План урока

Райнэр Буйткамп Гімназія ім. Георга Бюхнера, Зельцэ, Германія / Павел Дудэк каманда тэхнічных і агульнаадукацыйных школ №1, Радомска, Польшча / Лада Палуніна школа №16, Перм, Расія / Алена Ушакова гімназія №3, Мінск, Беларусь / Lesia Volokh сярэдняя школа №1, Чарнабай, Украіна

13-16 гадоў

45 minutes

Анатацыя

На гэтым уроку навучэнцы даведаюцца аб перасяленні грамадзянскага насельніцтва падчас Другой сусветнай вайны, аб адметных рысах прымусовай працы (гл. Дадатак II: Гласарый) і эксплуатацыі моладзі. Яны ўбачаць, як няпроста было жыць у такіх умовах. Навучэнцы будуць аналізаваць гістарычныя дакументы, карты і статыстычныя дадзеныя. Яны таксама вывучаць мастацкае апісанне прымусовай працы, паглядзеўшы ўрывак з фільма на гэтую тэму. У ходзе дыскусіі вучні змогуць зразумець, крытычна ацаніць і праінтэрпрэтаваць усю гэтую інфармацыю.

Нататкі для настаўніка

-> У ходзе ўрока навучэнцам трэба прааналізаваць розныя віды крыніц. На гэтым этапе яны павінны ўмець аналізаваць, рабіць высновы, выкарыстоўваючы не толькі тэкставыя крыніцы, але і статыстыку, карты і ілюстрацыі.
-> Настаўнік павінен памятаць аб падтрыманні тэмпу ўрока, не затрымліваючыся доўга на кожнай стадыі.

Ключавое пытанне

У чым заключалася адрозненне паміж прапагандай і рэальным жыццём маладых людзей, гвалтоўна звезеных на працу ў Германію?

Мэта

Паказаць цяжкасці, якія суправаджалі жыццё людзей, гвалтоўна сагнаных на працу далёка ад дома. Паказаць па якіх прычынах людзі станавіліся прымусовымі работнікамі.

Задачы

-> Аналіз крыніц
-> Інтэрпрэтацыі сучаснага фільма

Методыка

Праца ў групах, мазгавы штурм, дэбаты/дыскусія.

Абсталяванне

Праектар, кампутар, стыкеры, раздатачны матэрыял з пытаннямі для працы ў групах.

План урока і таймінг

Частка 1 Частка 2 Частка 3 Частка 4
Уводзіны / інфармацыя па тэме Групавая праца з крыніцамі Падагульненне ўрока Самастойная рэфлексія/ апцыянальнае хатняе заданне
5 хвілін 30 хвілін 5 хвілін 5 хвілін

Частка 1. Увядзенне/ Паведамленне інфармацыі па тэме

5 хвілін

У пачатку ўрока даецца кароткае заданне, мэта якога – павысіць упэўненасць вучняў у сваіх сілах.

Настаўнік паказвае на загадзя напісаную на дошцы назву тэмы: «Гвалтоўны ўгон моладзі на працу ў Германію падчас Другой сусветнай вайны» і задае вучням пытанне: «Пра якіх людзей пойдзе гаворка на ўроку?» Мэта гэтага задання – падкрэсліць, што гаворка пойдзе пра маладых людзей, іх аднагодкаў, якія гвалтоўна аказаліся ўцягнутымі ў вайну.

Настаўнік пытаецца: «Што вы ведаеце пра прымусовую працу? Пры якіх абставінах людзі маглі быць прымушаныя да працы падчас Другой сусветнай вайны?» Вучні ўздымаюць руку, калі жадаюць адказаць на гэтыя пытанні.

Каментар настаўніка:

Прымусовая праца – гэта праца пад страхам патэнцыйна жорсткага пакарання. У Цэнтры дакументацыі нацысцкай прымусовай працы ў Шоневайдзе ёсць дадзеныя аб тым, што сама меней 26 мільёнаў чалавек з акупаваных краін былі прыцягнуты прапагандай або гвалтоўна сагнаны на працу ў Германію.

Частка 2. Групавая праца з крыніцамі

30 хвілін

Каментарый настаўніка ўсяму класу:

Падчас вайны гітлераўскай Германіі не хапала рабочай сілы. Мільёны немцаў былі мабілізаваны вермахтам, і краіна востра мела патрэбу ў працоўных руках. Нацысты вырашылі гэтую праблему за кошт выкарыстання рабскай і прымусовай працы. Насельніцтва акупаваных краін Еўропы стала для яе бясплатнай працоўнай сілай. У зоне акупацыі шырока распаўсюджвалася прапаганда, якая сцвярджала, што праца на акупантаў можа палепшыць жыццё людзей.

Настаўнік пытаецца вучняў: «Як вы думаеце, якія пытанні маглі задаваць сабе маладыя людзі, якія з’яжджалі ў Германію?» Пасля кароткай дыскусіі па гэтым пытанні настаўнік дзеліць клас на тры групы. Група 1 атрымае самае простае заданне, а Група 3 – самае складанае.

I: Праца з крыніцамі ў групах

Усе групы працуюць з адным і тым жа наборам з трох здымкаў. Настаўнік паведамляе вучням, што гэтыя фатаграфіі былі зроблены ў прапагандысцкіх мэтах.

Пытанні:

  • Што вы бачыце на гэтых здымках?
  • Што агульнага паміж гэтымі фатаграфіямі?
  • Як вы думаеце, навошта былі зроблены гэтыя фатаграфіі?
  • Ці мог нехта паверыць у іх праўдзівасць?

Нямецкія прапагандысцкія здымкі, якія дакументуюць адпраўку остарбайтэраў у Германію

Фота: аўтар невядомы. Публічная ўласнасць, не абароненая аўтарскім правам: Заходні інстытут у Познані, Архіў Другой сусветнай вайны,, I.Z. Dok. IV-52.

Групы абмяркоўваюць прапанаваныя пытанні і потым вусна паведамляюць аб сваіх высновах. Настаўнік просіць вучняў уважліва слухаць адказы іншых і па магчымасці не паўтараць тое, што ўжо было сказана.

Каментарый настаўніка для ўсяго класа:

Маладыя людзі вырашалі ехаць на працу ў Нямеччыну пад уплывам розных абставін. Некаторыя былі напалоханыя акупацыйнымі ўладамі, іншыя проста паверылі прапагандзе, а трэція вырашылі рызыкнуць. Многія былі вывезены ў Германію гвалтоўна. У першыя паўтара гады грамадзянскіх асобаў везлі сістэматычна, тады як у 1943-1944 гг. людзей лавілі падчас масавых карных аперацый, асабліва ў зонах, дзе дзейнічалі партызаны.

II: Групавая праца з картамі

Усе тры групы працуюць з картай. Ім даецца аднолькавая колькасць часу, але розныя пытанні. Пытанні для групы 1 – самыя простыя, а пытанні для групы 3 – найбольш складаныя.

Карта, якая адлюстроўвае крыніцы паступлення рабочай сілы ў Германію падчас Другой сусветнай вайны.

Аўтар: невядомы. Публічная ўласнасць, не абароненая аўтарскім правам: Zwangsarbeit-Archiv / Freie Universität Berlin.

Група 1
Назавіце краіны і колькасць асоб, дэпартаваных у Германію для прымусовай працы (гл. Дадатак II: Гласарый)

Група 2
Параўнайце напрамкі перамяшчэнняў (з поўначы, поўдня, захаду, усходу) і зрабіце высновы.

Група 3
Адказаў на якія пытанні няма на гэтай карце?

Пасля абмеркавання ў групе вучні вусна паведамляюць класу пра свае высновы.

Каментарый настаўніка для ўсяго класа (апцыянальна, калі дазваляе час):

Генеральны план «Ост» (гл. Дадатак II: Гласарый), распрацаваны нацысцкай Германіяй перад нападам на Савецкі Саюз, быў пачварны па сваёй бесчалавечнасці. Гэты дакумент прадпісваў знішчэнне цэлых груп насельніцтва. У ім вызначаліся юрыдычныя, эканамічныя і тэрытарыяльныя асновы для трансфармацыі Ўсходняй Еўропы. Нацысты планавалі перамясціць каля 31 мільёна чалавек з тэрыторыі Польшчы і заходняй часткі Савецкага Саюза (Заходняй Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі) за 30 год. Яны таксама планавалі каланізаваць і вызваліць “жыццёвую прастору” для немцаў на Усходзе, выкарыстоўваючы бесчалавечныя спосабы для скарачэння колькасці мясцовых жыхароў. Цэлыя нацыянальныя групы былі дэпартаваны або былі вымушаны перасяліцца далёка ад родных мясцін.

Жыхары ўсходняй Еўропы, якіх гвалтоўна зганялі на працу ў Германію, былі вядомыя як остарбайтэры. Асноўнай мэтавай групай была моладзь ва ўзросце каля 16 год. Людзей старэйшага ўзросту забіралі ў меншай колькасці і часта адпраўлялі ў канцлагеры для знішчэння пасля таго, як яны былі аслаблены і зламаны непасільнай працай. 30% остарбайтэраў былі ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў. Да лістапада 1943 г. узроставы ліміт для набору ў остарбайтэры быў зніжаны да 10 гадоў.

Гл. Праект «Борген», 10 Facts about Nazi’s Germany Generalplan Ost, https://bit.ly/3z0OwCx (англ.) і часопіс «Звезда», Остарбайтеры, https://bit.ly/3qvRACI (рус.), дата апошняга звароту: 27.12.21

III: Групавая праца з урыўкам з фільма

Настаўнік паказвае ўрывак з фільма пра Валяр’яна Урубеля, 16-гадовага польскага юнака, які працаваў на ферме каля Брэмена ў Германіі (яго біяграфію гл. Дадатак II: Гласарый). Групы адказваюць на пытанні па фільме.

«Туга па хаце Валяр’яна Урубеля» (1991), рэж. Рольф Шубель

Пытанні да групаў па фільме:

Група 1

  1. Што адбываецца ў гэтым урыўку?
  2. Дзе адбываецца дзеянне?

Група 2

  1. Апішыце персанажаў фільма.
  2. У якім эмацыйным стане знаходзіцца Валяр’ян? Апішыце яго паводзіны і дапусціце, пра што ён думае.

Група 3

  1. Звярніце ўвагу на адзенне галоўнага героя, сімвалы на адзенні, унутраны стан памяшканняў, размяшчэнне прадметаў у доме. На аснове гэтага зрабіце выснову аб сацыяльным статусе Валяр’яна Урубеля. Адмысловую ўвагу звярніце на эмоцыі людзей у фільме.
  2. Як вы думаеце, чаму аўтары вырашылі зняць фільм пра Валяр’яна?

Вучні глядзяць урывак, абмяркоўваюць пытанні ў групах і паведамляюць аб сваіх высновах класу.

IV: Групавая праца з першаснай крыніцай

(Апцыянальна, калі дазваляе час. Гэта заданне можа быць адаптавана і прапанавана ў якасці хатняга задання)

Настаўнік паказвае на экране дакумент і выдае яго пераклад усім тром групам (гл. Дадатак V). Яны павінны прачытаць дакумент. Настаўнік падкрэслівае, што гэты дакумент звязаны з хлопчыкам, аб якім зняты фільм. Некаторыя тэрміны з дакумента патрабуюць тлумачэння. У прыватнасці, нацысцкі тэрмін “Volksschaedling” (“шкоднік”), а таксама “der Gerechtigkeit freien Lauf zu lassen” (“дазволіць перамагчы справядлівасці”).

Афіцыйная копія дакумента, які фіксуе адмову на прашэнне аб памілаванні Валяр’яна Урубеля, падпісаны Роландам Фрайслерам 15 жніўня 1942 г.

Аўтар: Reichsminister der Justiz. Публічная ўласнасць, не абароненая аўтарскім правам: Wikimedia

Настаўнік задае пытанне: Якія высновы можна зрабіць з гэтага дакумента?

Частка 3. Падагульненне ўрока

5 хвілін

Настаўнік падводзіць вынік урока:

Прымусовая праца існуе і дагэтуль. Разуменне мінулага дае магчымасць нам вырашаць праблемы сучаснасці і прадухіляць іх узнікненне ў будучыні. Лёс маладых людзей, сагнаных на працу ў Германіі, быў трагічным. Яны падвяргаліся пераследам як з боку нацыстаў, так і ў сваіх уласных дзяржавах. Многія ахвяры германскага палону паведамлялі, што пасля свайго вяртання на радзіму іх зневажалі і вінавацілі ў тым, што яны абралі камфортнае жыццё ў Трэцім Рэйху падчас вайны.

Настаўнік задае пытанне: “Якія высновы мы можам зрабіць для сябе саміх з той інфармацыі, якую мы сёння атрымалі?” За гэтым ідзе кароткае абмеркаванне.

Заключэнне настаўніка:

Незалежна ад іх месца нараджэння, месца жыхарства, месца працы ці нацыянальнасці – кожнае дзіця, падлетак ці дарослы, які патрапіў у лік людзей, гвалтоўна сагнаных на працу ў Германію, павінен быць прызнаны ахвярай Другой сусветнай вайны.

Частка 4. Самастойная рэфлексія / апцыянальнае хатняе заданне

5 хвілін

Настаўнік задае пытанне: «Наколькі апраўдаліся вашыя чаканні ад гэтага ўрока? Наколькі вы задаволены вашай асабістай працай і працай групы?» Вучні рэфлексуюць наконт сваёй працы на ўроку.

Апцыянальнае заданне для хатняй працы: матываваныя або зацікаўленыя вучні могуць паглядзець відэа інтэрв’ю з прымусовымі рабочымі з розных краін і на гэтай аснове падрыхтаваць кароткі даклад «Якім было жыццё маладога прымусовага рабочага падчас Другой сусветнай вайны?

Спасылка на сайт з інтэрв’ю: www.zwangsarbeit-archiv.de/ru/index.html

Дадатак I: Праца з відэа і фатаграфіямі

Праца з відэа і фатаграфіямі

I. Метадычныя рэкамендацыі па працы з урыўкам з фільма:

Урыўкі з фільмаў – гэта рэсурс, які выклікае цікавасць гледачоў і прыцягвае іх увагу да гістарычных рэалій. Навучэнцы развіваюць свае навыкі аналізу і інтэрпрэтацыі, вучацца слухаць і задаваць пытанні. Настаўнік можа:

  1. Прыцягнуць увагу вучняў да гісторыі, да герояў, іх адзення, да галоўнага героя фільма, сімвалаў на адзенні, убрання памяшканняў, размяшчэння прадметаў у доме;
  2. Матываваць вучняў уважліва назіраць за эмоцыямі людзей у фільме і паспрабаваць ацэньваць дзеянні героя, іх станоўчыя і адмоўныя бакі;
  3. Папрасіць вучняў вызначыць перыяд, у які адбываецца дзеянне фільма;
  4. Прапанаваць вучням падумаць пра тое, наколькі падзеі, адлюстраваныя ў фільме, адпавядаюць рэчаіснасці;
  5. Прапанаваць вучням падумаць пра тое, як музыка ўплывае на іх успрыманне падзей, паказаных у фільме.

II. Метадычныя рэкамендацыі па рабоце з фатаграфіямі:

Мэта выкарыстання фатаграфічных крыніц на ўроку – навучыць студэнтаў аналізаваць выявы. Падчас працы з выявамі, рэкамендуецца прытрымлівацца наступных прынцыпаў:

  1. Пераходзіць ад простых ілюстрацый да больш складаных;
  2. Апісваць і аналізаваць прадметы і людзей на фатаграфіях;
  3. Звяртаць увагу на надпісы і знакі на фатаграфіях, на мову, на якой яны напісаны;
  4. Разважаць, хто мог зрабіць гэтыя фатаграфіі і з якой мэтай;
  5. Выдзяляць на фатаграфіі прадметы, якія прыцягваюць увагу;
  6. Разважаць аб тым, што засталося за кадрам.

III. Ключавыя пытанні для аналізу фатаграфіі:

  1. Што адлюстравана на здымку? Звярніце ўвагу на подпіс.
  2. Якія людзі паказаны на здымку? Якія адносіны паміж імі?
  3. Калі быў зроблены гэты здымак?
  4. Якой мэце можа паслужыць гэтая фатаграфія? (напрыклад, журналістыка, успаміны)?

Дадатак II: Гласарый

  1. Прымусовая праца ў Трэцім Рэйху - выкананне працы пад пагрозай якога- небудзь пакарання (магчыма, жорсткага) у нацысцкай Германіі.
  2. Дэпартаваць, дэпартаваныя, дэпартацыя - прымусовае высяленне чалавека ці групы людзей у іншую дзяржаву ці іншае месца, звычайна пад канвоем.
  3. Генеральны план “Ост” (ГПО) - шырокая праграма замацавання панавання нацысцкай Германіі ва Усходняй Еўропе; прадугледжвала прымусовае высяленне з тэрыторыі Польшчы і акупаваных абласцей СССР да 75-85 працэнтаў насельніцтва і размяшчэнне яго на Паўночным Каўказе, у Заходняй Сібіры і ў Паўднёвай Амерыцы.

    Гэты план каланізацыі і германізацыі ўсходніх тэрыторый распрацоўваўся на аснове расавай дактрыны і канцэпцыі «жыццёвай прасторы» пад эгідай рэйхсфюрэра СС Генрыха Гімлера, які ў якасці рэйхскамісара па пытаннях кансалідацыі германскага народа (ням. Reichskommissar für die Festigung deutschen Volkstums, RKFDV) з восені 1939 году займаўся таксама пытаннямі высялення, засялення і перасялення на Усходзе. План быў разлічаны на 30 год. Да яго рэалізацыі меркавалася прыступіць пасля перамогі рэйха ў вайне супраць СССР. Але ўжо ў 1943 годзе яго распрацоўка была канчаткова спынена.

    Крыніца: Вікіпедыя, Генеральны план Ост, https://bit.ly/3ExB6zd, дата апошняга звароту: 27.12.21

  4. Валяр’ян Врубель (у нацысцкіх дакументах – Walerjan Wrobel); нарадзіўся 2 красавіка 1925 г. у Фалкуве, пакараны смерцю 25 жніўня 1942 г. у Гамбургу) – польскі остарбайтэр, пакараны смерцю нацыстамі ва ўзросце 17 гадоў. Ён быў старэйшым з траіх дзяцей і вырас на ферме ў Фалкуве, Польшча (сёння гэта Свентакшыскае ваяводства). Неўзабаве пасля свайго 16-годдзя ў красавіку 1941 г. хлопчык быў арыштаваны нямецкімі акупантамі і адпраўлены ў Брэмен на прымусовыя працы ў якасці “сельскагаспадарчага работніка”.

    19 красавіка яго адправілі на ферму ў вёсцы Лесум. Спадзяючыся, што ў пакаранне за правіну яго аправяць дадому, 29 красавіка Валяр’ян падпаліў стог сена ў хляве. Агонь хутка заўважылі і патушылі без усялякай шкоды. Нягледзячы на гэта, пра інцыдэнт паведамілі ў паліцыю. 2 траўня, пасля допыту, Валяр’яна арыштавала гестапа. 28 чэрвеня яго адправілі ў канцлагер Ноенгамэ, дзе на працягу наступных дзевяці месяцаў ён працаваў у так званай «Kommando Elbe» — брыгадзе зняволеных, якія будавалі 600-метровы канал паміж лагерам і ніжняй Эльбай (прыток Эльбы). Зняволеныя працавалі па 12 гадзін у дзень цяжкіх умовах, часам па пояс у гразі. Многія не вынеслі такіх умоў і памерлі. Там Валяр’ян пасябраваў з Міхалам Піятроўскім, маладым чалавекам на два гады старэйшым. Пасля вайны Міхал успамінаў: «Валерэк быў вельмі малады, вельмі наіўны і зусім неспрактыкаваны. Настолькі наіўны, што калі яму казалі, што вось гэта і гэта праўда, ці што ў канцэнтрацыйным лагеры ёсць вось гэта і вось тое, - ён адразу ж верыў гэтаму. Ён усяму верыў. Такім, як ён, было цяжка ў канцлагеры, вельмі цяжка. Там трэба было быць жорсткім, а не наіўным, але Валерэк заўсёды быў наіўным, вельмі наіўным. Ён заўсёды казаў аб сваіх бацьках, аб сваёй сястры, аб школе».

    Крыніца: Вікіпедыя, Walerian Wróbel, https://bit.ly/3qrdveu, дата апошняга звароту: 27.12.21

Дадатак III: Матэрыял для студэнтаў 1

Дадатак IV: Матэрыял для студэнтаў 2

Пераклад на беларускую мову (па гадзіннікавай стрэлцы):

Балтыйцы, Савецкія грамадзяне, Палякі, Чэхі, Славакі, Венгры, Сербы, Харваты, Італьянцы, Французы, Бельгійцы, Галандцы, Датчане.

Дадатак V: Матэрыял для студэнтаў 3

Пераклад на беларускую мову:

Сертыфікаваная стэнаграма
У справе супраць шкодніка, прыгаворанага да смерці за падпал Асаблівым судом Брэмена 8 ліпеня 1942 г.
Валяр’ян Урубель
З дазволу Фюрэра, я вырашыў не выкарыстоўваць права памілавання, а дазволіць перамагчы справядлівасці.
Берлін, 15 жніўня 1942 г. Рэйх-міністр юстыцыі. Падпісана ад імя Д-ра Фрайслера.

This website uses different cookies. We use cookies to personalize content, provide social media features, and analyze traffic to our website. Some cookies are placed by third parties that appear on our pages. You can find more information and options to choose from in our Privacy Policy and Configurations for usage.

Прыняць Адмовіць