1 верасня 1939 года

Беатрыс Петцальд Brücke/Most-Stiftung, Дрэздэн, Германія

16-19 гадоў

90 minutes

Агульная інфармацыя

Агульная інфармацыя пра пачатак Другой сусветнай вайны 1 верасня 1939 года

Верасень быў месяцам, у якім пераважала вайна, распачатая Германіяй: у 4:45 раніцы 1 верасня нямецкі ваенны карабель «Шлезвіг-Гальштэйн» адкрыў агонь па Вестэрплатэ1, Гданьск, а ў 5:45 раніцы пачалася вайна, якой так баяліся многія, пасля “нападу” на станцыю у Глівіцэ2, зымітаванага немцамі. А 10-й раніцы Адольф Гітлер у сваёй прамове ў Рэйхстагу3, якая транслявалася па радыё на ўвесь Германскі рэйх4, апраўдаў уварванне ў Польшчу, якое было пачатае без абвяшчэння вайны. У сваёй прамове ён пазбягаў выкарыстання слова «вайна»; імкнуцца не ўжываць гэтае слова павінна была і нямецкая прэса.

Раніцай 3 верасня, пасля двух дзён роздумаў і сумневаў, Вялікабрытанія (а неўзабаве за ёй і Францыя) абвясціла вайну Германскай імперыі, пасля чаго Германія пачала баявыя дзеянні на моры супраць Брытанскай імперыі.

Пасля таго як савецкія войскі акупавалі ўсходнюю частку Польшчы 17 верасня згодна з дадатковым пратаколам да Пакта (дагавора) аб ненападзенні5, заключанага ў жніўні, нямецкія і савецкія войскі ўпершыню сустрэліся на наступны дзень у раёне Брэста6. З гэтай нагоды абодва бакі зрабілі сумесную заяву пра адсутнасць паміж імі канфлікту інтарэсаў у Польшчы. 22 верасня нямецкія войскі адышлі да ўзгодненай лініі.

Напярэдадні Рэйнхард Гейдрых7, як начальнік паліцыі бяспекі і службы бяспекі СС8 абазначыў у агульных рысах палітыку, якой павінны былі прытрымлівацца нямецкія акупацыйныя сілы ў Польшчы: ліквідацыя інтэлігенцыі, гетаізацыя яўрэяў і перасяленне польскага насельніцтва ў генерал-губернатарства (General- gouvernement)9, у якое былі ўключаны часткі польскай тэрыторыі, што засталіся пасля падзелу, сталіцай стаў Кракаў.

Згодна з вярхоўным камандаваннем вермахта10, «польская кампанія» была завершаная да 23 верасня, што, аднак, не перашкодзіла ваенна-паветраным сілам Германіі масіравана бамбаваць Варшаву праз два дні – неапраўданая атака, якая забрала больш за 10 000 жыццяў. 27 верасня сталіца капітулявала, і 140 000 польскіх жаўнераў патрапілі ў палон да немцаў.

Пачатак вайны, безумоўна, унёс сур’ёзныя змены ў паўсядзённае жыццё людзей на тэрыторыі рэйха, якая з таго часу разглядалася як «унутраны, хатні фронт»11. Яшчэ 1 верасня быў аддадзены загад аб поўным зацямненні і перахопе паведамленняў і перадач «варожых перадатчыкаў». Распаўсюджванне навін, пачутых па «варожых перадатчыках», сувора каралася. Змена месца працы без афіцыйнага дазволу была цалкам забароненая. 3 верасня быў апублікаваны дэкрэт «Прынцыпы ўнутранай бяспекі ў перыяд вайны», у якім Рэйнхард Гейдрых як начальнік паліцыі бяспекі і службы бяспекі СС адкрыта пагражаў выступіць без усякага жалю супраць любога, хто публічна ставіць пад сумнеў перамогу Германіі.

Затым былі прынятыя радыкальныя меры: 4 верасня дэкрэтам Савета міністраў абароны рэйха была павялічаная колькасць членаў для «Службы працы рэйха» («Імперскай службы»)12 (для маладых жанчын ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў) да 100 000. У той жа дзень Савет выдаў указ аб «эканоміцы ваеннага часу», якім быў павялічаны падатак на прыбытак, а таксама дадатковыя пошліны на тытунь, піва і іншыя алкагольныя напоі. Адначасова былі ўведзеныя «ваенныя зарплаты», што таксама значыла адмену надбавак за працу ў нядзелю, у святы і ў начны час. Дэкрэтам Савета міністраў супраць “шкоднікаў”, які ўступаў у сілу з 5 верасня, быў прадугледжаны смяротны прысуд за рабаванне ў расчышчаных зонах і за злачынствы падчас паветранай трывогі.

Загадам міністра транспарту рэйха ад 6 верасня забаранялася выкарыстанне асабістых аўтамабіляў з 20 верасня. Выключэнні дазваляліся толькі ў выпадках, калі такое выкарыстанне было ў інтарэсах грамадства. 25 верасня ў Рэйху ўступіў у сілу ўказ ад 7 верасня аб прадуктах харчавання і далікатэсах. Пачынаючы з гэтай даты, хлеб, малако, мяса, тлушчы, мармелад і цукар, якія часткова знаходзіліся ў вольным доступе, падлягалі продажу толькі па прадуктовых картках. Такія ж абмежаванні дзейнічалі ў дачыненні да мыла і пральных парашкоў. Цэльнае малако было даступнае толькі для дзяцей, цяжарных жанчын і тых, хто займаўся самымі цяжкімі відамі працы. Такім групам насельніцтва выдавалі спецыяльныя карткі.

Тым не менш былі і некаторыя нязначныя паслабленні. Напрыклад, забарона на танцы ў публічных месцах, уведзеная 4 верасня, была адмененая ў канцы месяца. І 9 верасня Герман Герынг13 паспрабаваў падняць баявы дух, калі ў сваёй прамове, адрасаванай рабочым кампаніі Rheinmetall-Borsig-Werke14 у раёне Берлін-Цігель і перададзенай усімі радыёстанцыямі Германіі, заявіў, што Германскі рэйх – самая добра экіпіраваная дзяржава ў свеце.

Пачатак вайны быў спалучаны для адной часткі насельніцтва з развіццём у вышэйшай ступені небяспечнага і практычна безнадзейнага сцэнарыя: пастановамі паліцыі для яўрэяў Германскага рэйха была ўведзеная каменданцкая гадзіна з самага пачатку вайны, а з 20 верасня ім забаранялася мець радыёпрыймачы. Але перш за ўсё вайна пазбавіла яўрэяў апошніх шанцаў на эміграцыю.

Па загадзе [...] міністра адукацыі [...], вучні старэйшых класаў (Primaner)15, прызваныя ў вермахт, 8 верасня атрымалі так званыя «атэстаты сталасці» (Reifevermerk)16. Такую кваліфікацыю прысвойвалі і вучням сярэдніх школ, калі яны прымалі актыўны ўдзел у дапаможнай ваеннай службе17 да красавіка 1940 года.

На падставе ўказа Савета міністраў абароны рэйха ад 22 верасня, нямецкія вучні ва ўзросце 16 гадоў і болей павінны былі аказваць дапамогу ва ўборцы ўраджаю падчас канікул.

767 слоў
крыніца: верасень 1939 г.,
https://jugend1918-1945.de/portal/Jugend/info.aspx?bereich=projekt&root=10382&id=22583&redir=
дата апошняга наведвання: 11.01.2021 г.

Гласарый тэрмінаў

1 Вестэрплатэ - паўвостраў на тэрыторыі Вольнага горада Данцыга, дзе ў перыяд з 1924 па 1939 гг. размяшчаўся ўмацаваны польскі склад боепрыпасаў. Вольны горад Данцыг (цяпер Гданьск, Польшча) быў горадам, размешчаным на паўночным захадзе Польшчы, у Памераніі (Памор’е). З 1920 па 1939 гг. горад знаходзіўся пад абаронай Лігі Нацый і меў статус часткова суверэннага, незалежнага вольнага горада з правамі польскага порта.

2 Станцыя ў Глівіцэ – радыёстанцыя ў Глівіцэ-Шабішовіцэ (раней Глайвіц- Петэрсдорф) у польскай Сілезіі.

3 Згодна з Веймарскай канстытуцыяй рэйха, рэйхстаг быў парламентам з 1919 па 1933 гг. і, адпаведна, адным з вышэйшых органаў Германскага рэйха. Яго пасяджэнні праходзілі ў берлінскім Рэйхстагу («будынку імперскага сходу»).

4 Германскі рэйх (Германская імперыя) – назва нямецкай дзяржавы ў 1871—1945 гадах. Пасля аншлюсу (далучэння) Аўстрыі (уключэння Аўстрыі ў склад нацысцкай Германіі) у сакавіку 1938 года ў афіцыйнае ўжыванне увайшоў тэрмін Großdeutsches Reich (Вялікагерманскі рэйх), які выкарыстоўваўся ў прапагандзе.

5 У сакрэтным дадатковым пратаколе да Дагавора аб ненападзенні (Пакта Гітлера – Сталіна) ад жніўня 1939 г., СССР і Германскі рэйх узгаднілі размеркаванне краін паміж сабой. Фінляндыя, Эстонія, Латвія і Бесарабія былі далучаны да СССР, а Літва і паўднёва-ўсходняя Еўропа – да Германскага рэйха..

6 Брэст сёння – горад у Беларусі, а таксама асноўны пераход на мяжы з Польшчай.

7 Рэйнхард Гейдрых (1904–1942) з’яўляўся, акрамя таго, намеснікам (выконваючым абавязкі) імперскага пратэктара Багеміі і Маравіі (землі Чэхаславакіі, якія знаходзіліся пад кіраваннем Германіі ў 1939—1945 гг.). У 1941 годзе яго прызначылі адказным за «канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання», і з таго часу Р.Гейдрых быў адным з асноўных арганізатараў Халакосту.

8 СС (Schutzstaffeln, або «атрады аховы») – нацыянал-сацыялістычная арганізацыя ў гады Веймарскай рэспублікі (1918—1933) і ў перыяд нацыянал-сацыялізму (1933—1945), якая выкарыстоўвалася як інструмент улады і падаўлення Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыяй / НСДАП (нацысцкая партыя ў 1920—1945 гг.) і Адольфам Гітлерам. Пачынаючы з 1934 года ў абавязкі СС уваходзіла кіраванне канцэнтрацыйнымі лагерамі, а з 1941 года – лагерамі смерці. СС была пераважна задзейнічаная ў планаванні і правядзенні Халакосту і іншых генацыдаў.

9 Краіна была паўторна падзеленая крыху больш чым праз месяц пасля ўварвання германскага вермахта ў Польшчу 1 верасня 1939 года. Заходнія часткі былі анэксаваныя Германскім рэйхам, тады як усходнія землі Польшчы адышлі СССР. Цэнтральная Польшча, уключаючы Кракаў і Варшаву, атрымала назву генерал-губернатарства (Generalgouvernement). Нацысцкі рэжым планаваў у доўгатэрміновай перспектыве выселіць большую частку польскага насельніцтва з тэрыторыі генерал-губернатарства і засяліць гэтыя землі так званымі «этнічнымі нямецкімі земляробамі», пашыраючы такім чынам нямецкую «жыццёвую прастору».

10 Вермахт – назва аб’яднаных нямецкіх узброеных сіл у нацысцкай Германіі. Вермахт складаўся з сухапутных войскаў, ваенна-марскога флоту і ваенна-паветраных сіл. Сумесна з вярхоўным камандаваннем сухапутнымі войскамі, вярхоўным камандаваннем ваенна-марскім флотам і вярхоўным камандаваннем ваенна-паветранымі сіламі, вярхоўнае камандаванне вермахта было адной з найбольш высокапастаўленых кіраўнічых структур вермахта.

11 «Унутраны, хатні фронт» – канструкт нацысцкай прапаганды, накіраваны на абгрунтаванне і ўмацаванне заяўленай сувязі паміж салдатамі, якія змагаюцца на фронце, і тымі, хто застаўся дома, у тыле. Цягам вайны гэты тэрмін быў пашыраны і стаў уключаць усю занятасць у тыле.

12 Юнакі і дзяўчаты ва ўзросце 18-25 гадоў абавязаныя былі служыць у «Службе працы рэйха» (Reichsarbeitsdienst). У задачы «Службы працы рэйха» ўваходзіла «выхаванне нямецкай моладзі ў духу нацыянал-сацыялізму як нацыянальнай супольнасці» і «ўдзел у грамадска-карыснай працы», напрыклад у засваенні балоцістай мясцовасці або ў працах на будаўніцтве дарог. Бліжэй да заканчэння вайны асноўная ўвага надавалася ваеннай падрыхтоўцы.

13 Герман Герынг (1893—1946) – буйны палітычны дзеяч нацыянал-сацыялістычнай Германіі. З мая 1935 года быў галоўнакамандуючым ваенна-паветраных сіл. З 1936/1937 гг. ажыццяўляў кіраўніцтва эканомікай Германіі і Імперскім міністэрствам эканомікі.

14 Кампанія Rheinmetall-Borsig-Werke – нямецкая машынабудаўнічая кампанія, якая размяшчалася ў Берліне і спецыялізавалася ў асноўным у канструяванні лакаматываў.

15 Вучні старэйшых класаў (Primaner) – вучні сярэдніх школ, у асноўным ва ўзросце 16-19 гадоў.

16 Вучні, якіх клікалі на службу ў «Службу працы рэйха» (Reichsarbeitsdienst) або ў вермахт, атрымлівалі «атэстаты сталасці» (Reifevermerk), якія ўключалі дазвол на наведванне папярэдняга семестра ва ўніверсітэце (пасля завяршэння службы) для давучвання матэрыялу, неабходнага для вучобы ва ўніверсітэце.

17 Дапаможная ваенная служба (Kriegshilfsdienst) з’явілася ўжо ў пачатку Другой сусветнай вайны як часовая мера для вучняў сярэдніх школ, якіх задзейнічалі, напрыклад, у размеркаванні прадуктовых картак. Афіцыйна такі тып воінскай службы павінны былі праходзіць у сацыяльных установах, у шпіталях, дапамагаючы малазабяспечаным сем’ям, у дзяржаўных службах і ў канцылярыі вермахта. Урэальнасці зімой 1942/43 гг. вялікая частка маладых жанчын працавала ў транспартных кампаніях і на прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу.

Дзённікі / Успаміны (Германія)

Пачатак вайны 1 верасня 1939 г.

Успаміны Вернера Морка (*1921 года нараджэння), з Брэмена, горада на поўначы Германіі; запісана ў ліпені 2004 г.

“1 верасня 1939 года я весела ўвайшоў на кухню, дзе ўжо была мама. Я добра выспаўся і адчуваў сябе бадзёрым і поўным сіл, але было прыкметна, што мама нервуецца. На шляху ў пякарню яна пачула пра запланаванае пазачарговае пасяджэнне рэйхстага [«імперскі сход»], на якім фюрар [палітычны тытул нацысцкага дыктатара Адольфа Гітлера] выступіць з прамовай па пытанні Польшчы. Усім немцам загадана было слухаць выступ па радыё – гэта было абавязкам кожнага фольксгеносэ1 [грамадзяне нямецкай крыві], нават калі ён/яна знаходзіўся/ знаходзілася на працоўным месцы. Мама расхвалявалася і сказала, што гэта можа прывесці да вайны. Бацька і я не пагадзіліся з ёй.

Пад канец я таксама паддаўся агульнаму хваляванню, хоць па-ранейшаму лічыў, што магчымая вайна была проста мярзотнымі чуткамі. Па дарозе на вакзал я даведаўся, што гэта ўжо было не чуткамі: вайна стала рэальнасцю. Хтосьці нават казаў, што вайна супраць Польшчы ўжо пачалася мінулай ноччу. Яны аднекуль даведаліся пра гэта. Калі гэта – праўда, фюрар павінен закрануць гэтую тэму ў сваёй будучай прамове. Усе з нецярпеннем чакалі пачатку прамовы.

На працы я павінен быў арганізаваць усё, каб выступ па радыё пачулі ўсе згодна з загадам. А 10-й гадзіне радыёстанцыя Großdeutscher Rundfunk [аб’яднаная радыёвяшчальная кампанія нацыянал-сацыялістычнага Германскага рэйха ў перыяд з 1 студзеня 1939 г. па 1945 г.] пачала радыётрансляцыю прамовы фюрара з Рэйхстага на ўсіх кароткіх хвалях.

Выступ фюрара слухалі па ўсёй Германіі і ў многіх іншых краінах. Ён заявіў: бязмежнаму нахабству палякаў у дачыненні да Германскага рэйха, горада Данцыга [заўвага: цяперашні польскі горад Гданьск; з 1920 па 1939 гг. – вольны горад з пераважна нямецкамоўным насельніцтвам] і фольксдойчэ2 [этнічных немцаў, якія пражывалі за межамі Германіі] у Польшчы павінен прыйсці канец.

«З 5:45 раніцы мы адказвалі агнём, цяпер жа бомбам мы супрацьпаставім бомбы, артылерыйскаму агню – артылерыйскі агонь».3 Было заяўлена, што Германскі рэйх знаходзіцца цяпер у стане вайны з Польшчай; што самі палякі аддалі перавагу такому шляху; што палякі адштурхнулі руку немцаў, працягнутую з мірам. У гэтай жа прамове фюрар таксама заявіў пра далучэнне горада Данцыга да Германскага рэйха. Ён таксама сказаў, што ён, фюрар, зноў апрануў свой шэры вайсковы палявы мундзір – мундзір гонару нацыі, і абяцаў насіць яго да таго часу, пакуль Германія не атрымае перамогу.

Бурныя працяглыя апладысменты, якімі сустрэлі словы свайго фюрара члены рэйхстага, пачулі і ў Германіі, і ў іншых краінах. Затым загучаў дзяржаўны гімн, які мы слухалі на сваіх працоўных месцах стоячы. Ніхто не падпяваў.

Пасяджэнне завяршылася. Сярод членаў Gefolgschaftsmitgliedern4 [сябры моладзевай арганізацыі «Гітлерюгенд»] усталявалася досыць урачыстая цішыня. Начальнік аддзела заўважыў гэта і сказаў: «Давайце вернемся да працы і зробім усё, што ў нашых сілах».

Такія паводзіны і цішыня былі нечаканыя для мяне. Хіба не павінен быў начальнік па меншай меры пракрычаць «Зіг хайль!» («Няхай жыве Перамога!”) [адпаведны жэст выкарыстоўваўся ў нацысцкай Германіі ў якасці прывітання] фюрару? Відаць, я быў вельмі наіўны тады.

І хіба не павінны мы былі падпяваць словам дзяржаўнага гімна Германіі ў такі ўрачысты момант? Ці выказаць нашу радасць, падобна людзям у жніўні 1914 [калі пачалася Першая сусветная вайна]? Хіба не павінны былі мы паказаць, што наша маленькая кампанія цалкам падтрымлівае нашага фюрара ў гэтую вялікую гадзіну і будзе падтрымліваць у будучыя цяжкія дні? Я і сапраўды не мог гэтага зразумець і вырашыў зрабіць свой уласны ўнёсак. Я пайшоў на верхні паверх будынка ў пошуках двух флагштокаў з дзяржаўнымі сцягамі. Я выставіў іх з верхніх вокнаў, і два сцягі – чорна-бела-чырвоны і сцяг са свастыкай – весела затрапяталі на ранішнім ветрыку 1 верасня 1939 года над Катарыненштрасэ. Я быў перакананы ў тым, што ў гэты дзень сцягі павінны быць узнятыя; у гэтым я бачыў свой абавязак.

Ніхто не звярнуў увагі на маю (спантанную) смеласць, але ў кампанію патэлефанавалі з паліцэйскага ўчастка і абурана спыталі, хто ўзняў сцягі ў будынку. Па-мойму, яны нават сказалі «які ідыёт». Дазволу на ўзняцце сцягоў не выдалі, і сцягі трэба было неадкладна прыбраць. Так усе даведаліся пра мой спантанны ўчынак. Я атрымаў за гэта і павінен быў уцягнуць сцягі ўнутр. Мне працягнулі руку дапамогі складскія, бо я не мог справіцца самастойна. Так завяршылася ўзняцце сцяга, якое, верагодна, было адзіным выпадкам узняцця сцяга ў гонар пачатку вайны не толькі ў Брэмене, але і ва ўсім Вялікім германскім рэйху. І, тым не менш, я па-ранейшаму быў перакананы ў тым, што мае дзеянні былі абсалютна апраўданыя [...]».

крыніца: Mork, Werner: Kriegsbeginn am 1. September 1939 года, у: LeMO-Zeitzeugen, Lebendiges Museum Online, Stiftung Haus der Geschichte der Bundesrepublik Deutschland,
http://www.hdg.de/lemo/zeitzeugen/werner-mork-1945-den-krieg-ueberlebt.html
дата апошняга наведвання: 2021/01/11 г.

Гласарый тэрмінаў

1 Фольксгеносэ (у даслоўным перакладзе – «народны таварыш»).

«Фольксгеносэ» («таварыш па нацыі» ці «суайчыннік») – зварот, які выкарыстоўваўся ў штодзённай гаворцы ў нацысцкай партыі для дыферэнцыяцыі этнічных немцаў і іншых груп насельніцтва, напрыклад яўрэяў і рома. Гэты тэрмін быў афіцыйна замацаваны Праграмай нацысцкай партыі (НСДАП) у 1920 годзе як тэрмін расісцкай ідэалогіі нацыстаў: «Грамадзянінам дзяржавы можа быць толькі фольксгеносэ. Фольксгеносэ можа быць толькі той, у чыіх жылах цячэ нямецкая кроў, нягледзячы на веравызнанне. Таму ні адзін яўрэй не можа быць фольксгеносэ». Адольф Гітлер пашырыў расавы кантэкст у сваім аўтабіяграфічным маніфесце «Мая барацьба» (“Mein Kampf”), вылучыўшы «антысацыяльныя» або «недзеяздольныя» групы насельніцтва.

2 «Фольксдойчэ» (у літаральным перакладзе – «асобы, якія належаць да германскай расы» або «этнічныя немцы, якiя пражываюць за межамі Германіі»).

У нацысцкай Германіі пад «фольксдойчэ» разумелі «людзей, чые мова і культура мелі нямецкія карані, але якія не мелі грамадзянства Германіі». Фольксдойчэ згубілі сваю ідэнтычнасць як Auslandsdeutsche («замежныя немцы») і сталі «фольксдойчэ» ў працэсе самарадыкалізацыі, што дало для нацысцкага рэжыму ядро, вакол якога ля межаў Германіі ўзнікла новая “народная еднасць», або «фольксгемайншафт» (Volksgemeinschaft – «народная еднасць», «народнае адзінства»).

3 «З 5:45 раніцы мы адказвалі агнём, цяпер жа бомбам мы супрацьпаставім бомбы, артылерыйскаму агню – артылерыйскі агонь».

У рэальнасці прамова была наступнай: «...З 5:45 раніцы мы адказвалі агнём, цяпер жа бомбам мы супрацьпаставім бомбы! На выкарыстанне баявых газаў мы адкажам выкарыстаннем баявых газаў! [...]» Гітлер даў такое абяцанне ў сваёй прамове. Агонь быў у рэальнасці адкрыты ў 04:45.

4 Gefolgschaftsmitglieder (“паслядоўнікі”).

«Гітлерюгенд» (ГЮ) – моладзевая арганізацыя Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай працоўнай партыі (НСДАП). Галоўная задача ГЮ заключалася ў выхаванні моладзі ў духу нацысцкай ідэалогіі і, такім чынам, у канчатковым замацаванні кіроўнай ролі Нацыянал-сацыялістычнай партыі. «Гітлерюгенд» быў недэмакратычнай структурай са строгай іерархіяй. Адным з яго падраздзяленняў было Gefolgschaft (каля 250 хлопчыкаў), кожны з якіх падпарадкоўваўся лідару Gefolgschaft.

Успаміны дзяцей з Польшчы

Януш Тарноўскі, 6-ы клас, запісана 17 чэрвеня 1946 года

Перажытае мной у вайну. Сачыненні дзяцей, напісаныя ў 1946 годзе

Калі пачалася вайна, прыляцелі нямецкія самалёты і разбамбілі Варшаву. Бамбаванне доўжылася ад трох да пяці гадзін. Увесь гэты час мы ўсёй сям’ёй правялі ў падвале, акрамя бацькі, які сышоў ваяваць.

Мы днямі і начамі не выходзілі з падвала. Калі ў нас сканчалася ежа, я і мае старэйшыя сябры спрабавалі здабыць ежу ў разбураных крамах.

Калі мы былі ў Павісле, нас здзівіў адзін нямецкі авіяналёт. Мы схаваліся ў руінах разбуранага блакіраванага дома. Пасля кароткага абмеркавання, мы вырашылі бегчы на другі бок праз мост Кербедза. Мы ўжо пераадолелі вялікую частку шляху, калі з’явіліся самалёты і пачалі бамбіць мост. Але бомбы не траплялі і падалі ў [раку] Віслу, ад чаго вада біла так, як быццам вывяргацца вулкан. Калі мы перасеклі мост, снарады нямецкай артылерыі выбухалі на вуліцах.

Мы пабеглі на другі бок Ягелонскай вуліцы. На рагу вуліцы прызямліўся снарад. Аднаго з маіх сяброў параніла. Мы адцягнулі яго ў бліжэйшае бамбасховішча, дзе ім заняўся Чырвоны Крыж. Мы ж без прамаруджання пабеглі далей. Неўзабаве мы прыбеглі дадому, да нашых маці, якія плакалі.

Наступнай ноччу некалькі сем’яў прапанавала нам з’ехаць з Варшавы. Па шляху мы патрапілі пад авіяналёт. Усе спрабавалі схавацца, дзе маглі; мы з мамай і братамі забеглі ў дом па суседстве. Пасля таго як мы ўвайшлі ў дом, метрах у 10 ад яго ўпала бомба. Маму засыпала абломкамі, а мы з братам паспелі выбегчы з будынка.

На наступны дзень, калі мама адчула сябе лепш, мы адправіліся ў вёску. Праз некалькі дзён мы ўбачылі немцаў, якія праязджалі праз вёску. Калі мы вярнуліся ў нашу кватэру ў Варшаве, там ужо быў бацька ў сваёй цывільнай вопратцы.

Ядвіга Зын, 6-ы клас, запісана 14 чэрвеня 1946 года

Калі стала вядома пра вайну, многія людзі сышлі з горада. Па ўсёй Варшаве былі пабудаваныя бамбасховішчы. 1 верасня 1939 года я пачула першыя стрэлы, у небе з’явіліся нямецкія самалёты і пачалі бамбіць Варшаву. Людзі кінуліся да траншэй. Мама, бабуля і я схаваліся ў бамбасховішчы. Авіяналёты былі вельмі частыя і працягваліся некалькі дзён. Раён, дзе я жыла, быў знішчаны на сёмы дзень.

Той жа ноччу мы пакінулі Варшаву. Мы доўга ішлі і нарэшце дабраліся да Сточэка. Горад Сточэк быў спалены дашчэнту. Мы жылі там да верасня, а затым вярнуліся ў Варшаву.

Усюды была разруха. Варшава ператварылася ў велізарныя могілкі. Дом, у якім мы жылі, быў напалову разбураны. Мы аднавілі яго і жылі там да лютага, а затым адправіліся да нашых родных у вёску Лішна, размешчаную на рацэ Буг.

У 1944 годзе, калі набліжаўся фронт, мы выкапалі бамбасховішча і былі там, а кулі ў гэты час лёталі над нашымі галовамі. Немцы і савецкія войскі ваявалі на другім баку Буга. Я выразна чула, як савецкія салдаты крычалі: «Паддайся!» («Здавайся!). Неўзабаве савецкія войскі ўвайшлі ў Лішну. У іх былі машыны, танкі і розная зброя.

Я – дзіця Варшавы, і мне жудасна шкада, што немцы так яе разбурылі. Кожны дзень я ўзношу малітвы Багародзіцы аб аднаўленні Варшавы і каб я змагла туды вярнуцца.

Тэрэза Матшэўска, 7-ы клас, запісана 13 чэрвеня 1946 года

Калі пачалася вайна ў 1939 годзе, мне было сем гадоў, і ў мяне ў галаве былі толькі бегатня і гульні. І я зусім не разумела той трагедыі, праз якую праходзіла мая краіна. Я назірала за нямецкімі танкамі і машынамі, запоўненымі салдатамі, з цікаўнасцю і інтарэсам, не разумеючы, што нас зрабілі рабамі і што гэтыя салдаты былі нашымі ворагамі.

Я зразумела гэта толькі на другі год, калі немцы сталі забіраць моладзь і везці яе ў Германію на працы. У мяне былі тры старэйшыя сястры, і цяпер яны былі вымушаныя пастаянна хавацца. Як самая маленькая, я быццам проста насілася туды-сюды, а насамрэч назірала, ці няма якой аблавы.

Але назіранне не дапамагло. У адзін з дзён маю старэйшую сястру Кастуню забралі, нягледзячы на плач і крыкі ўсёй нашай сям’і. Практычна адразу забралі і маіх сярэдніх сясцёр Толю і Казю. Я не магу апісаць, што тады адбывалася ў нас дома. Я не знаходзіла сабе дома месца. Мне здавалася, што ў наш дом прыйшоў жудасны мор і забраў маіх сясцёр. Я плакала разам з бацькамі. І тады я зразумела, што адбываецца навокал.

Праз некалькі дзён мае дзве сястры Толя і Казя вярнуліся дадому – адважныя дзяўчаты выслізнулі ад немцаў і збеглі з цягніка. Я была вельмі шчаслівая, што яны вярнуліся, але гора і боль, якія я перажыла, калі іх забралі, назаўжды застануцца ў маёй памяці як самы цяжкі ўспамін пра вайну.

Першасныя крыніцы (Польшча)

«Гэта значыць вайна!» – з радыёзвароту ў Польшчы 1 верасня 1939 г.

Радыёзварот пра ўварванне ў Польшчу 1 верасня 1939 г. на англійскай мове:

Расшыфроўка аўдыё: Польскае радыё (01.09.1939 г.)

«[...] 1 верасня 1939 года, на досвітку, немцы перайшлі мяжу і ўступілі на нашу тэрыторыю. Ваенна-паветраныя сілы і рэгулярная армія Германіі раптоўна напалі на тэрыторыю Польшчы без абвяшчэння вайны.

[...] Нямецкія самалёты нанеслі ўдары па шэрагу гарадоў па ўсёй Польшчы. [...] Паведамляецца пра страты сярод грамадзянскага насельніцтва [...]».

1 верасня 1939 г.: пачатак пекла

Да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны
Пётр Абрышэньскі

«Гэта значыць вайна. Пачынаючы з сённяшняга дня, усе іншыя пытанні і праблемы становяцца другараднымі», – так было заяўлена ў звароце Польскага радыё раніцай 1 верасня 1939 года. «Наша грамадскае і прыватнае жыццё пойдуць зараз іншым шляхам. Мы ўступілі ў вайну. Намаганні ўсёй нацыі павінны пралягаць толькі ў адным кірунку. Зараз мы ўсе – салдаты. Мы павінны думаць толькі пра адно – пра барацьбу да перамогі». Напаўшы на Польшчу, Германія развязала Другую сусветную вайну – канфлікт, які забярэ 70-85 мільёнаў чалавечых жыццяў у наступныя шэсць гадоў.

Польшча была незалежнай дзяржавай на працягу крыху больш за дваццаць гадоў. Пакаленні польскіх патрыётаў, радзіма якіх была адабраная ў выніку падзелаў суседнімі дзяржавамі, марылі пра незалежнасць. Пасля здабыцця незалежнасці праз 123 гады і па выніках Першай сусветнай вайны Польшча пачала актыўна аднаўляць сацыяльнае, культурнае і палітычнае жыццё. Адроджаная дзяржава ўпершыню сутыкнулася са смяротнай пагрозай з боку бальшавіцкай Расіі, але змагла яе адбіць шляхам мабілізацыі ўсяго польскага грамадства. Пасля канчатковага ўстанаўлення і пацверджання дзяржаўных межаў, палякі змаглі нарэшце атрымаць асалоду ад зноў здабытай свабоды і жыцця ва ўласнай краіне.

З успамінаў і дзённікаў таго часу мы ведаем, што лета 1939 года было асабліва гарачым. На фотаздымках і паштоўках таго перыяду бачныя натоўпы турыстаў, якія ўсміхаюцца, і тыя, хто адпачывае, апранутыя па модзе тых дзён. Па вечарах кавярні і рэстараны былі запоўненыя сталымі наведвальнікамі, якіх таксама поўна было ў кабарэ і ў тэатрах-вар’етэ. Толькі ў Варшаве пражывала каля мільёна чалавек; там было 60 кінатэатраў, памеры якіх дазвалялі змясціць тысячы аматараў кіно.

Да восені 1938 года Гітлер ужо запатрабаваў у Польшчы згоду на ўключэнне Вольнага горада Данцыга ў склад Трэцяга рэйха, на пракладку экстэрытарыяльных шашэйнай дарогі і чыгункі, якія звязалі б Данцыг з Германіяй праз паўночны польскі рэгіён Памеранію (Памор’е) або «Памеранскі калідор», як называлі яго грэбліва немцы. Польшча, адхіліўшы патрабаванні Берліна, заключыла саюз з Францыяй і Вялікабрытаніяй. На жаль, брытанска-польскае пагадненне ад 25 жніўня 1939 года не спыніла ўварванне, якое набліжалася, а толькі трохі затрымала напад з боку Германіі. Збліжэнне пазіцый з Вялікабрытаніяй і Францыяй было прынцыповым і значным: яно паказвала на тое, што Польшча, сутыкнуўшыся са зменамі на міжнароднай арэне, падтрымлівае Захад і адхіляе любыя прапановы пра супрацоўніцтва з Трэцім рэйхам.

Тым не менш у канцы жніўня 1939 года насельніцтва польскіх малых і буйных гарадоў па-ранейшаму не верыла ў магчымасць вайны. Было распаўсюджана меркаванне, што пагрозы Берліна – усяго толькі вар’яцкія ідэі велічы нямецкага ўрада. У прэсе і на радыё паўтараліся жарты пра Гітлера і яго набліжаных, а ў папулярных варшаўскіх кабарэ на польскай мове і ідышы прадстаўлялі самыя свежыя жарты пра канцлера Трэцяга рэйха і высмейвалі яго. Людзі верылі ў польскія ўзброеныя сілы, у сваіх саюзнікаў і ў Лігу Нацый, якая стаяла на варце сусветнага парадку.

У Памераніі ж усё было па-іншаму. Колькасць польскіх турыстаў, якія адпачывалі на ўзбярэжжы, была меншай у параўнанні з папярэднімі гадамі. Прыкметным было таксама павелічэнне канцэнтрацыі нямецкіх войскаў і руху праз мяжу паміж Трэцім рэйхам і Вольным горадам Данцыгам. Атмасфера тут была больш цяжкай у сувязі са шматлікімі гвалтоўнымі дзеяннямі супраць польскага насельніцтва.

Масква, 23 жніўня 1939 г., Фрыдрых Гаўс, Ёахім фон Рыбентроп, Іосіф Сталін і Вячаслаў Молатаў (аўтар: Міхаіл Міхайлавіч Калашнікаў; публічная ўласнасць, не абароненая аўтарскім правам)

Сакрэтны дадатак да Пакта Молатава – Рыбентропа, які размяжоўваў сферы інтарэсаў Германіі і СССР (публічная ўласнасць, не абароненая аўтарскім правам

Антыпольскія настроі ўмела распальваліся прапагандай пад кіраўніцтвам Ёзэфа Гебельса. Калі польскія мытнікі прыехалі ў сярэдзіне жніўня 1939 года ў Штутгаф (цяпер Штутава, вёска на Балтыйскім узбярэжжы, размешчаная на адлегласці каля 38 км на ўсход ад Гданьска ў пачатку Віслінскай касы), яны ўбачылі падрыхтоўку да будаўнічых прац. Яны не ведалі, што там вялося будаўніцтва канцэнтрацыйнага лагера пад наглядам СС, які, згодна з першапачатковым планам, мусіў быць больш буйным, чым сумнавядомы Аўшвіц. Першы транспарт з вязнямі прыбыў у КЛ [канцэнтрацыйны лагер] Штутгаф (KL Stutthof) ужо 2 і 3 верасня. Сярод першых вязняў канцлагера былі прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі і духавенства, да якіх неўзабаве далучыліся яўрэйскія вязні, арыштаваныя ў Гданьску і ў ваколіцах Гдыні.

23 жніўня нацысцкая Германія і СССР падпісалі Пакт (дагавор) аб ненападзенні. Волю сваіх лідараў выканалі кіраўнікі ведамстваў (міністэрстваў) па замежных справах абедзвюх краін Ёахім фон Рыбентроп і Вячаслаў Молатаў. Гэты дагавор шакаваў сусветную грамадскасць. Сакрэтны дадатковы пратакол да пакта Молатава – Рыбентропа утрымліваў палажэнне аб падзеле Польшчы [...]. У польскай гістарыяграфіі гэты пакт цяпер вызначаюць як «чацвёрты падзел Польшчы» [з улікам падзелаў канца XVIII стагоддзя]. Саюз паміж Германіяй і СССР таксама прадугледжваў супрацоўніцтва паліцэйскіх сіл, што абумовіла з’яўленне планаў па знішчэнні польскіх элітаў.

Увечары 31 жніўня 1939 года падраздзяленне СС і група крымінальнікаў, пераапранутых у польскую ваенную форму, імітавала напад на нямецкую радыёстанцыю ў Глівіцэ (горад у Верхняй Сілезіі) на поўдні Польшчы. «Глівіцкая правакацыя» ў далейшым была выкарыстаная ў якасці падставы для нападу на Польшчу.

Ужо 1 верасня на сотні польскіх вялікіх і малых гарадоў пасыпаліся нямецкія бомбы; ахвярай гэтых бамбаванняў у асноўным было мірнае насельніцтва. Нямецкія самалёты на ўсходзе даляцелі да Гродна, Варшава ж была ў агні». [...]

828 слоў
Крыніца: “1 верасня 1939 г .: ПАЧАТАК ПЕКЛА» (1 September 1939: The beginning of hell)
https://polishhistory.pl/1-september-1939-the-beginning-of-hell
Дата апошняга наведвання: 11.01.2021 г.

Першасныя крыніцы (Германія)

Вытрымкі з ранішняга выпуску Deutsches Nachrichtenbüro GmbH (афіцыйнага цэнтральнага інфармацыйнага агенцтва Германскага рэйха ў перыяд нацыянал-сацыялізму) і з Teltower Kreisblatt (штодзённай газеты раёна горада Тэльтаў) за пятніцу, 1 верасня 1939 г.

Вермахту!

Польская дзяржава адмовілася ад мірнага будаўніцтва суседскіх адносін, да якіх я імкнуўся; замест гэтага яно ўзялося за зброю.

Немцаў прыгнятаюць у Польшчы з жудаснай жорсткасцю; іх выганяюць з дамоў і фермаў. Цэлы шэраг выпадкаў парушэння мяжы, якія не павiнна цярпець вялікая дзяржава, сведчыць пра тое, што палякі больш не маюць намеру прызнаваць дзяржаўную мяжу Германскага рэйха. І, пачынаючы з сённяшняга дня, мне нічога іншага не застаецца, як выкарыстаць сілу супраць сілы, каб пакласці канец гэтаму вар’яцтву.

Германскі вермахт будзе з цвёрдай рашучасцю весці барацьбу за гонар і фундаментальныя правы паўсталага нямецкага народа.

Я чакаю, што кожны салдат, памятаючы пра вялікую і невынішчальную германскую традыцыю вайсковай службы, выканае свой абавязак да канца.

Заўсёды і пры любых абставінах памятайце пра тое, што вы прадстаўляеце нацыянал-сацыялістычную Вялікую Германію!

Няхай жывуць наш народ і наш Рэйх!

Берлін, 1 верасня 1939 г.
Адольф Гітлер

Напады палякаў на тэрыторыю Германіі

Опельн. 31 верасня [Заўвага: верагодна, памылка друку; павінна быць «31 жніўня»]. Мы атрымалі больш інфармацыі па данясеннях пра напады польскіх банд і партызан [Заўвага: члены добраахвотных узброеных атрадаў] на тэрыторыю Германіі. Стала відавочна, што гаворка ідзе, па-за ўсякім сумневам, пра запланаваны напад банд польскіх інсургентаў, рэалізаваны з удзелам салдат польскай рэгулярнай арміі.

На дадзены момант бясспрэчна ўстаноўлена, што мела месца атака на Пічэн у раёне Кройцбурга. Напад на Хохліндэн (паўночны ўсход Рацібора) яшчэ працягваецца. У прыватнасці, напад на Хохліндэн дзесьці ў раёне дарогі Глівіцэ-Рацібор, мяркуючы па ўсім, напрамую паказвае на ўдзел польскіх войскаў.

Польскія інсургенты і салдаты ўзялі прыступам новы будынак мытні ў Хохліндэне. Пасля паўтары гадзіны баёў памежная паліцыя здолела зноў заняць будынак мытні. Цёмны час сутак не дазваляе дакладна ўстанавіць колькасць забітых і параненых. Восем польскіх інсургентаў і шэсць польскіх жаўнераў узятыя ў палон.

Працягваюць паступаць удакладняльныя данясенні аб нападзе на Пічэн:

Каля 20:30 вечара патруль памежнай паліцыі выявіў групу палякаў з больш за 100 інсургентаў і вайскоўцаў у раёне Шлюсэльвальда паблізу Пічэна, прыблізна ў 2 кіламетрах ад мяжы, на тэрыторыі Германіі.

Палякі адразу ж адкрылі агонь, на які адказала памежная паліцыя, да якой падышло падмацаванне. Было забіта два палякі, у тым ліку адзін польскі салдат. У данясенні памежнай паліцыі пазначаны адзін загінулы і некалькі параненых. 15 палякаў, у тым ліку 6 польскіх вайскоўцаў, былі захопленыя ў палон.

Фюрар пацвярджае вяртанне Данцыга

Тэкст тэлеграмы, накіраванай фюрарам гаўляйтару [Данцыга] Форстэру

«Гаўляйтару Форстэру, Данцыг.

Я прымаю зварот Вольнага горада Данцыга аб вяртанні ў склад Германскага рэйха. Я дзякую вам, гаўляйтар Форстэр, і ўсяму мужчынскаму і жаночаму насельніцтву Данцыга за вашу шматгадовую непахісную адданасць.

Вялікая Германія з радасцю і ад усяго сэрца прымае вас. Закон пра ўз’яднанне ўступіць у сілу неадкладна.

Я прызначаю вас кіраўніком грамадзянскай адміністрацыі Данцыгскай вобласці».

Берлін, 1 верасня 1939 г.
Адольф Гітлер

Крыніца: https://bit.ly/2ZXh5DL, дата апошняга наведвання: 2021.01.11 г.

Дэманстрацыя вернасці фюрару

Берлін, 31 жніўня. У спецыяльным паведамленні ў 21:00 і ў вячэрніх навінах у 22:00 было паведамлена пра велікадушную прапанову фюрара Польшчы аб захаванні і ўмацаванні міру, а таксама пра тое, што польскі ўрад адхіліў гэтую прапанову. Неўзабаве пасля гэтага многія берлінцы скарысталіся магчымасцю і выйшлі на плошчу Вільгельмплац позна ўвечары, каб выказаць сваю адданасць фюрару ў гэты цяжкі час.

Гучнагаварыльнікі на плошчы інфармавалі насельніцтва пра палітычную сітуацыю, а навіны, разнесеныя далёка за межы плошчы, прыцягвалі ўсё больш і больш берлінцаў. Асаблівая радасць была прыкметная пасля аб’явы аб ратыфікацыі Расіяй савецка-германскага дагавора.

Неўзабаве пасля гэтага выйшлі экстранныя выпускі некалькіх берлінскіх газет, якія літаральна выхоплівалі з рук распаўсюднікаў.

Фюрар, перад Рэйхстагам, Берлін, 1 верасня

Члены германскага рэйхстага сустрэлі гэтую раніцу а 10-й гадзіне. Незадоўга да гэтага часу фюрар, апрануты ў шэрую палявую форму, пад’ехаў да Рэйхстагу. У Рэйхстагу яго сустрэў старшыня рэйхстага фельдмаршал Герынг і неадкладна правёў на месцы членаў урада. Раздаліся бурныя працяглыя апладысменты, якімі віталі фюрара члены парламента.

У сваім бліскучым звароце да членаў германскага рэйхстага і да ўсёй нямецкай нацыі – бліскучым, але напоўненым усведамленнем глыбокай сур’ёзнасці таго, што адбываецца, – фюрар выказаў аднадушнае і непахіснае жаданне нямецкага народа пакласці канец недапушчальнай сітуацыі на ўсходніх межах рэйха і пабудаваць свет, заснаваны на справядлівасці.

Члены германскага рэйхстага ахопленыя свяшчэннай, але цвёрдай рашучасцю. Фюрар проста і пераканаўча распавядае аб жудасных цяжкасцях і пагрозах, з якімі сутыкнуўся і якія цярпіць Германскі рэйх і яго грамадзяне ў сувязі са стварэннем «Польскага калідора» 20 год таму. Ён распавядае пра шматлікія прапановы аб пераглядзе гэтых невыносных умоў. Усе гэтыя прапановы былі адхіленыя іншым бокам. Адказваючы на заўвагі нашых праціўнікаў, фюрар тлумачыць падкрэслена рэзка: «Мы, немцы, ніколі не лічылі Версальскі дыктат законным і правільным». Далей фюрар праводзіць аналіз ходу перамоў з Англіяй і Польшчай за апошнія тыдні.

На момант здачы ў друк пасяджэнне рэйхстага працягвалася.

745 слоў
Крыніца: https://bit.ly/3edfNrO
Дата апошняга наведвання: 05.12.2021 г.

This website uses different cookies. We use cookies to personalize content, provide social media features, and analyze traffic to our website. Some cookies are placed by third parties that appear on our pages. You can find more information and options to choose from in our Privacy Policy and Configurations for usage.

Прыняць Адмовіць