This website uses different cookies. We use cookies to personalize content, provide social media features, and analyze traffic to our website. Some cookies are placed by third parties that appear on our pages. You can find more information and options to choose from in our Privacy Policy and Configurations for usage.
22 чэрвеня 1941 года
Беатрыс Петцальд Brücke/Most-Stiftung, Дрэздэн, Германія
16-19 гадоў
90 minutes
Агульная інфармацыя
Агульная інфармацыя пра напад нямецкіх войскаў на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года
Аўтар: Біянка Піэтраў-Энкер (Bianka Pietrow-Ennker)
Стратэгія «маланкавай вайны» (Blitzkrieg)1, якая ляжала ў аснове вайны, распачатай супраць СССР на досвітку 22 чэрвеня 1941 года ўздоўж усёй савецкай дзяржаўнай мяжы з Ленінградам, Масквой і Украінай як асноўнымі напрамкамі нападу, прывяла да паражэння савецкіх узброеных сіл, калі яны яшчэ знаходзіліся ў працэсе разгортвання.
Дырэктыва No 1 народнага камісарыята2 абароны СССР войскам вайсковых памежных акруг, якая загадвала прывесці памежныя войскі ў стан баявой гатоўнасці, выйшла занадта позна – толькі ў 00:30 22 чэрвеня 1941 года – і не была перададзеная своечасова ў многія часткі. Змест дырэктывы быў таксама супярэчлівым: савецкім войскам было загадана не паддавацца на правакацыйныя дзеянні і не адкрываць агонь нават пры ўступленні ворага на савецкую тэрыторыю. Калі надыходзячыя войскі нямецкага вермахта3 ўжо расцягнуліся ад Баранцава мора да Чорнага мора, савецкія войскі адступілі і данеслі пра першыя буйныя страты, пасля гэта была выпушчаная дырэктыва No 2 – праз некалькі гадзін пасля першай.
Гэтая дырэктыва паказвае, што палітычнае і ваеннае кіраўніцтва СССР працягвала дзейнічаць, зыходзячы з разумення нападу як правакацыі з боку Германіі, і не верыла ў пачатак маштабнага вайсковага супрацьстаяння паміж Германіяй і СССР. Войскам было загадана абрынуцца на варожыя сілы і знішчыць іх у раёнах парушэння савецкай мяжы, аднак не было ніякай згадкі пра стан вайны і не была аб’яўленая ўсеагульная мабілізацыя. Дырэктыва No 3 выйшла ўвечары 22 чэрвеня 1941 года, калі ініцыятыва ўжо знаходзілася працяглы час у руках немцаў; гэтая дырэктыва загадвала пачаць контрнаступленне на ўсіх франтах супраць ворага на савецкай тэрыторыі.
Між тым у штаба не было ўяўлення пра тое, што адбываецца на франтах. Ваенна- паветраныя сілы Германіі ўжо кантралявалі паветраную прастору, а савецкія войскі вялі цяжкія абарончыя баі або нават адступалі. Нямецкая авіяцыя наносіла бомбавыя ўдары па савецкай тэрыторыі на глыбіню 400 кіламетраў, рассейваючы савецкія часткі, знішчаючы лініі сувязі і вельмі абцяжарваючы дастаўку войскаў на фронт. Нямецкія часткі пачалі наступальныя аперацыі ў розны час, што не дазволіла стварыць суцэльную лінію абароны. У выніку нямецкія танкі і матарызаваныя часткі абышлі савецкія войскі і атакавалі іх з флангаў і з-за флангаў. Паразы Чырвонай арміі4 ў гэтых памежных баях, буйныя страты жывой сілы і тэхнікі, недахоп запасаў зброі і боепрыпасаў дазволілі немцам захапіць стратэгічную ініцыятыву ўсяго праз некалькі дзён. Да снежня 1941 года, калі прасоўванне немцаў захлынулася, 4 мільёны савецкіх салдат былі забітыя, 3,9 мільёна – узятыя ў палон.
[...] З выступу Сталіна [заўвага: 3 ліпеня 1941 г.] савецкія грамадзяне ўпершыню выразна, ва ўсёй паўнаце ўсвядомілі, што СССР знаходзіцца ў становішчы, якое пагражае яго існаванню: гаворка ідзе пра «жыццё і смерць». Разам з тым Сталін выступіў як безумоўны лідар, чыя ўлада не пахіснулася, нягледзячы на напад Германіі. [...] Акрамя пацверджання паразаў Чырвонай арміі, гэтая прамова была накіраваная на вырашэнне трох важных задач: легітымізаваць палітыку ўладаў да нападу Германіі, растлумачыць паспяховае прасоўванне ворага на савецкай тэрыторыі і мабілізаваць насельніцтва і неварожыя замежныя дзяржавы на абарону СССР.
Абвяргаючы падазрэнні ў памылках партыі і ўрада, Сталін апраўдаў заключэнне Дагавора аб ненападзенні паміж Германіяй і Савецкім Саюзам5. Міралюбнасць СССР стала прычынай для заключэння урадам СССР дагавора, прапанаванага Германіяй, і яго выканання. [...] Акрамя таго, па словах Сталіна, гэты дагавор дазволіў выйграць паўтара года, за якія было праведзена пераўзбраенне савецкіх узброеных сіл. Гэты довад, тым не менш, уступаў у супярэчнасць з тым фактам, што Чырвоная армія панесла цяжкія паразы ад вермахта.
Пры тлумачэнні гэтай супярэчнасці Сталін выкарыстаў такія характарыстыкі, як «нечакана і вераломна». Першае можна разглядаць як суб’ектыўны пункт гледжання Сталіна, які сумняваўся ў тым, што Гітлер нападзе на СССР да заканчэння вайны з Вялікабрытаніяй. Другое адносілася да парушэння Германіяй Дамовы аб ненападзенні, што таксама ўскосна паказвае на тое, што Сталін давяраў ураду нацыянал-сацыялістаў. Сталін тлумачыў ваенныя перамогі нямецкага вермахта і яго саюзнікаў іх стратэгіяй нападу, а таксама фактарам раптоўнасці, нечаканасці нападу з боку Германіі. Сталін сцвярджаў, што Чырвоная армія не была мабілізаваная і ёй трэба было яшчэ прасунуцца да межаў. Ён не згадаў аб папярэдняй таемнай частковай мабілізацыі савецкіх войскаў, так як гэта звяло б на нішто яго тэорыю пра раптоўны напад ворага.
Сталін распачаў спробы мабілізацыі на розных узроўнях для арганізацыі абарончай барацьбы СССР. [...]
672 словы
Крыніца: Праф., Д-р Б. Піэтраў-Энкер: Einführung,
https://www.1000dokumente.de/index.html?c=dokument_ru&dokument=0029_stj&object=context&st=&l=de,
Дата апошняга наведвання: 21.01.2021 г.
Гласарый тэрмінаў
1 На мове вайскоўцаў «маланкавая вайна» (Blitzkrieg) – тэрмін, пад якім разумеецца максімальна кароткая, нечаканая кампанія канцэнтраваных сіл, накіраваная на акружэнне і знішчэнне. У кантэксце Другой сусветнай вайны канцэпцыя «маланкавай вайны» (Blitzkrieg), абумоўленая хуткім поспехам нямецкага вермахта ў Польшчы ў 1939 годзе і перш за ўсё ў Францыі ў 1940 годзе, была, па сутнасці, асновай нямецкага ўварвання ў СССР у чэрвені 1941 года.
2 Народны камісарыят – цэнтральны орган дзяржаўнага кіравання рознымі сферамі дзяржаўнай дзейнасці і рознымі галінамі народнай гаспадаркі ў СССР у перыяд з 1922 па 1946 гг. Па сутнасці, народныя камісарыяты выконвалі функцыю міністэрстваў.
3 Вермахт – зборная назва нямецкіх узброеных сіл у нацысцкай Германіі. Вермахт складаўся з сухапутных войскаў, ваенна-марскога флоту і ваенна-паветраных сіл.
4 Чырвоная армія – назва сухапутных войскаў і ваенна-паветраных сіл Савецкай Расіі (з 1917 па 1922 гг.), а затым СССР (з 1922 года).
5 Дагавор аб ненападзенні паміж Германіяй і Савецкім Саюзам (таксама вядомы як Пакт Гітлера – Сталіна ці пакт Молатава – Рыбентропа) быў падпісаны міністрамі замежных спраў Рыбентропам (з боку Германіі) і Молатавым (з боку СССР) 23 жніўня 1939 года ў прысутнасці Сталіна, што выклікала вялікае здзіўленне ў сусветнай грамадскасці. Па сутнасці, двух дыктатараў – Гітлера і Сталіна – лічылі свайго роду антыхрыстамі. Асноўная сутнасць дамовы была ў дамоўленасці паміж дзвюма краінамі аб ненападзенні адна на адну. Сакрэтны дадатковы пратакол да дамовы таксама ўзгадняў размежаванне сфер інтарэсаў гэтых дзвюх краін ва Усходняй Еўропе.
Дзённікі / Успаміны (Германія)
Гюнтэр Роас (*1924 года нараджэння, з Бруля, Рэйнланд-Пфальц); у гады нацысцкага рэжыму ў Германіі быў маладым мужчынам
[...] Гюнтэр Роaс не толькі вырас у эпоху нацыянал-сацыялізму, але ён і жыў ім. Ён схіляўся перад Адольфам Гітлерам, дайшоў да пасады юнгштамфюрара (Jungstammführer) у «Гітлерюгендзе» і змагаўся на франтах Другой сусветнай вайны як адданы салдат вермахта, які верыў у «канчатковую перамогу» аж да паразы. Яго глыбока скаланула капітуляцыя Германія ў маі 1945 года.
Праз дзясяткі гадоў, Гюнтэр Роас знойдзе свае дзённікі таго часу, і пачне расказваць пра перажытае: пра ідэалягічную апрацоўку з боку сям’і, школы і гітлерюгенда, пра тое, як у ім самім нарадзілася моцнае імкненне да ўлады, пра фанатычную веру ў фюрара і пра працяглы перыяд дэзарыентацыі, які ён перажыў у пасляваенны перыяд. [...]
Вытрымкі з яго дзённікаў, чэрвень 1941 г. (з яго каментарыямі ад 1989 года)
Субота, 21 чэрвеня 1941 года
Я адпрасіўся ў школе на раніцу і пайшоў на пахаванне ахвяр паветранага налёту. Іх целы выставілі для развітання ў Карлсхале. Гэта было маштабнае пахаванне, на якое сабраўся ўвесь Бруль. Затым я пайшоў на плаванне разам са школай, а ў тры гадзіны дня ў мяне былі ваенныя вучэнні. У 17:00 я плаваў. Увечары напісаў ліст Густаву. Ноччу была паветраная трывога. У бамбасховішчы спадар Велтэр распавёў нам, што ведае дакладна: СССР далучыцца да Траістага пакта на наступным тыдні. Спадзяюся на гэта*.
*Каментарый Гюнтэра Роаса ад 1989 года: «У той час распаўсюджваліся самыя фантастычныя чуткі. Хадзілі і чуткі пра пашырэнне саюза з уключэннем Расіі, пра права для нашых войскаў на прасоўванне на ўсход, пра візіт Молатава ў Берлін. Людзі казалі, што берлінскі бульвар Унтэр-дэн-Ліндэн ужо ўпрыгожаны чырвонымі сцягамі, і гэта, маўляў, пацвярджае праўдзівасць такой інфармацыі».
Нядзеля, 22 чэрвеня, 1941 года
Сёння мама разбудзіла мяне жахлівай навіной; я ўжо быў падумаў, што гэта дрэнны жарт ці хітрасць, каб выцягнуць мяне з ложка. Але гэта аказалася праўдай! Вайна! Вайна з Расіяй!!! Гэтая навіна была і сапраўды нечаканай і такой жудаснай, што спачатку ў мяне дух заняло*. Ужо вечар, але я па-ранейшаму не магу ў гэта паверыць. Ніколі, ніколі ў жыцці я б не паверыў, што Расія будзе змагацца супраць нас... Яны змогуць перамагчы, толькі калі будуць на нашым баку. «Але нянавісць, якую бальшавікі адчувалі ў адносінах да Трэцяга рэйха, асляпіла іх і пазбавіла іх палітычнага разумення», – заявіў фюрар у сваёй прамове. Германія, надышлі цяжкія часы. А Густаў – у цэнтры ўсяго гэтага. Маці звар’яцее, калі з ім што-небудзь здарыцца. Спадзяюся, вельмі спадзяюся, што ўсё з ім будзе ў парадку. Дык няхай беражэ Бог майго брата! Сёння мы з юнгфолькам, гітлерюгендам і Саюзам нямецкіх дзяўчат (BDM) адправіліся ў паездку ў Хонэф па Рэйне. І тут ёсць супярэчнасць, калі думаеш пра гэта так. Мы спрабавалі пабавіць час (хоць, па праўдзе кажучы, у мяне не атрымлівалася, так як я ўвесь час думаў пра Густава), а яны на ўсходзе забівалі адзін аднаго... У Хонэфе нас вызвалілі ад службы на тры гадзіны. Мы з Мамелем і Шыферам паелі і выпілі, а затым паплавалі на лодцы. У 9 гадзін я вярнуўся дадому. Мама ж вярнулася з Кёльна, дзе яна была са сваімі стрыечнымі сёстрамі, толькі пасля 23:30. А ўначы была паветраная трывога. [...]
*Каментарый Гюнтэра Роаса ад 1989 года: «Пачатак вайны супраць Расіі стаў вялікім шокам для нас усіх. Ніхто гэтага не чакаў. Расія была загадкавай, злавеснай краінай. І цяпер, пасля ўсіх яркіх, бліскучых перамог, мы адчулі незразумелы страх. І страх гэты не знік нават пасля першых экстранных выпускаў, якія мы пачулі па радыё падчас абеду, у якіх, напрыклад, паведамлялася пра падзенне крэпасці Брэст-Літоўск».
Субота, 28 чэрвеня 1941 года
Быў на чыгуналіцейным заводзе а 8-й раніцы. У панядзелак я ўжо магу прыступіць да працы. 32 пфенігі за гадзіну. Чорт!!! Раніцай я сабраў усе дакументы. У 4:30 з’ехаў з Вольфгангам. У 5:30 мы былі ў Айскірхен. Мы павярнулі да Штайнбахтальшпэрэ і паплавалі там. Басейн быў зачынены, але мы ўсё ж такі выкупаліся. На зваротным шляху мы сустрэлі Лімбаха. Вярнуліся дадому а 7-й. На зваротным шляху мы знайшлі шрапнель у лесе побач з Вайлерсвіст. У зводцы вермахта заяўлена, што заўтра мы даведаемся, дзе знаходзяцца нашы войскі на ўсходзе. [...]
Нядзеля, 29 чэрвеня 1941 года
У 11 гадзін я быў у царкве, затым правялі час з Клугсам. Праслухаў там спецвыпуск навін. Мы нядрэнна рухаемся наперад. Знішчана 2000 танкаў і 4100 самалётаў, узята ў палон 40 000. Лічбы ўвесь час растуць. Брэст (там Густаў), Дубна, Гродна, Коўна, Вільна, Дзюнабург і Мінск у нас у руках. Фантастычны поспех! Пасля абеду я трошкі пачытаў. Я рана лёг спаць, бо заўтра я пачынаю працаваць. Мне цікава, дзе менавіта я буду працаваць на чыгуналіцейным заводзе. Ноччу была паветраная трывога. [...]
752 словы
Крыніца: Günther Roos, Tagebücher (1936-1948), Juni, 1941
https://www.jugend1918-1945.de/portal/archiv/album.aspx?root=9879&id=9879&redir=%2fportal%2fJugend%2fzeitzeuge.aspx%3fbereich%3darchiv%26root%3d27647%26id%3d27647
Дата апошняга наведвання: 21.01.2021 г.
Дзённікі / Успаміны (Беларусь)
Успаміны яўрэйскіх дзяцей з Беларусі пра напад нямецкіх войскаў на СССР 22 чэрвеня 1941 г.
Яўген Мачыз (*1932 г., Мінск)
Я, Яўген Савельевіч Мачыз, нарадзіўся ў 1932 годзе, яўрэй, былы вязень Мінскага гета, быў выратаваны спадарамі [...] Шашок. [...]
Я жыў з бацькамі [...] у Мінску, калі пачалася вайна. Перад вайной я скончыў другі клас сярэдняй школы No 4 [...].
Вайна заспела мяне ў піянерскім лагеры «Дразды». Лагер распусцілі, і я пешшу прыйшоў у Мінск. Наш дом згарэў у самым пачатку вайны. Я пайшоў да бабулі па маме Вігдаровіч Лізы, [...] і ў яе застаўся жыць, так як бацька пайшоў на фронт, а маці з маёй сястрой Вольгай эвакуяваліся ва Уфу [прыблізна 1800 км на захад ад Уральскіх гор].
Бабулю, дзядзьку з сям’ёй і мяне перасялілі ў гета ў пачатку жніўня 1941 года. [...]
Уладзімір Рубежын (*5 чэрвеня 1929 г., Гомель); сябры і сваякі называлі яго Волікам
[...] Воліку Рубежыну было 13 гадоў, калі пачалася вайна. Начальнік піянерскага лагера «Мядзвежына», які знаходзіўся ў вёсцы побач з Мінскам, куды яго адвёз бацька перад самай вайной, сказаў безнадзейна: «У мяне няма машыны. Табе прыйдзецца дабірацца да Мінска самастойна».
25 чэрвеня 1941 г. Валодзя дабраўся да свайго дома на Сцяпянскай вуліцы. Суседзі расказалі яму, што яго маці і малодшы брат Марык збеглі з горада, а бацька – у войску. Да дзвярэй была прымацаваная цыдулка: «Волік, сынок. Сёння раніцай я была ў піянерскім лагеры, але цябе там больш не было. Мы чакалі цябе ўвесь дзень. Я ад’язджаю з Марыкам. Мы нават не ведаем, куды ісці. Схадзі да цёткі Наташы. Яна добрая жанчына і яна дапаможа табе. Спадзяюся, вайна хутка скончыцца, і мы зноў убачымся. Я цябе люблю і цалую. Мама».
Каля месяца ён жыў адзін у сваёй кватэры. Аднойчы па дарозе дадому з Камароўскага рынку, дзе ён абмяняў нейкую вопратку на хлеб, ён сустрэў жанчыну, якую мама апісала як «добрая цётка Наташа». Яна [цётка Наташа] атрымала доступ у яго кватэру, разам з паліцыянтам; Валодзя ж дадому так і не вярнуўся.
У жніўні (1941 года), як і дзясяткі тысяч іншых яўрэяў, ён апынуўся ў Мінскім гета. Ён абыходзіў дом за домам, спрабуючы знайсці сяброў сваіх бацькоў і сваіх сяброў. [...]
Ура Каплан (*1925 г., Новы Свержань)
[...] Я нарадзіўся ў мястэчку Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці; гэта была польская тэрыторыя тады.
[...] Я хадзіў у польскую школу і ў хедар [узыходзіць да слова «пакой» на іўрыце і азначае традыцыйную рэлігійную школу]. Я вывучаў Тору і ідыш. У 1935 годзе мяне перавялі ў яўрэйскую школу ў Стоўбцах, дзе я вывучаў іўрыт, польскую мову і геаграфію. Я вучыўся там да 17 верасня 1939 г. – да дня вызвалення Заходняй Беларусі Чырвонай арміяй.
Пасля вызвалення Заходняй Беларусі я пайшоў у беларускую школу.
Мне было 16 гадоў, калі пачалася вайна. Нямецкія войскі ўвайшлі ў мястэчка, дзе я жыў, 27 чэрвеня 1941 года. Мы з татам планавалі збегчы з Беларусі ў Расію на працягу пяці дзён да іх прыходу. Хадзілі чуткі, што немцы забіваюць мужчын і пакідаюць у жывых жанчын і дзяцей. Але калі мы прыйшлі на брукаваную пераправу праз Мемель (заўв. перакладчыка: Мемель – нямецкая назва ракі Нёман, на беразе якой размешчаны Новы Свержань), бацька сказаў: «Урэле, так нельга! Мама засталася адна з дзвюма дзяўчынкамі зусім без дапамогі! Што будзе з імі?» І мы вярнуліся дадому. Бацька зноў пачаў працаваць на лесапільным заводзе, а я працаваў у пякарні дрывасекам. Так у нас ішлі справы да 1 жніўня 1941 г., калі было створана гета. Жудасны, сумны дзень...
Павел Рубінчык (*1928 г., Мінск)
Вайна заспела мяне знянацку; калі яна пачалася, я знаходзіўся ў піянерскім лагеры пад Мінскам. Мне было 13 гадоў. [...]
22 чэрвеня нішто не парушала нашага рытму жыцця, але здзівіла, што з лагера знік увесь персанал мужчынскага полу. Пасярод ночы па аднаго майго школьнага сябра прыехала маці і забрала яго. Уласна кажучы, мы не так ужо здзівіліся, так як яна патлумачыла, што яго бацька забраніраваў для яго месца ў піянерлагеры «Артэк» [піянерскі лагер на Крымскім паўвостраве ў СССР].
Калі на наступны дзень мы гулялі ў футбол, у нас над галавой лёталі два самалёты, якія атакавалі адзін аднаго. Адзін быў з чырвонай зоркай, другі – з невядомым чорным крыжам. Мы падумалі, што гэта былі вайсковыя вучэнні. Мы па-ранейшаму нічога не разумелі нават 24-га чэрвеня, калі заўважылі шмат незвычайных самалётаў у небе, а на дарозе – шмат стомленых людзей, якія ішлі з валізкамі і клункамі, а таксама вайскоўцаў, якія бязладна перасоўваліся. Начальніца лагера ўсё патлумачыла. Яна сабрала нас усіх у сталовай і абвясціла пра пачатак вайны з гітлераўскай Германіяй. Яна таксама сказала, што наша армія абавязкова пераможа і нашы войскі цяпер ужо пад Варшавай. Мы ўсе дружна закрычалі: «Ура!»
Але зусім хутка на змену нашай першапачатковай радасці ў сувязі з перамогай нашай арміі прыйшлі трывога і хваляванні, з якімі дзеці звычайна не сутыкаюцца. Мы перыядычна чулі роў самалётаў і свіст падаючых снарадаў, а на гарызонце не знікала незвычайнае чырвонае святло. Мы падумалі, што сонца больш не заходзіць ноччу.
Але калі прыехалі бацькі па дзяцей, яны распавялі нам, што чырвонае зарыва не мела ніякага дачынення да сонца. Нямецкія бомбы зраўнавалі Мінск з зямлёй, і горад гарэў. І самі бацькі былі ўжо ўцекачамі, якія спрабавалі ратавацца.
Бацькі і дзеці накіраваліся па дарозе, якая вяла ў Маскву з Мінска. Мяне ж ніхто не мог забраць; у мяне нікога не было. І я паехаў з сям’ёй майго школьнага сябра Пеці Галомба. Дарога была запоўненая бежанцамі. [...]
874 словы
Крыніца: Wir erinnern uns! Unser Vermächtnis für die Welt: Erinnert euch! [Мы памятаем! Свету памятаць завяшчаем!]; запісана яўрэямі з Беларусі, якія выжылі ў Халакосце (пераклад на англійскую мову з рускай), Мінск 2016 г.
Дзённікі / Успаміны (Расія)
Успаміны пра напад на СССР 22 чэрвеня 1941 г.
Вольга Уладзіміраўна Дасенка, уроджаная Дароніна, 1925 года нараджэння. Сведка блакады Ленінграда. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, яфрэйтар
22 чэрвеня
Нядзеля. Пасля сняданку гралі ў мяч. Хадзілі на шпацыр. У той час, калі я грала ў мяч, Люба размаўляла з Барысам. Яна мяне клікала да сябе, але ў мяне не было настрою размаўляць з імі. Але потым сказалі: «Хадземце на шпацыр». Я з Верай падышлі да Любы. Вера пайшла ў Дом адпачынку «Трохвугольнік», і я засталася з імі. Барыс мяне пасадзіў на лаўку. Падышоў Яша. Сталі размаўляць, пыталіся, хто дзе працуе, я, вядома, адказала, што не працую. Наша гутарка перарвалася, бо пайшлі на шпацыр. Мы з Любай ішлі наперадзе з фатографам, весела спявалі. Усе зайшлі ў Дом адпачынку В.Ц.С.П.С. і ля партрэта Сталіна сталі фатаграфавацца. Яшка з Барысам тут як тут – побач з намі, усе побач зняліся, там яшчэ хлопцы падселі, увогуле вакол нас мужчыны. Барыс з Яшам толькі і паўтараюць: «Трэба памяць пакінуць, бо мы з’язджаем сёння». Ну, думаем, можаце пакідаць. Потым яны ішлі каля нас.
Калі сталі падыходзіць да «Месяцовага каменя», мы з Любай кінуліся бегчы, каб першымі ўлезці на яго. Я падбегла і пачала лезці, там быў хлапчук, і ён мне дапамог. Потым улезлі Люба, Барыс, Яша і іншыя. Мы ўсе селі ў першым шэрагу, каля мяне Барыс ў любімай кашулі з аднаго боку, з другога – Яша. Было шмат смеху, калі сталі злазіць. Гэты камень вельмі вялікі. І я з яго скакала. Спачатку кінула басаножкі, потым сама. Села апранаць іх. Гляджу, Барыс мяне чакае, калі я апрану. Пасля дагналі Любу з Яшам. Потым здымаліся ля дуба. Мы з Любай зноў першымі залезлі. Потым Яша і Барыс улезлі вышэй за нас і арганізавалі невялікую піраміду. Смяяліся. Гулялі. Ішлі на палянку да ракі. Там яшчэ здымаліся. Граў баяніст. Мы спачатку гралі ў мяч з веселуном Колем, а потым гляджу – Люба, а за ёй Яша і Барыс пайшлі загараць. Люба клікала мяне.
Я яшчэ трохі пагуляла і пайшла да іх. Люба сядзела ў купальным касцюме, але я не стала распранацца. Сядзелі ўчатырох і размаўлялі. Барыс прыняў мяне за яўрэйку. Расказвалі анекдоты. Але нам доўга сядзець не прыйшлося, бо трэба было ісці абедаць. Па дарозе ішлі і забаўляліся. У басаножкі абарвала абцас. Ледзь ішла. З рэчкі захапіла камень. Барыс шмат расказваў. Ля шапіка Барыс клікаў мяне піць квас, але я адмовілася. Потым бачылі дзяўчат. Яны на нас так паглядзелі, мне нават стала смешна. Ля брамкі разышліся. Мы пайшлі дадому. Пераапрануліся, памыліся. Ідзём абедаць. З добрым настроем. Так! Як усё хутка змяняецца. Раптам чуем: «Германія бамбавала Кіеў і іншыя гарады. Значыць, вайна, у 4 раніцы перайшлі мяжу».
Пачалася вайна. Адразу твары ва ўсіх сталі сур’ёзныя. Прыйшлі ў сталовую. Побач з нашым сталом сядзелі трое мужчын і дзве жанчыны. Раптам адзін з іх устаў, бледны, і выйшаў. Я спытала ў жанчыны: «Што, яго выклікалі?» Яна мне адказала «Так! Па першым выкліку». Я не магла стрываць і заплакала, закрыўшы твар рукамі. Калі я адкрыла твар, то ўбачыла на вачах слёзы ў многіх. Пасля абеду Барыс узняў настрой. Яша кудысьці пайшоў, а Барыс кажа: «Хадзем загараць». І мы ўтрох, г.зн. я, Люба і ён, пайшлі загараць.
Пайшлі па дарозе, далёка, далёка, і размаўлялі. Потым прыйшлі на паляну, адышлі ад дарогі і прыселі. Распрануліся і сталі загараць. Шмат пра што пагаварылі. Расказвалі анекдоты. Ды, наогул, размаўлялі ні пра што. Шмат гаварылі пра вайну. Барыс распавёў, што ён удзельнічаў у Фінскай вайне і быў паранены. Ён паказваў параненую нагу. Добры хлопец, мне ён падабаецца. Увечары граем у мяч, я, Люба і Паўлушка, і яшчэ некаторыя. Падыходзіць Барыс, мабыць, хацеў мне нешта сказаць, паштурхаўся каля мяне ды бачыць, што я не адказваю яму нічым, і пайшоў. Калі ён пайшоў, то я зразумела, што ён мне хацеў нешта сказаць. Увечары ён з’ехаў. Я дала яму свой адрас. Прасіў узяць для яго фотакарткі, але не магла ўзяць, бо не было грошай. Як трэба нават не развіталіся. Яша таксама з’ехаў. З гэтых хлопцаў застаўся адзін Саша. Але ён неяк дзіўна ставіцца да нас. Барыс пра яго казаў, што «ён дзіця прыроды і баіцца дзяўчат».
Таццяна Васаевіч, 1929–2012 гг. Ленінградская школьніца. Сведка блакады Ленінграда
22 чэрвеня
У 12 гадзін дня абвясцілі, што пачалася вайна. Па радыё выступаў т. Молатаў з прамовай. Мама плакала. Я ўсміхалася. (...) Увесь дзень [22-га] прайшоў у клопатах: бегалі з Вовам і мамай па крамах, і ў ашчадкасу, і да Люсі. (...)
23 чэрвеня
Раніцай пабеглі ў мастацкую школу да Пятра Паўлавіча Казакова. Малюнкаў я не ўзяла і ішла так, падзяліцца ўражаннямі. Пётр Паўлавіч быў у сябе ў новым кабінеце. Я нерашуча пастаяла перад дзвярыма і ўвайшла. Пётр Паўлавіч павітаўся і спытаў: «Ты працы прынесла або так, пагутарыць?» Я сказала, што «так». «А я вось працы збіраю, думаю, на фронт давядзецца». Мы пагаварылі, так, пра вайну, пра тое, што немцы ўзялі, колькі збілі самалётаў. П.П. сабраў працы, мальберт, і мы выйшлі. На вуліцы было ветрана, але цёпла. Ішлі моўчкі, мне хацелася спытаць, які ён лётчык, але не адважылася. Разам дайшлі да рога Сярэдняга, П.П. паціснуў мне руку, развіталіся і... ён пайшоў, а я пайшла дадому. (...)
Першасныя крыніцы (Германія)
Вытрымкі з газеты «Барутэр анцайгер» (Baruther Anzeiger) за 23/24 чэрвеня 1941 года. Газета «Барутэр анцайгер» выходзіла з 1865 года і была самай старой мясцовай газетай горада Барут і адміністрацыйных раёнаў Папліц і Радэланд.
Зварот фюрара да нямецкага народа
Рэванш за здраду Масквы
Ваенная лінія ад мыса Нордкап да Чорнага мора – Раскрытая злачынная змова Вялікабрытаніі і бальшавікоў – Спроба Саветаў нанесці нам удар у спіну – Барацьба за бяспеку ў Еўропе
DNB [агульнанацыянальнае інфармацыйнае агенцтва Германіі]. Берлін, 22 чэрвеня. Фюрар выступіў з наступным зваротам да нямецкага народа:
Народ Германіі! Нацыянал-сацыялісты!
Вымушаны доўгімі месяцамі маўчаць пад прыгнётам цяжкіх праблем, я нарэшце магу гаварыць адкрыта.
3 верасня 1939 года Вялікабрытанія абвясціла вайну Германскаму рэйху. Гэта была чарговая спроба Вялікабрытаніі, якая пастаянна ўступае ў барацьбу з любой самай моцнай краінай на Еўрапейскім кантыненце, перашкодзіць любой кансалідацыі ў Еўропе – кансалідацыі, якая магла б прывесці да ўзвышэння Еўропы. [...]
Наш народ змог выйсці з пакут, галечы і ганебнай пагарды, і гэта знутры адрадзіла нацыю. Па сутнасці, гэта ніяк не закранала і нічым не пагражала Вялікабрытаніі; тым не менш Вялікабрытанія аднавіла сваю палітыку па выбудоўванні блакаднага кальца вакол Германіі – палітыку, народжаную нянавісцю. І што мы бачым у выніку? Унутры краіны і за яе межамі мы бачым такія знаёмыя нам змовы: змовы паміж яўрэямі і дэмакратамі, бальшавікамі і рэакцыянерамі. Мэта ўсіх гэтых змоў – стрымаць, затармазіць стварэнне новай дзяржавы германскага народа і зноў укінуць Рэйх у бяссілле і галечу. [...]
Палітыка блакаднага кальца вакол Германіі
[...] Нацыянал-сацыялісты!
[...] Нямецкі народ ніколі не меў варожых пачуццяў у адносінах да рускіх. Тым не менш ужо больш за дзесяць гадоў яўрэйска-бальшавіцкая ўлада ў Маскве імкнецца распаліць пажар не толькі ў Германіі, але і ва ўсёй Еўропе. Германія ніколі не спрабавала перанесці свой нацыянал-сацыялістычны светапогляд у Расію, тады як яўрэйска-бальшавіцкія ўлады ў Маскве няспынна спрабуюць навязаць сваё панаванне нашаму народу і іншым народам Еўропы, як ідэалагічна, так і перш за ўсё шляхам прымянення ваеннай сілы. [...]
Таму ў жнiўнi 1939 г. для мяне было цяжкім выпрабаваннем даслаць майго міністра ў Маскву для таго, каб паспрабаваць працаваць насуперак брытанскай палітыцы блакаднага кальца, накіраванай супраць Германіі. Я зрабіў гэта, кіруючыся выключна разуменнем сваёй адказнасці перад германскім народам, але перш за ўсё ў надзеі на магчымасць усё ж дасягнуць у выніку працяглай разрадкі напружанасці для памяншэння ахвяр, якія спатрэбіліся б ад нас у іншым выпадку. [...]
Навіны з тылу
Барут 23 чэрвеня 1941 г.
Здрада чырвоных
Маска саслізнула з Масквы – Фюрар дзейнічае
Учора, у нядзелю, гучнагаварыцелі ў Баруце працавалі на поўную моц ужо з самай раніцы. Праца ў тыле не спыняецца цяпер і па нядзелях. Людзі старанна працуюць усюды, шматкроць умацоўваючы тыя непарыўныя сувязі, што звязваюць фронт і бацькаўшчыну. Кожны чалавек, рыхтуючыся да працы, уключае радыё, дзе б ні знаходзіўся ў гэты момант. Навіны распаўсюджваюцца імгненна: галасы нашых міністра замежных спраў Рэйха і міністра прапаганды Рэйха чутныя паўсюль, у кожным горадзе і вёсцы. Кожнай вуліцы, кожнай плошчы паведамляюць яны рашэнне фюрара, дзякуючы празорлівасці і дару прадбачання якога былі ў чарговы раз разбураны планы ворагаў. Наш нямецкі меч накіраваны цяпер на нашага заклятага ворага – на Чырвоную армію. І будзьце ўпэўненыя – мы адкажам на двухаблічнасць Масквы! Мы адкажам на здраду нам, здзейсненую нашым партнёрам па дамове!
Фюрар ні на секунду не быў падмануты пагрозай Масквы. [...] Мэта ягонай палітыкі – мір для нацыі і Рэйха, а таксама мірнае супрацоўніцтва паміж краінамі. Ён прадэманстраваў свае намеры Польшчы і народам Заходняй Еўропы. Ён прыкладаў усе намаганні, каб дамагчыся такога ж міру з СССР, але СССР – гэта палітычны канструкт і рухальная сіла практычна ўсіх палітычных беспарадкаў у свеце. [...]
22 чэрвеня 1941 года, як заявіў фюрар у сваім звароце да нямецкай нацыі, ён вырашыў «уручыць лёс і будучыню Германскага рэйха і яго народа ў рукі нашых салдат». І зноў прыходзіць чарга нямецкага народа. Мы ведаем, што ўся нямецкая нацыя цалкам давярае фюрару і яго салдатам і з гонарам ім дзякуе. Здрада і недавер заўсёды разглядаліся немцамі як самая ганебная з усіх няправедных дзей. Нямецкая нацыя заўсёды – нават у самыя складаныя часы – трымала слова і выконвала свае абяцанні. І менавіта таму нямецкая нацыя ўпэўненая больш чым калі-небудзь, што здрада Масквы павінна быць паказаная i асуджаная. Цеснае супрацоўніцтва паміж бальшавікамі і плутакратыяй відавочнае. Нямецкая зброя нанясе ўдар па іх усіх адначасова, як і належыць рабіць у адносінах да здраднікаў.
699 слоў
Крыніца: https://bit.ly/3rBIeri,
дата апошняга наведвання: 11.01.2021 г.
Першасныя крыніцы (Расія)
Вытрымка з выступу В. Молатава, перададзенага па савецкім радыё 22 чэрвеня 1941 года
Сёння ў 4 гадзіны раніцы, без прад’яўлення якіх-небудзь прэтэнзій да Савецкага Саюза, без абвяшчэння вайны, нямецкія войскі напалі на нашу краіну, атакавалі нашы межы ў многіх месцах і бамбавалі са сваіх самалётаў нашы гарады – Жытомір, Кіеў, Севастопаль, Каўнас і некаторыя іншыя, прычым забіта і паранена больш за дзвесце чалавек. Налёты варожых самалётаў і артылерыйскі абстрэл былі здзейснены таксама з румынскай і фінляндскай тэрыторыі.
Гэты нечуваны напад на нашу краіну з’яўляецца бяспрыкладным у гісторыі цывілізаваных народаў. Напад на нашу краіну адбыўся, нягледзячы на тое, што паміж СССР і Германіяй заключаны дагавор аб ненападзенні і савецкі ўрад з усёй добрасумленнасцю выконваў усе ўмовы гэтага дагавора. Напад на нашу краіну здзейснены, нягледзячы на тое, што за ўвесь час дзеяння гэтага дагавора германскі ўрад ні разу не прад’явіў ніводнай прэтэнзіі да СССР па выкананні дагавора. Уся адказнасць за гэты разбойніцкі напад на Савецкі Саюз цалкам падае на германскіх фашысцкіх кіраўнікоў.
Ужо пасля здзяйснення нападу германскі амбасадар у Маскве Шуленбург у 5 гадзін 30 хвілін раніцы зрабіў мне як народнаму камісару замежных спраў заяву ад імя свайго ўрада аб тым, што нямецкі ўрад вырашыў выступіць з вайной супраць СССР у сувязі з канцэнтрацыяй частак Чырвонай арміі на ўсходняй германскай мяжы.
У адказ на гэта мною ад імя савецкага ўрада было заяўлена, што да апошняй хвіліны германскі ўрад не прад’яўляў ніякіх прэтэнзій да савецкага ўрада, што Германія здзейсніла напад на СССР, нягледзячы на міралюбную пазіцыю Савецкага Саюза, і што тым самым фашысцкая Германія з’яўляецца нападаючым бокам.
Па даручэнні ўрада Савецкага Саюза я павінен таксама заявіць, што ні ў адным пункце нашы войскі і наша авіяцыя не дапусцілі парушэння мяжы, і таму зробленая сёння раніцай заява румынскага радыё, што нібыта савецкая авіяцыя абстраляла румынскія аэрадромы, з’яўляецца суцэльнай хлуснёй і правакацыяй. Такой жа хлуснёй і правакацыяй з’яўляецца ўся сённяшняя дэкларацыя Гітлера, які спрабуе папярэдняй датай выставіць абвінаваўчы матэрыял наконт невыканання Савецкім Саюзам савецка-германскага пакта.
Цяпер, калі напад на Савецкі Саюз ужо адбыўся, савецкім урадам дадзены нашым войскам загад – адбіць разбойніцкі напад і выгнаць германскія войскі з тэрыторыі нашай радзімы. Гэтая вайна навязаная нам не германскім народам, не германскімі рабочымі, сялянамі і інтэлігенцыяй, пакуты якіх мы добра разумеем, а клікай крыважэрных фашысцкіх кіраўнікоў Германіі, якія зняволілі французаў, чэхаў, палякаў, сербаў, Нарвегію, Бельгію, Данію, Галандыю, Грэцыю і іншыя народы...
Урад заклікае вас, грамадзяне і грамадзянкі Савецкага Саюза, яшчэ больш цесна згуртаваць свае шэрагі вакол нашай слаўнай бальшавіцкай партыі, вакол нашага савецкага ўрада, вакол нашага вялікага правадыра тав. Сталіна.
На нашым баку праўда. Вораг будзе разбіты. Перамога будзе за намі.
424 словы
Крыніца: https://bit.ly/3psgmDs,
дата апошняга наведвання: 21.01.2021 г.
Дадатковыя
матэрыялы
ўрока
Дзеці ў гады Другой сусветнай вайны
Памяць і мемарыялізацыя Другой сусветнай вайны ў розных краінах
Гвалтоўны ўгон моладзі на працу ў Германію падчас Другой сусветнай вайны
Змена дзяржаўных межаў у выніку Другой Сусветнай вайны
Наступствы Другой сусветнай вайны
Канфлікты памяці: Відэа