide social media features, and analyze traffic to our website. Some cookies are placed by third parties that appear on our pages. You can find more information and options to choose from in our Privacy Policy and Configurations for usage.

Прыняць Адмовіць