План урока

Дар'я Касякова Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Мінск, Беларусь

13-16 гадоў

45 minutes

Мэта

Садзейнічаць вывучэнню культуры памяці пра падзеі Другой сусветнай вайны ў Беларусі, Германіі, Расіі і Польшчы.

Задачы

-> Вызначыць значэнне паняццяў «памяць», «культура памяці», «мемарыялізацыя», «камемарацыя»;

-> Прааналізаваць прадстаўленне памяці пра вайну ў розных краінах праз аналіз падручнікаў;

-> Садзейнічаць фармаванню разумення важнасці агульнаеўрапейскай памяці (маюцца на ўвазе актыўныя спосабы памяці), што дазволіць сумесна вырашаць праблемы сучаснасці на аснове вывучэння агульнаеўрапейскага мінулага.

Формы працы

Iндывідуальная, парная, групавая, франтальная.

Метады працы

Гутарка, міні-лекцыя, «ІНСЭРТ», кейс-метад, праблемна-арыентаваны метад, мульсэнсaрны аналіз, дыскусія.

Абсталяванне

Праектар, фліпчарт з паперай, маркеры, гаджэты з выхадам у інтэрнэт (пры неабходнасці прыносяць самі ўдзельнікі), раздатачны матэрыял.

Папярэдняя падрыхтоўка

Паўтарэнне тэмы «Другая сусветная вайна» ў падручніку па гісторыі.
Матэрыялы для выкарыстання ў залежнасці ад здольнасцей навучэнцаў і фактару часу:

  • шрыфт чорнага колеру – абавязковае выкарыстанне матэрыялу пры правядзенні ўрока;
  • Дадатковы матэрыял – магчымае выкарыстанне матэрыялу пры ўмове наяўнасці часу і досыць высокай актыўнасці вучняў..

Таймлайн урока

Этап I
Актуалізацыя ведаў і вызначэнне мэт

Праблематыка / тэма Метады вывучэння Формы работы Працягласць
Што такое памяць? Гутарка Франтальная 5 хвілін
Культура памяці Міні-лекцыя Франтальная 5 хвілін

Этап II   Асноўны этап
Вывучэнне матэрыялу

Праблематыка / тэма Метады вывучэння Формы работы Працягласць
Аналіз зместу школьных падручнікаў праз выставу «Розныя войны» «ІНСЭРТ» Парная 10 хвілін
Мемарыялізацыя як спосаб адлюстравання культуры памяці Кейс-метад Групавая 10 хвілін
Агульнаеўрапейская памяць Праблемна-арыентаваны метад, мультысэнсaрны аналіз Групавая, франтальная 10 хвілін

Этап III
Замацаванне і рэфлексія

Праблематыка / тэма Метады вывучэння Формы работы Працягласць
Што адбываецца з памяццю з цягам часу? Дыскусія Індывідуальная 5 хвілін

Этап I. Актуалізацыя ведаў і вызначэнне мэт

Што такое памяць?

5 хвілін

Настаўнік прапануе навучэнцам разгледзець наступныя пытанні:

  • Што такое памяць?
  • Як яна ствараецца і фармуецца?
  • Навошта нам патрэбная памяць?
  • Наколькі памяць выбіральная і хто робіць гэты выбар?
  • Ці можна «перадаць» памяць ад аднаго чалавека / пакалення / супольнасці іншаму?
  • Ці можна пра адно і тое ж памятаць па-рознаму?

Чаканы вынік: навучэнцы прыходзяць да высновы аб тым, што памяць – гэта не проста ўспаміны; памяць – гэта пэўны канструкт, які фармуецца пад уздзеяннем мноства фактараў і грае важную ролю ў нашым успрыманні не толькі мінулага (таго, што адбылося даўно ці адносна нядаўна), але і сучаснасці.

Культура памяці

5 хвілін

Настаўнік праводзіць міні-лекцыю на тэму «Гістарычная памяць і культура памяці», галоўная мэта якой – знаёмства навучэнцаў з ключавымі паняццямі, якія дазваляюць правесці аналіз культуры памяці ў розных краінах. Зыходзячы са зместу міні-лекцыі, навучэнцы ствараюць на фліпчарце дыяграму, адзначаюць паказчыкі для аналізу культуры памяці ў той ці іншай краіне. Такія паказчыкі могуць уключаць помнікі і мемарыяльныя мясціны, школьныя падручнікі па гісторыі і навуковыя публікацыі, памятныя дні і даты, камемаратыўныя мерапрыемствы, грамадскія дыскусіі і інш.

Схема «Паказчыкі культуры памяці»

Этап II. Асноўны этап: вывучэнне матэрыялу

Аналіз зместу школьных падручнікаў праз выставу «Розныя войны»

10 хвілін

Навучэнцы:
-> Знаёмяцца з матэрыяламі выставы «Розныя войны» (постары на тэму «Памяць»);
-> Запаўняюць параўнальную табліцу і пазначаюць інфармацыю адмысловымі знакамі, выкарыстоўваючы метад «ІНСЭРТ»:

V   «Я гэта ведаю»;
+   «Гэта новая інфармацыя для мяне»;
–   «Я думаў(ла) па-іншаму; гэта супярэчыць таму, што я ведаў(ла)»;
?   «Гэта мне незразумела; мне патрэбныя тлумачэнні, удакладненні настаўніка».

Параметры Беларусь Расія Польшча Германія
Пра каго памятаюць і што памятаюць? (Прыклады.)        
Як памятаюць і для чаго? Ці ёсць крытычнае асэнсаванне людзьмі?        
Якія падзеі розных нацыянальных гісторый паўплывалі на культуру памяці ў 1945—2020 гг.?        
Якія этапы фармавання культуры памяці?        
Як такая культура памяці ўплывае на светапогляд і фармаванне сістэмы каштоўнасцей у моладзі?        
Выснова:
 

Мемарыялізацыі як форма адлюстравання культуры памяці

10 хвілін

Паказ фатаграфій помнікаў з чатырох краін:

  • помнік нямецкім салдатам, загінулым падчас абедзвюх сусветных войнаў у Лімбургу, Германія;
  • помнік «Героям бітвы пад Масквой» на Перамілаўскай вышыні ў Яхраме, Расія;
  • манумент «Мужнасць» у Брэсце, Беларусь;
  • помнік ахвярам Катыні, Уроцлаў, Польшча.

Задача навучэнцаў – вызначыць:

  • што адлюстравана і якім падзеям прысвечаны помнік;
  • у якой краіне ўсталяваны помнік;
  • пасыл помніка (які сэнс укладвалі аўтары помніка / якое паведамленне атрымлівае чалавек, гледзячы на яго);
  • што паўплывала на выбар месца для ўстаноўкі помніка;
  • якую памяць пра вайну транслюе помнік / краіна і што гэта кажа нам пра грамадства гэтай краіны?

Помнік нямецкім салдатам, якія загінулі падчас абедзвюх сусветных войнаў. Лімбург, Германія

Крыніца фатаграфіі: Карстэн Рацке (Karsten Ratzke), CCO 1.0. Публічная ўласнасць, не абароненая аўтарскім правам: Wikimedia

Помнік «Героям бітвы пад Масквой» на Перамілаўскай вышыні ў Яхраме, Расія

Крыніца фатаграфіі: Wilberus, CC BY-SA 3.0. Публічная ўласнасць, не абароненая аўтарскім правам: Wikimedia

Манумент «Мужнасць» у Брэсце, Беларусь

Крыніца фатаграфіі: Ян Шкудліньскі (Jan Szkudliński)

Помнік ахвярам Катыні, Уроцлаў, Польшча

Крыніца фатаграфіі: Bonio, CC BY-SA 3.0. Публічная ўласнасць, не абароненая аўтарскім правам: Wikimedia

Агульнаеўрапейская памяць

10 хвілін

Навучэнцаў дзеляць на тры групы, кожная з якіх атрымлівае для вывучэння адну з трох фатаграфій помнікаў (заўвага: навучэнцам не паведамляюць назвы гарадоў, у якіх устаноўлены помнікі).

Мінск, Беларусь

Крыніца фатаграфіі: Дар’я Касякова (Darya Kasyakova)

Берлін, Германія

Крыніца фатаграфіі: Ахім Рашке (Achim Raschke). Публічная ўласнасць, не абароненая аўтарскім правам: Wikipedia

Кракаў, Польшча

Крыніца фатаграфіі: Ян Шкудліньскі (Jan Szkudliński)

Задача навучэнцаў:

Правесці мультысэнсaрны аналіз помнікаў, скончыўшы сказы:

«На фотаздымку я бачу... » – Што я пытаюся ў сябе, калі гляджу на здымак? (Прадметы хатняга інтэр’еру, разбіты стол, крэсла, якое ўпала, мноства пустых крэслаў на плошчы, рэчы без людзей. Чаму гэтыя рэчы разламаныя або размешчаны на плошчы на вялікай адлегласці адна ад адной?)

«Я адчуваю пах...» (Хатняй ежы або, наадварот, пылу.)

«Я чую...» (Абсалютную цішыню, таму што ў доме, дзе знаходзіліся гэтыя рэчы, больш нікога няма. Ці, магчыма, стрэлы, тупат ботаў, гучныя загады мужчын, крыкі жанчын, дзіцячы плач, грукат мэблі – усё, што адбылося тут, пасля чаго дом і сямейны асяродак апусцелі.)

«Я адчуваю...» (З аднаго боку, небяспеку, страх, бяду, чалавечыя пакуты, надзею на выратаванне. Я перажываю з-за таго, што тут адбылося або павінна адбыцца. З іншага боку, ведаючы, што ўжо адбылося, я адчуваю боль людзей, выгнаных з хаты і скіраваных на смерць. Я адчуваю смутак па нявінна загінулых і адчуваю горыч ад таго, што сем’і былі падзеленыя, а людзі страцілі сваіх родных і блізкіх.)

«Я баюся, што...» (Падзеі могуць паўтарыцца, такая трагедыя можа адбыцца з любой сям’ёй і інш.)

«Я спадзяюся, што...» (Хаця б хто-небудзь з членаў сям’і, пацярпелай падчас вайны, выжыў і змог вярнуцца. Памяць аб загінулых людзях захоўваецца ў іх сям’і / горадзе, людзі не былі проста забітыя і забытыя. Халакост і іншыя злачынствы супраць чалавечнасці Другой сусветнай вайны ніколі не паўторацца.)

Абмеркаванне

Прадставіўшы вынікі працы ў групах усяму класу, навучэнцы павінны выканаць наступныя заданні ў фармаце сумеснага абмеркавання:

  • вызначыць асноўную ідэю, агульную для ўсіх трох помнікаў;
  • паразважаць, чаму скульптары розных краін звяртаюцца ў сваёй творчасці да выявы разбуранага, пакінутага дома, дзе ёсць рэчы, але няма людзей;
  • даведацца (напрыклад, пры дапамозе google.image), у якіх гарадах Еўропы ўстаноўлены прадстаўленыя помнікі і як яны аб’ядноўваюць еўрапейцаў у захаванні памяці пра Халакост.

Пасля завяршэння працы настаўнік прапануе навучэнцам успомніць / даведацца / прапанаваць месцы памяці ў Еўропе, якія маглі б быць месцамі агульнаеўрапейскай памяці пра падзеі Другой сусветнай вайны, дзе прадстаўнікі розных краін маглі б сустракацца і весці дыялог для вырашэння праблем сучаснасці, захоўваючы памяць аб мінулым.

У якасці дадатковага або хатняга задання: прапануйце прыдумаць праект таго, як мог бы выглядаць агульнаеўрапейскі помнік, прысвечаны захаванню памяці пра Другую сусветную вайну. Каму б ён быў прысвечаны? Як ён можа выглядаць? (Вуснае апісанне або малюнак навучэнцаў.) З якіх матэрыялаў зроблены? Дзе ён можа быць усталяваны? Калі прадстаўнікі розных краін маглі б збірацца там? З якой мэтай праходзілі б гэтыя сустрэчы? Якія надпісы, звернутыя да відавочцаў вайны і цяперашніх пакаленняў, вы б размясцілі на ім? На якой мове былі б выкананыя гэтыя надпісы?

Этап III. Замацаванне і рэфлексія

5 хвілін

Навучэнцы вяртаюцца да дыяграмы, пабудаванай імі ў пачатку ўрока, і дапаўняюць яе з улікам інфармацыі, атрыманай у ходзе занятку, і ўласных разважанняў.

Для рэфлексіі настаўнік прапануе навучэнцам выбудаваць «цытаты памяці» адной сям’і ў правільнай паслядоўнасці і прааналізаваць, што адбываецца з памяццю грамадства з цягам часу.

  1. Мой дзядуля ўсю вайну пражыў у сваім родным горадзе на захадзе краіны.
  2. У той панядзелак а 10 гадзіне раніцы я ўбачыў з акна свайго пакоя, як на дом No15 па нашай вуліцы ўпала бомба.
  3. Мой прадзед жыў у час вайны.
  4. Мой бацька быў 9-гадовым дзіцем, калі горад, у якім ён жыў, пацярпеў ад бамбардзіроўкі.

У якой краіне жыла / магла жыць гэтая сям’я?

Чаканы вынік

Навучэнцы разумеюць, што гэтыя цытаты ўяўляюць сабой словы прадстаўнікоў розных пакаленняў адной і той жа сям’і: 2 – відавочца ваенных падзей, сведка Другой сусветнай вайны (першае пакаленне); 4 – сын / дачка сведкі падзей (другое пакаленне); 1 – унук / унучка сведкі падзей (трэцяе пакаленне); 3 – праўнук / праўнучка сведкі падзей (чацвёртае пакаленне).

Па сутнасці, гэтая сям’я магла жыць у любой краіне Еўропы: гарады Польшчы і СССР на першых этапах вайны, а таксама нямецкія гарады на заключным этапе вайны пацярпелі ад моцных бамбардзіровак, у выніку якіх людзі страцілі жыллё, а сем’і – блізкіх. Такім чынам, навучэнцы разумеюць: памяць пра вайну ва ўсіх людзей – агульная, нягледзячы на тое, што кожная краіна мае ўласную гісторыю вайны са сваімі ўдзельнікамі, паваротнымі датамі, важнымі падзеямі. Пасля размяшчэння «цытат памяці» ў дакладнай храналагічнай паслядоўнасці становіцца відавочна, што чым далей ад чалавека апісаныя падзеі, тым менш ён / яна пра іх ведае / памятае, а гэта з часам можа прывесці да поўнай страты памяці як у сям’і, так і ў сусветнай супольнасці ў цэлым. Агульнаеўрапейская памяць пра падзеі Другой сусветнай вайны – платформа для міжнароднага дыялогу і мірнага ўрэгулявання канфліктаў у сучасным свеце, а «забыванне» (забыццё) або страта такой памяці можа прывесці ў будучыні да паўтарэння гуманітарных катастроф у выніку вайны.

Падвядзенне вынікаў урока

Навучэнцы прымацоўваюць свае стыкеры побач з раўнаннем «Захаванне памяці ў сучаснасці = Непаўтарэнне мінулага (“Ніколі больш”)»: згодны – стыкер белага колеру, не згодны – стыкер сіняга колеру. Пажадана, каб навучэнцы зрабілі надпісы на стыкерах пра тое, што яны вынеслі для сябе з урока.

Неабходныя матэрыялы. ВУЧНІ

Выстава «Розныя войны»

Мемарыялізацыя як спосаб адлюстравання культуры памяці

Фотаздымкі помнікаў з чатырох краін

Агульнаеўрапейская памяць

Помнікі

This website uses different cookies. We use cookies to personalize content, provide social media features, and analyze traffic to our website. Some cookies are placed by third parties that appear on our pages. You can find more information and options to choose from in our Privacy Policy and Configurations for usage.

Прыняць Адмовіць