План урока

Беатрыс Петцальд Brücke/Most-Stiftung, Дрэздэн, Германія

13-16 гадоў

45 хвілін

Задачы

1 верасня 1939 года і 9 мая 1945 года – афіцыйныя даты пачатку і заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе.

Навучэнцы падчас занятку навучацца аналізаваць пачатак і заканчэнне Другой сусветнай вайны з пазіцый чатырох розных краін, у тым ліку грамадскае ўспрыманне гэтых падзей у кожнай з іх. Названыя чатыры краіны прадстаўлены Германіяй як краінай-захопніцай, Польшчай, Беларуссю (заходняя частка якой на пачатак Другой сусветнай вайны ўваходзіла ў склад Польшчы, а ўсходняя – у склад былога СССР) і Расіяй (якая ўваходзіла ў склад былога СССР) як краінамі, якія былі захопленыя, акупаваныя і разбураныя/спустошаныя.

Кожная з гэтых чатырох краін успрымае па-рознаму гэтую вайну, у кожнай з іх ёсць свая гісторыя, невядомая шмат каму з нас. Другая сусветная вайна аб’ядноўвае і падзяляе нас і цяпер. Пасля яе заканчэння прайшло ўжо больш за 70 гадоў; тым не менш мы да гэтага часу адчуваем яе наступствы.

Паглыбленае разуменне і вывучэнне суседніх краін, насельніцтва гэтых краін з іх лёсамі і гісторыямі дапаможа нам зрабіць свой унёсак у пазбяганне новых войнаў паміж людзьмі.

Метадалогія

Візуальная храналагічная шкала падзей (таймлайн) / Праца ў групах

Занятак можа быць выкарыстаны для:

  • паўтарэння;
  • замацавання;
  • кароткага агляду;
  • дапаўнення.

У працэсе выкладання гісторыі пачатку і заканчэння Другой сусветнай вайны часам можа ўзнікнуць неабходнасць у выкарыстанні храналагічнай шкалы падзей (таймлайна) для пералічэння адметных падзей у храналагічным парадку, што дапаможа навучэнцам:

-> зразумець агульны ход падзей (у нашым выпадку: у Германіі, Польшчы, Беларусі і Расіі);
-> правесці аналіз прычынна-выніковых сувязей
-> і асэнсаваць інфармацыю.

Візуальная храналагічная шкала падзей (таймлайн):

  • візуальнасць;
  • мае на ўвазе гнуткасць у выкарыстанні;
  • спрыяе разуменню гістарычных кантэкстаў;
  • змяшчае падзеі, людзей, даты і перадгісторыю ў кантэксце;
  • развівае навык класіфікацыі часавых перыядаў і інфармацыі;
  • спрыяе фармаванню навыку шматузроўневага аналізу;
  • спрыяе крытычнаму абмеркаванню;
  • ахоплівае розныя стылі навучання (малюнкі, дадзеныя, тэксты...).

Агляд дат, падзей і кароткія апісанні

У дадатак да дзвюх афіцыйных дат пачатку і заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе (1 верасня 1939 года і 9 мая 1945 года) агляд, прыведзены ніжэй, утрымлівае і іншыя даты і падзеі, прама ці ўскосна звязаныя з першымі дзвюма датамі, у прыватнасці дату нападу нямецкіх войскаў на Савецкі Саюз – 22 чэрвеня 1941 года (інакш кажучы, пачатак вайны паміж Германіяй і СССР, альбо пачатак Вялікай Айчыннай вайны), а таксама дату афіцыйнага заканчэння Другой сусветнай вайны капітуляцыяй Японіі – 2 верасня 1945 года.

У дачыненні да пачатку і заканчэння ваенных дзеянняў у чатырох разгляданых краінах (у Расіі, Беларусі, Польшчы і Германіі) мы, па магчымасці, пастараліся зрабіць акцэнт у дадзеным аглядзе на асноўных падзеях у сталіцах: Маскве, Мінску, Варшаве і Берліне.

Дадзеныя можна апусціць або дапоўніць у залежнасці ад адукацыйнага ўзроўню навучэнцаў і нацыянальнай спецыфікі ў чатырох краінах: напрыклад, можна ўключыць даты і падзеі лакальнай гісторыі.

1939

23 жніўня

Падпісанне Дагавора аб ненападзенні паміж Германіяй і Савецкім Саюзам
У Маскве міністры замежных спраў фон Рыбентроп (з боку гітлераўскай Германіі) і Молатаў (з боку сталінскага СССР) падпісалі Дагавор аб ненападзенні паміж Германіяй і Савецкім Саюзам, сакрэтны дадатковы пратакол да якога прадугледжваў падзел Усходняй Еўропы на зоны інтарэсаў Германіі і СССР

1 верасня

Пачатак Другой сусветнай вайны з уварвання нямецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы
Напад на Польшчу, а разам з ім і Другая сусветная вайна пачаліся з абстрэлу нямецкім караблём «Шлезвіг-Гальштэйн» польскіх складоў боепрыпасаў на паўвыспе Вестэрплатэ пад Гданьскам

17 верасня

Уварванне савецкіх войскаў ва ўсходнія землі Польшчы
Савецкія войскі ўвайшлі ў Польшчу і акупавалі тэрыторыі, узгодненыя Гітлерам і Сталіным у сакрэтным дадатковым пратаколе. Польскі ўрад збег у Румынію, а пазней – у Францыю і Англію

23 верасня

Акупацыя Польшчы нацысцкай Германіяй
Данясенне вышэйшага камандавання вермахта пачынаецца з падвядзення вынікаў ваеннай аперацыі ў Польшчы: «Польская кампанія завершана»

27 верасня

Бамбаванне Варшавы нямецкімі войскамі
Нямецкія ваенна-паветраныя сілы масіравана бамбавалі Варшаву, у чым не было неабходнасці і што каштавала больш за 10 тысяч жыццяў. Варшава здалася, а 140 тысяч польскіх салдат былі ўзятыя ў палон Германіяй

28 верасня

Падзел Польшчы, у выніку чаго польская дзяржава фактычна перастала існаваць
Савецкі Саюз і Германскі рэйх дамовіліся аб супольнай мяжы, якая падзяляе тэрыторыі акупаванай імі Польшчы. У той жа час у краіне ўзнікла падпольная дзяржава, якую ўзначаліў польскі ўрад у выгнанні ў Лондане

1941

22 чэрвеня

Напад нямецкіх войскаў на Савецкі Саюз (інакш кажучы, пачатак вайны паміж Германіяй і СССР, альбо пачатак Вялікай Айчыннай вайны)
Нямецкія войскі пачалі ўварванне ў Савецкі Саюз на лініі паміж Балтыйскім морам і Карпатамі без абвяшчэння вайны. За войскамі рушылі ўслед асаблівыя аператыўныя атрады, якія займаліся сістэматычным знішчэннем яўрэйскага насельніцтва, членаў камуністычнай партыі, этнічных груп сінці і рома, а таксама ваеннапалонных

24 чэрвеня

Бамбаванне Мінска нямецкімі войскамі
Нямецкія ваенна-паветраныя сілы абстралялі Мінск (на той час сталіцу Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, насельніцтва якой складала каля 270 тыс. чалавек). Пажары патушыць не ўдалося, бо водазабеспячэнне было знішчана, і горад быў эвакуяваны

2 кастрычніка

Наступ нямецкіх войскаў на Маскву
З Масквы былі эвакуяваныя міністэрствы, органы ўлады і прамысловыя прадпрыемствы. Напад на Маскву і чаканая нямецкім кіраўніцтвам перамога над СССР праваліліся ў пачатку снежня 1941 года

1943 -1945

2 лютага 1943

Сталінградская бітва
Больш за 100 тыс. нямецкіх салдат патрапілі ў савецкі палон з прычыны капітуляцыі апошніх войскаў вермахта пад Сталінградам

3 ліпеня 1944

Вызваленне Мінска
Бітва пад Мінскам (на той час сталіцы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі) завяршылася вызваленнем горада савецкімі войскамі

17 студзеня 1945

Вызваленне Варшавы
Апошнія нямецкія часткі ў Варшаве капітулявалі перад польскімі войскамі

27 студзеня 1945

Вызваленне канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц (Асвенцым)
Чырвонай арміяй быў вызвалены лагер смерці Аўшвіц (Асвенцім), у якім на той момант яшчэ знаходзілася 7 600 зняволеных

4–11 лютага 1945

Ялцінская канферэнцыя
Сустрэча савецкага партыйнага і дзяржаўнага лідара Іосіфа Сталіна, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Уінстана Чэрчыля і прэзідэнта ЗША Франкліна Рузвельта на Ялцінскай канферэнцыі. Асноўнымі тэмамі канферэнцыі былі падзел Германіі, размеркаванне ўлады ў пасляваеннай Еўропе і вайна супраць Японскай імперыі

2 мая 1945

Вызваленне Берліна
Баявыя дзеянні ў Берліне завяршыліся капітуляцыяй войскаў вермахта

8/9 мая 1945

Афіцыйная дата Дня вызвалення, які вызначыўся падпісаннем акта аб капітуляцыі
Акт аб капітуляцыі быў паўторна падпісаны фельдмаршалам, начальнікам штаба Вярхоўнага камандавання вермахта Вільгельмам Кейтэлем у прысутнасці савецкага маршала Георгія Жукава ў савецкім штабе, размешчаным у берлінскім прадмесці Карлсхорст

9 мая 1945

Афіцыйная дата Дня перамогі
У сваёй прамове з нагоды заканчэння вайны Сталін запэўніў, што не мае намеру «дзяліць або знішчаць Германію», публічна адышоўшы ад плана саюзнікаў па раздзеле, падтрыманага ім раней на Ялцінскай канферэнцыі

17 ліпеня – 2 жніўня 1945

Патсдамская канферэнцыя
У Патсдаме, у палацы Цэціліенхоф, адбылася канферэнцыя «Вялікай тройкі»: Гары С. Трумэна (ЗША), Уінстана Спенсера-Чэрчыля (Вялікабрытанія) і Іосіфа Сталіна (Савецкі Саюз). Так званае «Патсдамскае пагадненне» вызначыла будучую палітыку саюзнікаў у дачыненні да Германскага рэйха

2 верасня 1945

Афіцыйнае заканчэнне Другой сусветнай вайны капітуляцыяй Японіі
Японія засталася адзіным супернікам краін — членаў антыгітлераўскай кааліцыі пасля безумоўнай капітуляцыі нямецкіх узброеных сілаў 8/9 мая 1945 года. У жніўні на Хірасіму і Нагасакі былі скінутыя атамныя бомбы, што стала прычынай гібелі больш за 200 тыс. чалавек. Не маючы іншага выбару, Японія падпісала акт аб безумоўнай капітуляцыі. Такім чынам, Другая сусветная вайна нарэшце завяршылася

Неабходныя матэрыялы. Вучні

Чатыры камплекты картак

Настаўнікі павінны падрыхтаваць чатыры камплекты картак для працы ў групах; пажадана, каб усе камплекты картак былі рознага колеру для спрашчэння дыферэнцыяцыі. Шаблоны для выкарыстання ў вучэбнай аўдыторыі павінны знаходзіцца ў асобнай папцы.

Камплект 1
Карткі з датамі, якія адносяцца да пачатку і заканчэння вайны ў 4-х розных краінах. Прыклад:

1 верасня 1939
3 ліпеня 1944
8/9 мая 1945

Камплект 2
карткі з падзеямі, адпаведнымі гэтым датам. Прыклад:

Пачатак Другой сусветнай вайны з уварвання нямецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы
Вызваленне Мінска
Афіцыйная дата Дня вызвалення якая адзначылася падпісаннем акта аб капітуляцыі

Камплект 3
Усе карткі з кароткім апісаннем падзей. Прыклад:

Напад на Польшчу а разам з ім і Другая сусветная вайна пачаліся з абстрэлу нямецкім караблём «Шлезвіг-Гальштэйн» польскіх складоў боепрыпасаў на паўвостраве Вестэрплатэ пад Гданьскам. Нямецкі вермахт уварваўся ў Польшчу без абвяшчэння вайны.
Бітва пад Мінскам (на той час сталіцы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі) завяршылася вызваленнем горада савецкімі войскамі.
Акт аб капітуляцыі быў паўторна падпісаны фельдмаршалам начальнікам штаба Вярхоўнага камандавання вермахта Вільгельмам Кейталем у прысутнасці савецкага маршала Георгія Жукава ў савецкім штабе размешчаным у берлінскім прадмесці Карлсхорст.

Можна аб’яднаць камплекты 2 і 3, запісаўшы падзею на адным баку карткі, а кароткае апісанне падзеі – на другім.

Камплект 4
Пустыя карткі або аркушы, на якіх навучэнцы могуць запісваць свае пытанні і/або каментарыі.

Неабходныя матэрыялы. Настаўніку

Візуальная храналагічная шкала падзей (таймлайн)

Выкладчык павінен падрыхтаваць прастору для храналагічнай шкалы падзей у вучэбнай аўдыторыі. Храналагічную шкалу падзей раскладваюць на падлозе, прымацоўваюць да сцяны або малююць на дошцы для таго, каб навучэнцы маглі свабодна перасоўвацца, дадаючы свае карткі ў храналагічную шкалу падзей. Навучэнцы могуць знаёміцца з інфармацыяй і разглядаць фатаграфіі пад розным вуглом. Падобнае размяшчэнне таксама дазваляе лёгка дадаваць дадатковы матэрыял, напрыклад фатаграфіі і інш.

Прыклады

Карта Еўропы (і гістарычныя карты)

Пажадана таксама выкарыстоўваць карту Еўропы і гістарычныя карты для паказу краін, рэгіёнаў і месцаў, а таксама змяненняў межаў, так як навучэнцы наўрад ці ведаюць знаходжанне рэгіёнаў і месцаў. Вялікі памер карты дазволіць нанесці на яе назвы гарадоў, імёны сведак вайны, фатаграфіі і нават даты пры дапамозе канцылярскіх кнопак альбо пазнак.

Прыклады

Фатаграфіі, малюнкі або ілюстрацыі падзей

У мэтах ілюстрацыі разгляданых падзей можна выкарыстоўваць некаторыя гістарычныя фатаграфіі, малюнкі або ілюстрацыі, напрыклад фатаграфіі падзей агульнага і/або лакальнага характару, фатаграфіі сведак вайны і інш. Фотаздымкі з падзеямі агульнага характару павінны знаходзіцца ў дадатковай папцы і павінны быць даступныя для выкарыстання падчас занятку.

Прыклады

Вытрымкі з дзённікаў або ўспамінаў

Вытрымкі з дзённікаў або ўспамінаў таксама могуць быць уключаны ў храналагічную шкалу падзей і выкарыстаны для персаналізацыі падзей. Вытрымкі ўспамінаў сведак вайны з Расіі, Беларусі, Польшчы і Германіі павінны знаходзіцца ў дадатковай папцы і павінны быць даступныя для выкарыстання ў ходзе занятку.

Прыклад: Януш Тарноўскі з Польшчы, які апісвае бамбаванне Варшавы 27 верасня 1939 г. (запісана 17 чэрвеня 1946 г.)

Калі пачалася вайна, прыляцелі нямецкія самалёты і разбамбілі Варшаву. Бамбаванне доўжылася ад трох да пяці гадзін. Увесь гэты час мы ўсёй сям’ёй правялі ў падвале, акрамя бацькі, які сышоў ваяваць.

Мы днямі і начамі не выходзілі са склепа. Калі ў нас сканчалася ежа, я і мае старэйшыя прыяцелі спрабавалі здабыць ежу ў разбураных крамах – гэта было ўсё, што мы маглі зрабіць.
Януш Тарноўскі (6-ы клас) з Польшчы

Рэкамендаваны план занятку

Занятак павінны быць арганізаваны ў форме працы ў групах.

Праца ў групах

-> Клас падзяляюць на групы, пры гэтым пажадана, каб колькасць вучняў у кожнай было не больш за 5.
Кожнай групе раздаюць:

  • [на меркаванне выкладчыка] поўны камплект усіх картак, на якіх паказаныя даты / падзеі / кароткае апісанне [згодна з указаным вышэй], г.зн. камплект 1, камплект 2 і камплект 3;
  • АБО выбар картак з камплекта 1 і адпаведных картак з камплекта 2 і камплекта 3;
  • адну ці дзве карціны, фатаграфіі ці выявы, якія ілюструюць падзеі на выдадзенай карце;
  • адну вытрымку з дзённіка/успаміну, якая адлюстроўвае падзею на выдадзенай карце.

Праца ў невялікіх групах

  • Вучні ў групах супастаўляюць карткі з камплекта 1 (даты) з адпаведнымі карткамі з камплекта 2 (падзеі) і з камплекта 3 (кароткія апісанні).
  • Пры наяўнасці карцін, фотаздымкаў і/або выяў навучэнцы супастаўляюць іх з падзеямі.
  • Пры наяўнасці вытрымак з успамінаў сведак вайны навучэнцы супастаўляюць іх з падзеямі.

Праца класам

-> Групы навучэнцаў павінны размясціць карткі з камплектаў 1, 2 і 3 на храналагічнай шкале падзей.

  • Пры наяўнасці фатаграфій, карцін і/або выяў навучэнцаў просяць апісаць выяву, змясціць яе на храналагічную шкалу падзей побач з адпаведнай падзеяй і абгрунтаваць свой выбар.
  • Пры наяўнасці вытрымак з успамінаў сведак вайны навучэнцаў просяць коратка апісаць гісторыю, змясціць іх на храналагічную шкалу падзей побач з адпаведнай падзеяй і абгрунтаваць сваё рашэнне.

Абмеркаванне ўсім класам падзеі, праілюстраванай фатаграфіяй або карцінай ці расказанай у выглядзе гісторыі сведкі вайны: усіх навучэнцаў класа выкладчык просіць правесці аналіз з розных пунктаў гледжання; г.зн. навучэнцы павінны паразважаць пра тое, як людзі ў розных краінах (Беларусь, Германія, Польшча ці Расія) былі ўцягнутыя ў гэтую падзею.

Рэфлексія

Праца ў парах

-> Вывучыўшы храналагічную шкалу падзей з датамі, падзеямі, апісаннямі, карцінамі і вытрымкамі, кожная пара навучэнцаў запісвае свае пытанні і/або каментарыі на пустых картках з камплекта 4 або проста па паперках.

У якасці альтэрнатыўнага варыянту, выкладчык выбірае загадзя максімум тры падзеі і выдае па адной падзеі парам навучэнцаў; задача навучэнцаў – разгледзець дадзеную падзею з розных пунктаў гледжання. Вучнi павiнны:

  • коратка абмеркаваць у пары ролю кожнай з чатырох краін у гэтай падзеі; варта таксама абмеркаваць, як палітычная абстаноўка і палітычны фон паўплывалі на ролю і дзеянні людзей;
  • запісаць довады/аргументацыю на пустых картках.

Праца класам

-> Вучні размяшчаюць свае карткі ў адпаведныя месцы/пункты на храналагічнай шкале падзей, задаюць пытанні і/або каментуюць.

-> У залежнасці ад аб’ёму і зместу пытанняў, выкладчык вызначае, на якія з пытанняў будуць адказваць (змогуць адказаць) самі навучэнцы, на якія адкажа выкладчык асабіста, а якія будуць разгледжаны пазней. Важна, каб выкладчык зафіксаваў усе пытанні і адразу ці пазней абмеркаваў іх з навучэнцамі.

У якасці альтэрнатыўнага варыянту, навучэнцы павінны выкарыстоўваць свае довады/аргументацыю пра ролю кожнай з чатырох краін у разгляданай падзеі ў ходзе абмеркавання ўсім класам.

Іншыя альтэрнатыўныя рашэнні агульнага характару...

...для правядзення занятку па тэме «Расія, Беларусь, Польшча і Германія. Пачатак і заканчэнне Другой сусветнай вайны. Кароткі агляд дат і падзей» прадстаўлены ніжэй:

Калі настаўнік аддае перавагу працы з цэлым класам, такі занятак можна таксама правесці ў форме індывідуальнай працы або працы ў парах замест працы ў групах.

-> Кожнаму навучэнцу або пары навучэнцаў выдаюць адну карту з камплекта 1 і адпаведную карту з камплекта 2 і камплекта 3;
-> затым навучэнцаў просяць размясціць па чарзе свае карткі ў адпаведныя месцы/ кропкі на храналагічнай шкале падзей у храналагічным парадку і зачытаць услых тое, што запісана на картках;
-> потым навучэнцам выдаюць фатаграфію падзеі ці вытрымку з успамінаў, напісаных сведкамі вайны. Вучні павінны будуць апісаць выяву або каротка апісаць гісторыю, суаднесці іх з адпаведнай падзеяй на храналагічнай шкале падзей і абгрунтаваць сваё рашэнне.

Дадатковы пералік пытанняў

Ніжэй прыведзены дадатковы пералік пытанняў, якія можна абмеркаваць з навучэнцамі ў пачатку ці ў канцы занятку:

  • Дайце сваё вызначэнне паняццю «вайна».
  • Калі пачалася вайна?
  • Калі вайна скончылася?
  • Назавіце даты, якія, на вашу думку, з’яўляюцца важнымі для расіян і павінны быць згаданыя ў разглядзе пытання аб пачатку і заканчэнні Другой сусветнай вайны. Абгрунтуйце свой адказ.
  • Назавіце даты, якія, на вашу думку, з’яўляюцца важнымі для беларускага народа і павінны быць згаданыя ў разглядзе пытання аб пачатку і заканчэнні Другой сусветнай вайны. Абгрунтуйце свой адказ.
  • Назавіце даты, якія, на вашу думку, з’яўляюцца важнымі для польскага народа і павінны быць згаданыя ў разглядзе пытання аб пачатку і заканчэнні Другой сусветнай вайны. Абгрунтуйце свой адказ.
  • Назавіце даты, якія, на вашу думку, з’яўляюцца важнымі для нямецкага народа і павінны быць згаданыя ў разглядзе пытання аб пачатку і заканчэнні Другой сусветнай вайны. Абгрунтуйце свой адказ.
  • Калі б вы спыталі вашых прабабулю або прадзядулю пра тое, калі вайна пачалася і скончылася для іх асабіста, якія даты яны б указалі?

This website uses different cookies. We use cookies to personalize content, provide social media features, and analyze traffic to our website. Some cookies are placed by third parties that appear on our pages. You can find more information and options to choose from in our Privacy Policy and Configurations for usage.

Прыняць Адмовіць