Дзённікі / Успаміны

Aнна К. , Расія

13-16 гадоў

45 хвілін

Ганна Іванаўна Някрасава

Нарадзілася ў 1927 годзе ў вёсцы Пятроўскае, Хамутоўскі раён, Курская вобласць, РСФСР.

1941

22 чэрвеня
«Прыйшла вайна», – кажуць шэптам бацькі. Вайна... Што гэта? Вайна – гэта страшна, яе баяцца. І мне таксама страшна. Крадком пазіраю на аднавяскоўцаў: ва ўсіх у вачах разгубленасць і страх.

10 ліпеня
Сёння бацька пайшоў на фронт. Якім жа цяжкім было развітанне!.. Знясілеўшы ад слёз, мама павісла ў бацькі на плячах. Яна ўжо не плакала, нібы каменная глядзела на тату. Бацька стараўся прытуліць усіх нас да сябе: і мяне, і Сашу, і Надзюшку. У сэрцы б’ецца трывога: ці ўбачымся мы зноў?

5 верасня
Сёння атрымалі першы ліст ад таты!!! Рады ўсе! Мама гучна чытала, у адной руцэ яна трымала каштоўны аркушык, другой рукой слёзы выцірала, а яны ручаём каціліся па яе твары. Потым мама паклала трохвугольнікам згорнуты ліст на стол, мы з Сашкам перачыталі яго зноў. А Надзя чытаць яшчэ не ўмее, яна ўзяла яго ў рукі, пакруціла, пагладзіла тоненькай ручкай і паклала назад. Тата піша: “Мне б хоць секундачку праз вушка іголкі на вас паглядзець”.

14 верасня
Жывём у пастаянным страху. Немцы ўжо дайшлі да нас. Учора з сяброўкамі праходзілі міма школы, і я была ўражаная прыгнятальным становішчам: пустыя класы, аблупленыя сцены, шэрыя столі. Калі ўсё гэта скончыцца?

21 лістапада
Сёння прастольнае свята, але няма ні гасцей, ні пачастункаў. Не да свят. У многіх маіх сябровак татаў больш няма, толькі пахаванкі...

1942

6 студзеня
Зіма ўступіла ў свае правы. Холадна... Кожны раз, глытаючы гарачы абед, мару пра дабаўку, ведаючы, што гэтая мара нязбытная ...

27 студзеня
...Я вырашылася на вельмі няпросты для мяне крок: абрэзала сваю доўгую касу, якую не было магчымасці даглядаць у такіх умовах...

11 лютага
Сёння Сашка са сваімі сябрамі ўпотай перадалі партызанам зброю. Яны збіралі яе ў лясах недалёка ад вёскі. Маме мы нічога не сказалі, яна хвалявацца будзе. Бо за дапамогу партызанам немец не памілуе.

5 сакавіка
Ужо вечар, а ў мяне душа ніяк з пятак вярнуцца не можа. Удзень, калі ні мамы, ні Сашы дома не было, у хату да нас зайшлі два фрыцы. Шасталі па пакоі, зазіралі за фіранкі, у падполле, а самі: “Партызанэн! Партызанэн!” Я адразу здагадалася, што яны пытаюцца, але ад страху слова вымавіць не магла. Сястрычка ўтыкнулася тварам да мяне ў калені, далонькамі вушы закрыла. Немцы не знайшлі нічога падазронага і сышлі, прыхапіўшы з сабой ежу са стала.

1943

20 ліпеня
Даўно не пісала я ў дзённіку. Шмат падзей адбылося. Немца выбілі з нашага сяла, колькі ж ад яго нацярпеліся!.. А Сашка наш на фронт пайшоў. Спраўдзілася яго мара. Год сабе прыпісаў, васямнаццацігадовым выдаў сябе ў ваенкамаце. Мама перажывае. ... Працы ў полі, на агародзе шмат. А работнікі – жанчыны, дзеці, старыя. Коней каровы замянілі. Нас з аднагодкамі ўжо дарослымі лічаць, адказныя справы нам даручаюць. Мы стараемся...

1944

27 жніўня
Сёння раніцай мама дастала з куфра адрэз жоўтай бязі і пашыла мне сукенку да дня нараджэння. Бо мне 17. Я шчаслівая ад такога падарунка. Апрануўшы новенькую сукенку, я на некалькі секунд забылася пра вайну, у галаве кружыліся мары пра будучыню, пра шчасце, пра каханне.

1945

9 мая
Радасная вестка аб доўгачаканай перамозе! Усе радуюцца! Як мы марылі пра гэты дзень! Мама ўвесь час паглядае на дарогу, глядзіць, ці не ідзе бацька. Я так рада, татка жывы, Саша жывы! Прыходзіць новае жыццё...

Крыніца: Дневник военных лет жительницы с. Петровское Анны Ивановны Некрасовой под ред. Е. Кашляковой, М.В. Максимовой // Исследовательская школьная работа, «Ольховская средняя общеобразовательная школа», Хомутовский район, 2015 г.

Леў Пашэрснік

Нарадзіўся ў 1924 г. Жыхар Тулы. Леў, школьнік і камсамолец, вёў дзённік перад сыходам на фронт.

22 чэрвеня
Сёння па радыё перадавалі прамову Молатава аб пераходзе нямецкімі войскамі межаў СССР. Тула і шмат іншых гарадоў абвешчаныя на ваенным становішчы. Выходны дзень прайшоў дрэнна. Шпацыраваў, гуляў у більярд і лато. Чытаў аповесць Горкага “Споведзь”.

23 чэрвеня
Сёння ў інстытуце пасля працы быў мітынг з нагоды вайны. Увечары я гуляў.

24 чэрвеня
У інстытуце рабіў чарцёж. Пасля працы шпацыраваў, гуляў у більярд. Аб адзінаццатай гадзіне вечара мяне выклікалі ў Райкам ВЛКСМ [заўвага перакладчыка - Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі] Сакратар распавёў мне пра тое, што арганізуецца атрад па барацьбе з дэсантамi ворага. Я добраахвотна запісаўся ў гэты атрад. У Туле ўначы зусім цёмна.

27 чэрвеня
Пасля працы шпацыраваў і гуляў у гарадкі і ў більярд. Увечары выклікалі ў райкам ВЛКСМ, дзе я прадзяжурыў да 2 гадзін ночы разам з іншымі сувязістамі.

28 чэрвеня
У інстытуце рабіў “дэталяванне” падвеснай цялежкі для падачы лесу ў шахту. Сёння я атрымаў свой першы заробак – 188 руб. Увечары гуляў.

30 чэрвеня
Памяншаў чарцёж станка. Пасля працы выдавалі заборныя кніжкі. Мяне прымацавалі да крамы No 5. Шпацыраваў, гуляў у більярд.

2 ліпеня
У 4 гадзіны ночы мяне выклікалі ў Райкам ВЛКСМ Разносіў позвы: быў у Кіраўскім пасёлку. Пасля працы ў інстытуце гуляў і чытаў апавяданні Зошчанкі.

5 ліпеня
На працу з’явіўся, як і заўсёды, у 8 гадзін 30 хвілін. Працягваў дэталяванне вібратара. Пасля заканчэння працы 2 гадзіны капаў траншэі. Увечары купаўся на воднай станцыі.

8 ліпеня
Пасля працы былі заняткі па СПХА. Дахаты прыйшоў позна. Шпацыраваў. Сёння ўступіў у народнае апалчэнне.

11 ліпеня
Усю сённяшнюю ноч не спаў, але ранкам, як і заўсёды, выйшаў на працу. У 7 гадзін вечара займаўся ваеннай падрыхтоўкай, у народным апалчэнні ад нашага інстытута. Купаўся з таварышам паблізу воднай станцыі. Дадому вярнуліся каля 11 гадзін ночы.

12 ліпеня
Працаваў у інстытуце, пасля чаго займаўся ваеннай падрыхтоўкай у народным апалчэнні. Увечары гуляў. Сёння ноччу была паветраная трывога.

14 ліпеня
Сёння мне споўнілася 17 гадоў. Да 5 гадзін вечара працаваў у інстытуце. Атрымаў зарплату. Шпацыраваў, хадзіў купацца.

16 ліпеня
Ранкам была паветраная трывога, пасля заканчэння якой я пайшоў у Райкам ВЛКСМ і атрымаў характарыстыку. Увечары чытаў “Аповесць смутнага часу” А. Талстога. Купаўся на воднай станцыі.

1 жніўня
Дзень правёў нудна. Шпацыраваў. Увечары стаяў у чарзе па пернікі. Чытаў.

9 жніўня
Шпацыраваў, хадзіў у школу, дзе атрымаў пропуск з правам хаджэння па горадзе падчас паветранай трывогі. Запісаўся ў пажарную дружыну. Увечары чытаў “Гісторыю майго сучасніка”.

1 верасня
Раніцай прарабіў практыкаванні з гантэлямі. Шпацыраваў. Чытаў “Гісторыю майго сучасніка”, а ў 4 гадзіны пайшоў у школу: пачаўся новы навучальны год. Вучыцца мы пакуль будзем у будынку машынабудаўнічага тэхнікума па вечарах. Увечары пасля ўрокаў купаўся з таварышамі і шпацыраваў.

2 верасня
Раніцай прарабіў практыкаванні з гантэлямі. Вывучыў урокі, гуляў, чытаў “Сучасніка”, а да 5 гадзіны накіраваўся ў школу. Увечары купаўся з таварышамі на воднай станцыі і шпацыраваў.

8 верасня
Раніцай займаўся з гантэлямі, вывучыў урокі, гуляў і пайшоў у школу. Увечары хадзіў у Райкам ВЛКСМ і запісаўся ў вынішчальны батальён.

13 верасня
Раніцай займаўся з гантэлямі. Час з 11 гадзін да 16 гадзін правёў на стрэльбішчы, дзе наша аддзяленне трэніравалася ў стральбе і кіданні гранат. Чытаў “Гісторыю майго сучасніка”. Слухаў даклад сакратара ЦК [заўвага перакладчыка - Цэнтральнага камітэта]. ВЛКСМ у будынку РУ No1 пра вынікі вайны з германскім фашызмам. Увечары гуляў.

18 верасня
З 6 да 10 і з 18 да 22 гадзін стаяў у варце ў абкаме партыі. У прамежак паміж каравуламі шпацыраваў, чытаў “Гісторыю майго сучасніка”. Начаваў у казарме, глядзеў фільм “Канёк-гарбунок”».

Крыніца: https://prozhito.org/person/2576

Валянціна Шышло (у дзявоцтве Данілава)

Нарадзілася ў сям’і вайскоўца 10 лютага 1936 г. у вёсцы Беліца Жлобінскага раёна Беларускай ССР.

Вайна

Падчас акупацыі сям’я Данілавых жыла ў доме бацькоў бацькі Валянціны Фёдара Фёдаравіча Данілава ў Беліцы. У 1943 годзе нямецкія вайскоўцы перасялілі іх у стайню. Акрамя мясцовага насельніцтва там былі мірныя жыхары, сагнаныя са Смаленска. Валянціне Фёдараўне было восем гадоў, калі яе маці Ніну Фёдараўну з пяццю дзецьмі ў сакавіку 1944 года вермахт дэпартаваў у лагер блізу Азарычаў. Сям’я Данілавых тры дні знаходзілася ў дарозе, начуючы пад адкрытым небам у полі, агароджаным дротам. Той доўгі шлях да Азарычаў людзі называлі «дарогай смерці». Людзей, няздольных ісці далей, немцы расстрэльвалі па ўсім шляху па дарозе ў лагер.

Канцэнтрацыйны лагер Азарычы ў Гомельскай вобласці афіцыйна дзейнічаў усяго толькі дзесяць дзён. Па загадзе вермахта на невялікую плошчу ў балоцістай мясцовасці было сагнана каля 50 тыс. цывільнага насельніцтва – жыхары Гомельскай, Магілёўскай, Палескай абласцей Беларусі, а таксама Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі. У Азарычы нацысты спецыяльна звозілі хворых на сыпны тыф і іншыя хваробы. Людзей заражалі з разлікам, што пасля інфекцыя перакінецца на надыходзячыя часткі Чырвонай арміі. У лагеры памерлі тры малодшыя браты Валянціны: Гарык, Марат і Барыс, а Валянціна з сястрой Кларай выжылі дзякуючы бабулі. Валянціна Шышло ўспамінае:

«Уваходзячы на тэрыторыю лагера, кожны знаходзіў нейкую купіну, там сядаў і сядзеў, каб не сядзець у балоце. Ніякага харчавання, ніякай дапамогі, нічога не было... Здзекаваліся. Клалі на стол хлеб, а стол мініравалі. Людзі галодныя былі, падыходзілі па хлеб і падрываліся. Я гэта на свае вочы бачыла...

Яны ведалі, што мы павінны былі памерці. І мы проста паміралі страшнай смерцю. Гэта голад, холад і тыф. [...] Памятаю каля нас ляжаў дзед, увечары яны размаўлялі, а раніцай ён мёртвы ляжыць, а ён у кажуху быў, і за гэты кажух сталі драць яго з усіх бакоў, а бабуля хацела дзяцей на яго пакласці. Дзякуючы бабулі я і Ляля засталіся жывыя, а ўсе хлопцы нашы там загінулі, там жа іх і пахавалі ў нейкіх анучах – Гарык, Марат і Барыс. [...] Мама казала, што мы шукалі якую- небудзь анучку, каб загарнуць, рукамі разграбалі і там пахавалі.

Па лагеры мы не хадзілі. Калі хтосьці вогнішча хацеў распаліць, салдаты адразу стралялі. Я хварэла, вельмі моцна хварэла. Бабуля падаслала пад мяне кажух, я на ім так і ляжала, хадзіць нікуды не магла.

З кожным годам успамінаць і расказваць пра перажытае становіцца толькі цяжэй. У мяне не было дзяцінства – яго забрала вайна. У лагеры мы з мамай, бабуляй, цёткай і маімі братамі выжывалі як маглі – сакавік быў халодным, удзень ішоў то дождж, то снег, а па начах быў мароз. На тэрыторыі канцлагера не было ніякіх пабудоў, мы знаходзіліся пад адкрытым небам. Удзень і ноччу нас ахоўвалі нямецкія салдаты на вартавых вышках, абсталяваных кулямётамі. Калі хто-небудзь набліжаўся да калючага дроту, стралялі без папярэджання. Уздоўж агароджы ляжала шмат забітых і параненых. Не было вады і ежы, цёплай вопраткі. Вакол – вельмі шмат хворых на тыф, хвароба хутка распаўсюджвалася; людзі паміралі. Мёртвыя ляжалі побач з жывымі. Тры мае маленькія брацікі назаўжды засталіся там, у балоце. Гэта былі 10 дзён пекла. 19 сакавіка, калі лагер быў вызвалены савецкімі войскамі, я называю днём свайго другога нараджэння».

Пасля вайны

Пасля вайны Валянціна скончыла школу і пазней тэхнічнае вучылішча. Працавала тэхнолагам, а затым школьнай настаўніцай. Паралельна Валянціна Фёдараўна праводзіла экскурсіі па мемарыяльным комплексе «Хатынь», падчас якіх распавядала наведвальнікам пра лагеры блізу Азарычаў. З 1990-х гг. Валянціна Шышло рэгулярна наведвае месца памяці ў Азарычах, выступае ў школах. З 2010 г. яна з’яўляецца старшынёй мінскага аб’яднання вязняў Азарычаў. У 2015 г. унучка Іна перадала Валянціне Фёдараўне ліст з мемарыяльнага комплексу канцэнтрацыйнага лагера і музея Дахау з інфармацыяй пра тое, што яе бацька Фёдар Фёдаравіч Данілаў быў забіты на палігоне СС Хебертхаўзэн.

Крыніца: Электронны архіў сведак Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна ў Мінску. Мінск, Беларусь. http://zeitzeugenarchiv.gwminsk.com/ru/archiv/ozarichi/shishlo-valentina

Зінаіда Гарачка

Нарадзілася 11 чэрвеня 1931 г., жыла ў невялікім сяле Высачаны Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці Беларускай ССР.

Да вайны

Сям’я наша была з рабочых. Тата працаваў сталяром, а мама рабочай на льнопрадзільнай фабрыцы імя Карла Маркса ў мястэчку Высачаны Лёзненскага раёна.

Вайна

У адзін з гарачых дзён чэрвеня 1941 года, вяртаючыся дадому з букетамі палявых кветак, мы пачулі: галосяць жанчыны. Так пачалася вайна.

Жыць было вельмі цяжка. Фабрыку ўзарвалі, станкі звезлі ў Расію, каб не дасталіся фашыстам. Агарода свайго не мелі, так як жылі толькі на адзін заробак. Мама хадзіла па вёсках, мяняла (заўвага рэдактара: на прадукты) вопратку. Улетку сілкаваліся адным шчаўем, ягадамі. А часам даставалі шалупінне (ачысткі) ад бульбы, пяклі ляпёшкі. У сяле таксама было неспакойна. Многія, якія былі высланы савецкімі органамі, вярнуліся і пайшлі ў паліцаі. Яны былі прамымі памагатымі фашыстам.

У 1943 годзе ў нашых месцах ішлі цяжкія баі і немцам давялося адступіць. Нас выгналі з сяла, так давялося пакінуць родныя мясціны. Стаяла халоднае восеньскае надвор’е. Ішлі пешшу, спыняліся на начлег у якой-небудзь вёсцы. Немцы прапанавалі дзяцей падвезці на машыне, але мама не пагадзілася.

Так нас дагналі да Масюкоўшчыны, дзе месціўся лагер для ваеннапалонных і перамешчаных асоб. Адсюль, замкнуўшы ў таварныя вагоны, нас павезлі ў Германію. Пераехаўшы мяжу, адчынілі дзверы вагонаў, і ў нас паляцелі камякі гразі са словамі: «Русіш швайнэ». Ішлі пешшу па дарогах Германіі ў суправаджэнні маладых «гітлерюгенцаў». Начавалі ў памяшканнях, дзе ўтрымлівалі жывёлу. Там было цёпла, так як жывёлу немцы ўтрымлівалі ў чысціні і цяплыні.

Прывялі нас у горад Зіген, зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія, [дзе мы] прайшлі апрацоўку і былі змешчаныя ў баракі. Сем’і жылі разам, іх не падзялялі. Адразу ж павялі на фабрыку. Нас, падлеткаў, было каля 7 чалавек па 12-13 гадоў. Майстар (я запомніла яго імя і прозвішча) Оскар Білер сказаў: «Адзін тыдзень – і вы будзеце спецыялістамі». Так я ў 12 гадоў даведалася пра дзіцячую працу. Працавала на зварцы металічных труб. Пра майстра хачу сказаць, што ён быў нядрэнным чалавекам, не біў нас, але лаяўся, калі атрымлівалася дрэннае шво пры зварцы. Мабыць, разумеў, што нам, дзецям, вельмі цяжка.

Бацька працаваў на вельмі цяжкой працы, ледзь цягаў ногі ў драўляных калодках. Мне яго было вельмі шкада, так як харчаванне складалася з чарпака баланды з кальрабі і пары лыжак зялёнага шпінату. І тое нам сказалі, што пашанцавала. Раней кармілі горш.

Вельмі шмат памерла маладых людзей. Баракі былі пад наглядам паліцаяў. Я добра запомніла Ота і Вільгельма. Ота – малады, гарачы, вельмі шмат крычаў і размахваў дубінкай, але біць стараўся менш, чым Вільгельм. Даставалася майму бацьку, які не хацеў сыходзіць у бункер пры налётах амерыканскай авіяцыі. Ён казаў, што лепш памерці, чым такое існаванне. Перад вызваленнем нас загналі ў бункер і зачынілі. Не хапала кіслароду, мы сталі задыхацца. Мама, тата і я развіталіся і рыхтаваліся сустрэць смерць. Адзін з вязняў па ручайках, якія цяклі з гор, знайшоў выйсце і прыйшоў па нас. Выходзілі мы па вузкім праходзе, які цягнуўся на пэўнай адлегласці ў гары.

Выйшаўшы з бункера, глынуўшы свежага паветра, мы ўпалі і страцілі прытомнасць. Праз некаторы час, ачуняўшы, мы ўбачылі машыны з амерыканскімі салдатамі. У той жа дзень мы сышлі з лагера. Нас падвезлі да Шварцвальда, дзе мы тыдзень знаходзіліся ў размяшчэнні амерыканскай часткі. Нас падкормлівалі гарохавым супам.

Пасля вайны

Затым нас перадалі сваім савецкім войскам, [мы] прайшлі рэгістрацыю і вярнуліся на Радзіму. Наша сяло было спаленае. Мы знайшлі зямлянку ў вёсцы Буракі і ператварылі яе ў жыллё. Маці і бацька працавалі на торфараспрацоўках, я пайшла ў школу ў 5-ы клас, так як 4-ы я скончыла ў час вайны. Зноў галадалі. Было поле з нявыкапанай мерзлай бульбай; [мы] выкопвалі яе і пяклі аладкі.

Крыніцы: Памяць сэрца. Старонкі ўспамінаў / Пад рэд. М.Богдан. – Мінск. 2008 г. Электронны архіў сведак Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна ў Мінску. Мінск, Беларусь http://zeitzeugenarchiv.gwminsk.com/ru/archiv/workers/goryachko-zinaida

Крыстына Маркуўна

З Пшэмысля, Польшча.

У чэрвені 1942 года Крамянецкі ліцэй быў запоўнены дзяўчатамі і юнакамі ды іх бацькамі. Канец навучальнага года. Выступы, прэзентацыі, уручэнне пасведчанняў. Хто мог бы падумаць тады, што гэтыя дзверы так доўга будуць зачынены для навучэнцаў?

Немцы захапілі Крамянец падчас вакацый. У будынку ліцэя размясціўся шпіталь. Уваход у будынак нам быў забаронены. Акупанты звалілі ў кучу ўсе паперы і дакументы, усё змесціва бібліятэкі і спалілі. Улады не клапаціліся пра адукацыю моладзі – моладзь чакала праца ў Германіі і адпраўка туды.

Нейкім цудам мне ўдалося ўхіліцца ад працы. Я хацела вучыцца, але дзе? Працавала адна школа, дзе мовай выкладання была ўкраінская, аднак палякаў там не любілі і маглі зацкаваць. Я вучылася дома, пад кантролем мамы. Доўга гэтая вучоба не працягнулася, так як мама вымушаная была пайсці працаваць, а я – займацца хатай. Калі ў мяне быў час, вольны ад хатняй работы, я чытала кнігі, перапісвала тэксты з падручнікаў і рашала матэматычныя задачы, каб не забыць тое, што я вывучала ў школе.

Аднойчы да мяне прыйшлі пабачыцца сябры і распавялі пра тое, што яны вучацца. Вядома, гэта павінна было застацца таямніцай. Мяне перапаўняла зайздрасць: яны вучыліся, а я – не. Калі мама прыйшла дадому з працы, я ўсё ёй расказала і спытала, ці магу я наведваць заняткі разам з маімі сябрамі. Яна не пярэчыла, і мы разам накіраваліся да дома майго сябра, дзе праходзілі ўрокі. Мяне прынялі ў клас.

Нас было сем дзяўчынак і чатыры хлопчыкі, а вучыў нас прафесар Караль Лах – нізкага росту, у пенснэ, ён валодаў шырокімі ведамі ў самых розных галінах. Мы атрымлівалі вялікае задавальненне ад яго лекцый па літаратуры і гісторыі, тады як матэматыка і латынь былі больш нуднымі.

Нашы заняткі праходзілі з 5 да 7 вечара. Пасля іх завяршэння мы хутка расставаліся і спяшаліся па хатах, каб не прыцягваць увагі паліцэйскіх нарадаў, якія хадзілі па вуліцах. Нам дазвалялася знаходзіцца на вуліцах толькі да 7 гадзін вечара. Часам мы дарэмна чакалі прафесара, які так і не прыходзіў; на наступны дзень мы даведваліся, што ён не змог прыйсці, бо за ім сачылі і яму давялося зрабіць вялікі крук, а затым бегчы дадому па цёмных закутках.

Калі за домам майго сябра сачылі, заняткі праводзілі ў каго-небудзь іншага, часта ў нас дома. Наш дом быў бяспечным месцам, бо мы жылі ў завулку на вяршыні пагорка ў так званай «калектыўнай сядзібе». Немцы стараліся асабліва не набліжацца да гэтага месца, таму што баяліся. Так усё ішло да сакавіка 1943 года. Нашы заняткі праходзілі без падручнікаў, самым прымітыўным чынам.

У 1943 годзе ўлады ўвялі надзвычайнае становішча. Нашым сустрэчам перашкаджалі частыя праверкі, паліцэйскія аблавы і строгія забароны на перамяшчэнне ўвечары без дазволу. Бацькі, якія турбаваліся за нас, і прафесар, які перажываў за сябе, рэкамендавалі нам пачакаць з заняткамі нейкі час. Так працягвалася да таго часу, пакуль уся наша група не раз’ехалася з Крамянца, куды ў далейшым мы вярталіся толькі ў думках з розных куткоў Польшчы.

Крыніца: Перажытае мной у вайну. Сачыненні дзяцей, напісаныя ў 1946 годзе, Інстытут імя Пілецкага, Варшава, 2019 г. Стар. 134-135. https://instytutpileckiego.pl/en/publikacje/moje-przezycia-wojenne-wypracowania-dzieci-z-1946-roku

Ядвіга О.

Нарадзілася ў 1925 г., Драгабыцкі павет (акруга), Львоўскае ваяводства, Польшча.

13 красавіка 1940 года мяне, маю маці Марыю і брата Ежы дэпартавалі ў Казахстан, у калгас (калектыўная гаспадарка), дзе нас прымушалі працаваць пад пагрозай голаду. Я не магла ўтрымліваць сям’ю на тыя грошы, якія зарабляла, таму мы часта галадавалі і наша здароўе пагоршылася. Працоўныя ўмовы былі вельмі цяжкімі для мяне, таму што мне было ўсяго 15 гадоў, і я павінна была выконваць самую цяжкую працу, каб хоць неяк падтрымаць сям’ю. Мама амаль не працавала – узрост мамы не дазваляў, а мой брат быў дзіцем (10 гадоў) і таксама не мог працаваць. Так і атрымалася, што я не магла разлічваць на заробкі мамы ці брата. Дзе я толькі не працавала: і на палях, і ў садзе і ў стайнях. Праца ў полі была цяжкай: кожны дзень мне даводзілася ісці пешшу кіламетраў пяць да месца працы, а спазняцца было нельга, так як спазненне на працу пагражала перш за ўсё стратай працы і, магчыма, судом. Судовае ж разбіральніцтва было звычайна спалучана з рызыкай турэмнага зняволення на некалькі гадоў.

Умовы пражывання былі вельмі кепскія. Я жыла ў старым закінутым доме, дах якога працякаў пры любым дажджы; думаю, вы ўяўляеце, што адбывалася ўвесну, у перыяд таяння снягоў. Усю зіму я прапрацавала ў стайнях, а гэта была нялёгкая праца. Я павінна была адна накарміць і вычысціць 53 жывёлы, сярод якіх было 15 валоў і 4 вярблюды. Спачатку мне было вельмі цяжка, таму што да гэтага я не працавала з коньмі і быкамі (не кажучы пра вярблюдаў), а тут раптам мне давялося гэта рабіць самастойна. Я часта атрымоўвала ўдары капытом ад коней, у мяне плявалі вярблюды, а бык аднойчы параніў мяне рогам. Неяк мне давялося два тыдні правесці ў ложку са зламанай рабрынай. Калі мне стала лепей, мяне прымусілі вярнуцца на працу; нікога не турбавала тое, што здарылася са мной. Я ціха змірылася з усім, суцяшаючы сябе тым, што гэта не прадоўжыцца вечна. Мы жылі ў жудаснай галечы, суцяшаючы адно аднаго надзеяй на тое, што ўсё скончыцца. І нарэшце надышоў дзень, якога мы так цярпліва чакалі, – дзень, калі была абвешчана амністыя. Тым не менш нас не хацелі адпускаць з працы, нягледзячы на амністыю, і стаўленне да нас не змянілася. І самым жахлівым было тое, што нас не хацелі адпускаць з калгаса. Я выратавала ўсю нашу сям’ю ад далейшых пакут, арганізаваўшы нашы ўцёкі ноччу. Тыя, каму не ўдалося збегчы, засталіся там і па-ранейшаму пакутуюць...

Крыніца: Вайна вачыма дзяцей: акупацыя Польшчы Савецкім Саюзам і дэпартацыі, 1939—1941 гг. (выданне для Kindle), Ян Т. Грос (аўтар), Ірэна Грудзінска-Грос (рэдактар), Бруна Бетэльхайм (прадмова), Рональд Стром (перакладчык), Дэн Рыверс (перакладчык) https://www.amazon.com/dp/B07VJJTCPB/ref=nav_timeline_asin?_encoding=UTF8&psc=1

Герда Альтпетэр (у дзявоцтве Рапапорт)

Нарадзілася ў 1926 г., з Эсэна, горада ў Рурскай вобласці, федэральная зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія (Германія).

Бацька Герды, Філіп Рапапорт быў інжынерам-будаўніком і горадабудаўніком, добра вядомым за межамі Германіі; займаў пасаду дырэктара Саюза пасяленняў у Рурскім вугальным раёне [заўвага перакладчыка: саюз па планаванні і будаўніцтве пасяленняў для шахцёраў у Рурскай вобласці]. Адпаведна, Герда і тры яе старэйшыя браты раслі ў забяспечанай сям’і.

У 1933 годзе бесклапотнае жыццё сям’і рэзка заканчваецца: нягледзячы на тое, што Рапапорты прынялі пратэстанцкую веру яшчэ ў 1880-х гг., Філіп лічыўся яўрэем у адпаведнасці з крытэрыямі расавай ідэалогіі нацыянал-сацыялістаў, а яго дзеці – так званымі «мішлінгамі (“мяшанцамі”) першай ступені». Філіп згубіў працу праз некалькі месяцаў пасля прыходу нацыянал-сацыялістаў да ўлады.

[...] Нацыянал-сацыялізм паступова прасочваўся і ў паўсядзённае школьнае жыццё ў школе імя Марыі Вехтлер: «У пятым класе амаль усе дзяўчынкі былі ў “Саюзе дзяўчынак”, усе хадзілі ва ўніформе. І мы ўсе павінны былі шыхтавацца ў калідоры, калі прыязджалі Гітлер, Мусаліні, Лудэндорф, Герынг ці хто там яшчэ [...]».

Гердзе Альтпетэр даводзілася трываць пытанні сваіх аднакласніц: «А ты чаму яшчэ не ўступіла? Табе таксама трэба да нас у саюз!» Бацькі Герды набылі ёй чорную спадніцу і блузку, каб яна не так моцна кідалася ў вочы на парадах побач з дзяўчынкамі ва ўніформах. Але ўступіць у «Саюз дзяўчынак» было немагчыма: «Мне здавалася дзіўным, што ў мяне не было членства, і я ўвесь час прасіла маму: “Я таксама туды хачу!”» Спачатку мама Герды проста адмаўляла ёй без тлумачэння прычын. «А потым у шостым класе яна нарэшце сказала, чаму не: “Ты не можаш, твой бацька – яўрэй. Твае бабуля і дзядуля былі яўрэямі”».

Герда Рапапорт не магла ўступіць у «Саюз нямецкіх дзяўчат» і ў «Саюз дзяўчынак» з-за сваіх яўрэйскіх продкаў. [...] Для дзяўчынак, якія былі членамі гэтых арганізацый, становіцца відавочна, што Герда «выключаная» і не можа быць ім сяброўкай: «З аднакласніцамі ўзнікала ўсё больш складанасцей, так як яны ўвесь час пыталіся і настойвалі. А калі яны зразумелі, у чым справа, часам яны сталі паводзіць сябе вельмі непрыемна».

Яшчэ горш была дарога дадому пасля школы: «Хлопчыкі з “Гітлерюгенда” рабілі ўсякія поскудзі на вуліцы. Пару разоў мяне моцна пабілі, але я не здалася без бою. У гарадскім лесапарку было шмат калючых кустоў. Я прабегла праз іх, а мае пераследнікі атрымалі калючкі і адсталі ад мяне». У мэтах бяспекі Гердзе даводзілася ісці дадому доўгай дарогай па галоўных вуліцах, дзе ёй маглі б дапамагчы мінакі.

Акрамя таго, ёй дапамагла старая яўрэйская прымаўка, якой яе навучыў бацька: «Ператвары ворагаў у сяброў, і будзеш жыць». Яна пачынае прапаноўваць сваім аднакласніцам дапамогу з хатнімі заданнямі. Яна дапамагла маці аднаго з кіраўнікоў “Гітлерюгенда”, які жыў па суседстве: «З ёй можна было прайсці па вуліцы, і хлапчукі з “Гітлерюгенда” нічога не казалі, толькі паглядалі на мяне з-пад ілба. І з таго часу ніхто больш не нападаў на мяне. Яна была мне вельмі ўдзячная і відавочна хацела, каб мяне пакінулі ў спакоі». [...]

Улетку 1942 года наведванне школы для Герды і яе самага малодшага брата Вернера-Карла заўчасна скончылася. Гердзе было шаснаццаць год, калі пачаліся летнія вакацыі, і тады нішто не прадвяшчала бяды. «Раптам аказалася, што прынятыя новыя законы», – законы, якія забаранялі так званым «мішлінгам» наведванне школы пасля сёмага класа. Адразу пасля завяршэння вакацый Герду выклікаў у свой кабінет намеснік дырэктара школы імя Марыі Вехтлер. Як і дырэктар школы, ён быў перакананым нацыянал-сацыялістам, але яны абодва з павагай ставіліся да Герды як да добрай вучаніцы. «Мне страшэнна шкада», – папрасіў прабачэння намеснік дырэктара. Але хіба шкадаванне магло замяніць Гердзе школу? «Для мяне гэта было страшэнным ударам. Я старалася вучыцца далей сама». Але праца, якую ёй цяпер трэба было выконваць у рамках «абавязковага года службы», не дазваляла засяродзіцца на вучобе. [...]

Цяжкае становішча Герды і яе сям’і пагоршылася на фоне больш частых і ўсё больш моцных бамбаванняў прамысловага горада Эсэна. Рапапортам нельга было хавацца ў грамадскіх бамбасховішчах, і падчас моцных бамбаванняў ім даводзілася хавацца ў падвале свайго дома. Цяпер Герда Альтпетэр разумее, што пастаянныя бамбаванні, адсутнасць сну па начах і штохвілінная пагроза жыццю «даводзілі яе да роспачы» фізічна і маральна.

Яна не заўважыла, што ў той жа перыяд пачаліся першыя дэпартацыі з Рэйнскай вобласці ў канцэнтрацыйныя лагеры і лагеры смерці на ўсходзе. Але з часам рызыка павялічылася, у тым ліку і для яе сям’і. Пачынаючы з 1941 года яе бацька павінен быў насіць зорку Давіда: «Ён амаль не выходзіў на вуліцу, хіба што на набажэнства, і тады ён хаваў “зорку” пад каўняром». [...]

Пасля завяршэння абавязковага года службы, 1 кастрычніка 1943 года Герда атрымала месца на эсэнскім хімічным прадпрыемстве «Гольдшміт АГ». Яна працавала асістэнткай у хімічнай лабараторыі і ўдзельнічала ў вопытах па ачыстцы жалеза. Герда лічыла гэтую працу «дужа цікавай». Але ўжо ў канцы 1943 года аддзел эвакуявалі з Эсэна, які моцна бамбілі, у аўстрыйскі Вілах.

Уцёкі ад уласнай дэпартацыі: «Мяне павінны былі вывезці»

Неяк Герда прыйшла на працу, а яе адправілі да начальніка па персанале, які без акалічнасцей заявіў здзіўленай дзяўчыне: «Вы хворая! Ідзіце да свайго ўрача». Герда не была хворая, але выканала ўказанне. Урач таксама пацвердзіў: «Так-так, вы хворая». Ён выдаў Гердзе даведку пра тое, што яна хворая на хваробу, пра якую яна ніколі і не чула, і адправіў яе ў санаторый. І толькі нашмат пазней Герда даведалася, што адбылося: яе ўрач па вечарах нярэдка выпіваў з гестапаўцамі, ад якіх ён і даведаўся, што яна знаходзіцца ў непасрэднай небяспецы. Ён распавёў пра гэта свайму знаёмаму – начальніку па персаналу, які, у сваю чаргу, папярэдзіў Герду.

Яна пазбегла дэпартацыі дзякуючы дапамозе гэтых двух чалавек і разам са сваёй маці накіравалася да сваякоў у горад Бад-Зальцуфлен. Але паколькі чыгуначныя зносіны былі перапыненыя падчас вайны, яны трапілі ў Хіддэзэн, дзе жыла сям’я яе дзядзькі.

Калі яе маці вярнулася пасля ў Эсэн, яна даведалася, што загад аб дэпартацыі Герды сапраўды прыходзіў, але хатняя прыслужніца без лішніх разваг адправіла ліст назад з пазнакай «у ад’ездзе». Праз некалькі тыдняў вярнулася і Герда. Урач, які папярэдзіў яе, «абвясціў адбой»: цэнтральны штаб гестапа быў разбураны падчас паветранай атакі і ўсе дакументы былі знішчаны. Дэпартацыя ёй болей не пагражала.

Крыніца: Тэксты для публікацыі былі ласкава прадастаўлены арганізатарамі сайта-праекта «Моладзь у Германіі: 1918–1945 гг.» https://jugend1918-1945.de/portal/Jugend/zeitzeuge.aspx?root=1701&id=1701.

Урсула Брэхт (у дзявоцтве Ліндэман)

Нарадзілася ў 1928 г., з Кёльна, Германія.

Кёльн, 1944

3 жнiўня
[...] Цяпер у мяне канікулы! Доўгія летнія канікулы! Мы чакаем іх кожны год! Цэлых восем тыдняў! Але ў гэтым годзе ўсё нават больш нявызначана ў параўнанні з тым, што было. Бесклапотныя часы прайшлі. Цяпер нам даводзіцца працаваць часцей, чым хацелася б. Многія скардзяцца і наракаюць, бо не могуць правесці вялікія канікулы на моры ці ў гарах, але такія людзі ёсць заўсёды – гэта тыя, хто проста не хоча займацца такой працай.

Павінна сказаць, што мяне цалкам задавальняе тая праца, да якой мяне прыцягнулі ў гэтым годзе. Вось ужо амаль чатыры тыдні я працую трамвайным кандуктарам. Так, сапраўдным кандуктарам, вельмі маладым кандуктарам, якому толькі споўнілася 16 гадоў. Кандуктарам з доўгімі коскамі. Але гэта нічога. Ніколі б не падумала, што пастаянная язда ўзад-наперад будзе мяне так цешыць. Кожную раніцу, вельмі рана, у 5.07, я выязджаю па маршруце «No 11» і езджу туды-сюды паміж саборам і Паўднёвым паркам. Трамваі, канешне, па-ранейшаму вельмі пустыя нават ранкам: часам у мой вагон заходзіць рабочы або разносчык газет (яны падымаюцца вельмі рана) і без настрою вітае мяне панурым: «Дабранак...» Але як жа выдатна праехацца рана раніцай па яшчэ сонным горадзе.

У Марыенбургу [заўвага перакладчыка: раён Кёльна] я бачу, як паволі ўзыходзіць сонца над пяшчотнай зелянінай дрэў. Яно такое вялізнае і зіхатлівае, што хочацца спяваць ад радасці. Пашанцавала птушкам – яны могуць бесклапотна шчабятаць і спяваць свае песні. У горадзе сонца бачыш праз руіны, і ўжо няма такой радасці, калі яно ўздымаецца. Калі я бачу, як сонечныя прамяні дакранаюцца да руін, мне не хочацца гаварыць. Асабліва шакуюць руіны на Севярынштрасэ.

З сёмай да восьмай раніцы ў трамваях становіцца ўсё больш народу, і часам вагон настолькі запаўняецца людзьмі, што я не магу праз іх прабрацца; тады і пачынаюцца самыя розныя жарты і паддражніванні: хтосьці тузае мяне за косы, але я не звяртаю ўвагі. Я збіраю плату за праезд, і часта (мабыць, нават занадта часта) мне даюць чаявыя, ад чаго я заўсёды бянтэжуся. І гэта праўда: я сапраўды палюбіла мой трамвай.

Калі мае знаёмыя чуюць, што я працую на трамваі, яны часта пытаюцца ў мяне, ці не шмат у мяне праблем і не заляцаюцца да мяне пасажыры ці калегі. Гэта і сапраўды дзіўнае пытанне: ні разу за гэтыя тыдні ў мяне не было ніякіх праблем. Наадварот! Людзі вельмі прыязныя, смяюцца, жартуюць і нават дапамагаюць мне.

Калі ў вагон набіваецца так шмат народу, што я не магу прайсці ні назад, ні наперад, заўсёды хто-небудзь крыкне, каб мяне супакоіць: «Не хвалюйцеся, паненка, я пазваню ў званок!» Або калега, які ўжо скончыў сваю змену, заскочыць на трамвай, шырока ўсміхнецца і возьме на сябе званок ці пляцоўку. Не, людзі сапраўды ўсе мілыя і гатовыя дапамагчы. Я вельмі задаволеная. У трамваі здараецца столькі ўсяго цікавага, што пра ўсё расказаць немагчыма! Хапіла б на цэлую кнігу!

Але часта бываюць і такія моманты, калі заўважнымі становяцца нягоды і пакуты нашага часу. Напрыклад, калі ў вагон заходзіць інвалід, знявечаны на вайне, і, адчувальна стомлены, з адчаем аглядаецца па баках. Так, з намі ўсё ў парадку: у нас ёсць ногі і рукі, нашы твары не знявечаныя і свежыя. Мы бачым шмат пакут, але нам нельга сумаваць або паказваць свой сум. Мы павінны быць у добрым настроі і павінны пастарацца перадаць яго людзям, якім значна горш.

А потым надыходзіць небяспечны час. Звычайна ў 10 гадзін пачынаецца роў сірэн супрацьпаветранай абароны. Сірэны заўсёды заспяваюць трамвай у розных месцах. Становіцца вельмі нязручна. Людзі пачынаюць страшна нервавацца, спрабуюць выбрацца з трамвая, і мне ў каторы раз становіцца відавочна, што ніхто больш не думае пра іншых, толькі пра сябе і пра сваю бяспеку. Нельга ставіць гэта людзям у віну. Калі пачынаецца артылерыйскі абстрэл, я халадзею ад страху і больш за ўсё хачу апынуцца дома, у нашым маленькім бункеры. Але я не дома, і даводзіцца быць стойкай і не маркоціцца. Мы часта баімся і трывожымся, часта падаюць бомбы, але мы ўжо да гэтага прызвычаіліся за апошнія гады. Нярэдка да канца змены ў мяне пачынаецца панічная атака; адбываецца гэта, калі я чакаю зменшчыка і выматаная. Не раз я дабіралася да трамвайнай станцыі, каб падлічыць грошы, праз дзве, тры, а то і чатыры гадзіны пасля канца маёй змены. Канешне, я чартыхалася, і, канешне, заўсёды памылялася пры падліку.

Вось такая ў мяне работа ў гэтым годзе, і яна мне падабаецца значна больш у параўнанні з леташняй працай паштальёнам. Я рада, што мне ўдалося атрымаць такую добрую працу і што я магу крыху дапамагчы ў гэты [складаны] час [...].

10 верасня
Рана раніцай, а сёмай гадзіне, да нас прыйшлі рабочыя з фабрыкі ў Фрэхэне [заўвага перакладчыка: горад у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія] і ўстанавілі ў падвале насценны сейф для нашых самых каштоўных і важных рэчаў. Я паклала туды мой партфель з любімымі кнігамі. Тое, што адбываецца, нагадвае мне Трыццацігадовую вайну. Нам засталося толькі закапаць у садзе срэбра і каштоўнасці! Насамрэч мама і прапаноўвала так зрабіць!

Паступова палёты самалётаў праціўніка ў небе над намі сталі нормай; часам яны з неверагодным выццём рэзка накіроўваюцца ўніз, абстрэльваючы грамадзянскае насельніцтва. Днямі напралёт гучыць сігнал трывогі, днямі напралёт мы бегаем, але да гэтага хутка прызвычайваешся і кідаешся ў падвал, толькі калі гукі гучаць занадта блізка і становіцца небяспечна.

З заўтрашняга дня я пачну працаваць на ваенным заводзе! У пятніцу мяне адправілі [...] у фірму “Пуфрат», у якой ёсць падраздзяленне па выпуску ваеннай прадукцыі і якая бярэ на працу школьніц. Там ёсць тры пабудовы барачнага тыпу, у якіх знаходзяцца монстрападобныя станкі; туды нас і адправяць працаваць. Там можна аглухнуць ад шуму. Гэтыя баракі нагадваюць мне пячоры, чорныя ад сажы, дзе пануе смярдзючы смурод карбіду. Няўжо там і сапраўды працуюць людзі?.. Не, няўжо там можна дыхаць і няўжо з заўтрашняга дня мне таксама прыйдзецца там працаваць?! Калі я пра гэта думаю, я пачынаю вагацца – ох, што за бязглуздзіцу я пішу... Спраўлюся як-небудзь!

Сёння прыйшлі навіны пра надыходзячы вялікі бой за Льеж [заўвага перакладчыка: горад у Бельгіі]. Фронт становіцца ўсё бліжэй: чым жа ўсё гэта скончыцца? Мы чуем грукат гармат. Дзіўнае пачуццё, калі ўвечары ў цемры чуеш аднастайныя раскаты і шум на захадзе. Не, лепш не думаць, я не павінна думаць, проста не думаць пра хлопчыкаў, пра маіх братоў, якія, магчыма, праходзяць праз увесь гэты жах на фронце. Як добра, што тут так шмат працы. [...]

24 верасня
Прайшоў яшчэ адзін тыдзень. Па радыё толькі што перадавалі выдатны фартэпіянны канцэрт Шумана. Яго музыка сагравае мне душу! Ах, калі зноў наступіць мір, я хацела б сыграць гэты канцэрт: ён такі прыгожы, і я адчуваю, як я змякчаюся пад уздзеяннем музыкі. Але я гляджу на свае рукі і смяюся. Граць Шумана гэтымі рукамі?! Такімі страшнымі, у апёках і мазалях, з закарузлымі, здранцвелымі пальцамі, якімі я ледзь трымаю ручку. Сёння я праводжу дзень у ложку, так як учора я вярнулася дадому страшна стомленая, а заўтра трэба зноў ісці на працу. Я працую на двух станках, і працую добра. Я падганяю саму сябе з усіх сіл, каб паспець усё зрабіць: мы працуем так зладжана, што мая затрымка прывядзе да спынення працы іншых.

У пятніцу я атрымала першы заробак. 37 пфенінгаў за гадзіну. Нашмат больш сціпла, чым мае велізарныя заробкі на трамваі. Яшчэ ўчора мы, рабочыя, якія займаюцца цяжкай шматгадзіннай працай, атрымалі дадатковыя прадуктовыя карткі. Ёсць хоць штосьці, чым можна ганарыцца! Нарэшце прыйшла вестка ад Клаўса ад 17 жніўня з Сэн-Ло [заўвага аўтара: горад у Францыі] – прынамсі тады, калі ён пісаў, усё яшчэ было ў яго добра. Ад Гензэля лістоў няма ўжо даўно... [...]

Крыніцы: Тэксты для публікацыі былі ласкава прадастаўлены арганізатарамі сайта-праекта «Моладзь у Германіі: 1918— 1945» https://jugend1918-1945.de/portal/Jugend/zeitzeuge.aspx?root=27120&id=27120.

Гертруда Цылікенс (у дзявоцтве Рыдзігер)

Нарадзілася 19 мая 1933 г. у Браўнсбергу (цяпер Бранева, Польшча), ва Усходняй Прусіі, Германія.

«Мой бацька быў на вайне. Ён рэдка бываў дома. Ён быў усім для мяне».

Бацька Гертруды загінуў на вайне ў 39 гадоў.

Падчас вайны Гертруда жыла з дзвюма сёстрамі – Хедвіг (1930 года нараджэння) і Ангелікай (1935 года нараджэння) – і мамай Катарынай (1910 года нараджэння) у Браўнсбергу. Яны доўга не заўважалі вайну і на першым яе этапе ні ў чым не адчувалі недахопу. Усё змянілася, калі яны накіраваліся наведваць бацьку дзяўчынак Ота ў казарме ў Кёнігсбергу і пабачылі выбух бомбы. Гертруда была шакаваная: яна не магла зразумець увесь той жах, што адбываўся вакол: «Гэта было сапраўды страшна! На вопратцы ў людзей быў фосфар: яны скакалі ў [раку] Прэгалю, а калі выходзілі з ракі, працягвалі гарэць. Людзі гарэлі і беглі праз горад. Гэта было жудасна, проста жахліва. Я не разумела, як такое магло адбывацца».

На наступны дзень пасля гэтай жахлівай падзеі ў Кёнігсбергу быў першы авіяналёт на Браўнсберг, што стала яшчэ адным паваротным момантам. У Браўнсбергу гудзелі сірэны паветранай трывогі. На шчасце, раён, у якім жыла сям’я Рыдзігер, ацалеў. Тым не менш пасля авіяналёту цёця дзяўчынак перабралася жыць да сям’і Гертруды разам з сынам: іх дом на Банхофштрасе быў цалкам разбураны.

У маці Гертруды былі псіхалагічныя і фізічныя праблемы, і яна пачала паступова губляць кантроль над сабой. Вясна 1945 года стала пачаткам перыяду, калі Гертрудзе, якой не споўнілася і дванаццаці гадоў, давялося несці ўсё больш адказнасці за маці і сясцёр. Лінія фронту хутка набліжалася. Гаўляйтар Кох увёў строгую забарону на ўцёкі з Усходняй Прусіі, якая дзейнічала і ў Браўнсбергу: «Нам не дазвалялі бегчы, нам не дазвалялі з’ехаць». Гэтая забарона дзейнічала і пасля пачатку наступлення на Браўнсберг.

Катарына Рыдзігер, відаць, была ўжо не ў стане прымаць жыццёва неабходныя рашэнні. Яна адмовілася выходзіць з кватэры і, адпаведна, з’язджаць з Браўнсберга і Усходняй Прусіі. Маленькая Гертруда спрабавала пераканаць яе: «Я сказала: “Мама, усе ўжо з’ехалі адсюль! Мама, нам трэба з’язджаць!”» Тады ж Гертруда ў літаральным сэнсе слова пабачыла, што чакала іх у бліжэйшай будучыні: яна паглядзела ў акно ў бінокль: «Мы бачылі, як з Фраўэнбурга шлі расійскія танкі».

Да таго часу Браўнсберг быў вельмі моцна разбураны ў выніку авіяналётаў і артылерыйскіх абстрэлаў. На дату 20 сакавіка 1945 года, калі Чырвоная армія ўвайшла ў Браўнсберг, каля 80 % будынкаў і пабудоў гэтага невялікага гарадка ляжалі ў руінах. Гертруда Цылікенс так апісвае драматызм таго, што з імі адбывалася пасля прыходу Чырвонай арміі: «Яны прыйшлі да маёй маці і сказалі: “Вы павінны неадкладна пакінуць горад. Ніякіх асабістых рэчаў, нічога! Сыходзьце з тым, што можаце знесці ў руках”. Мы нават не пераапрануліся». Гертруда была ў жаху.

Маці Гертруды адмовілася сыходзіць, казала, што яе старэйшая дачка Хедвіг сур’ёзна хворая. Яна пачала тлумачыць салдату, што яе дачка памрэ, калі яны пакінуць дом, але той быў няўмольны: «Вы павінны!» Ён не марнаваў слоў. «Калі вы не сыдзеце, я прыстаўлю рулю да тваіх грудзей! Вы павінны! У цябе ёсць дзеці. Вы павінны сысці». Яны перасталі супраціўляцца непазбежнаму: «І тады мы сышлі». Яны практычна нічога не ўзялі з сабой, усяго пару рэчаў: ім давялося ўсё несці ў руках. Была зіма, было холадна, і яны апранулі на сябе як мага больш адзення слаямі.

Яны дабраліся з Браўнсберга ў Пілаў, а ўжо адтуль – караблём у лагер для ўцекачоў у Даніі. У канцы 1947 года было абвешчана, што ўсе, у каго ёсць сваякі ў Германіі, могуць пераехаць у Германію для злучэння з імі. Катарына Рыдзігер заявіла пра наяўнасць у яе ў Германіі сваяка, хаця гэта і не адпавядала рэчаіснасці. Сям’і дазволілі з’ехаць. Спачатку яны накіраваліся ў Нідэрбрайзіг на Рэйне, а ўжо адтуль Гертруда накіравалася разам з маці і сёстрамі ў Хохнайкірхен. Там Гертруда засталася і змагла пачаць новае жыццё.

Крыніца: https://jugend1918-1945.de/portal/Jugend/zeitzeuge.aspx?bereich=projekt&root=29833&id=29833&redir=

This website uses different cookies. We use cookies to personalize content, provide social media features, and analyze traffic to our website. Some cookies are placed by third parties that appear on our pages. You can find more information and options to choose from in our Privacy Policy and Configurations for usage.

Прыняць Адмовіць