Абвесткі ў газеце «Фольксцайтунг» (Volkszeitung), галасы Камуністычнай партыі Германіі, зямля Саксонія
Георг Вёртге (22.11.1888 – 7.12.1977) – адзін з самых папулярных артыстаў і выканаўцаў дрэздэнскіх тэатраў аперэты, якія працавалі ў жанры фальклору, з 1919 года. Калі ў студзені 1933 году распалася берлінская тэатральная трупа, якой кіравалі браты-яўрэі Ротэр і ў склад якой уваходзілі тэатры “Цэнтральны” і “Рэзідэнц” у Дрэздэне, тэатральнымі рэжысёрамі гэтых тэатраў сталі Вёртге і яго калега Сукфюль. 1 снежня 1936 года на Альбертплатц адкрыўся «Народны тэатр»; гэта быў муніцыпальны тэатр нацыянал-сацыялістычнай скіраванасці, які карыстаўся падтрымкай “Германскага працоўнага фронту” і Міністэрства асветы і прапаганды Рэйха. Вёртге ўзначаліў аперэту. Ён таксама ўступіў у Нацыянал- сацыялістычную нямецкую працоўную партыю (НСДАП) 1 мая 1937 года. 15 мая 1944 года Вёртге атрымаў ліцэнзію ад Палаты тэатраў рэйху на права выкладання сцэнічных дысцыплін з тэрмінам дзеяння да 1947 года. Пасля 8 мая 1945 года ён працягнуў працаваць выкладчыкам сцэнічных дысцыплін і граць у прыватных тэатрах. Увесну 1946 года мінулае дагнала яго, і ён быў падвергнуты допытам. Зрэшты, можна сказаць, што актору, які, верагодна, лічыў сябе апалітычным чалавекам, пашанцавала. Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі (САПГ), зацікаўленай у дэмакратычным абліччы, патрабаваліся такія папулярныя артысты, як Вёртге, для заваявання сімпатый у прадстаўнікоў розных сацыяльных груп. Георг Вёртге змог працягнуць сваю кар’еру ў 1947 годзе, спачатку – у Народным тэатры (Volksbühne), а пазней – у Дрэздэнскай дзяржаўнай аперэце да 1973 года.
Густаў Агунтэ (1900—1976) – музыка, які атрымаў вядомасць у 1924 годзе і стаў пасля дырыжорам аркестра Сярэдненямецкага радыёвяшчання Лейпцыга АГ» (Mitteldeutsche Rundfunk AG Leipzig/MIRAG), пераўтворанага нацыстамі ў 1934 годзе ў Імперскае радыё Лейпцыга (Reichssender Leipzig). Яго жонка-яўрэйка Эрна была дэпартаваная ў канцлагер, і яе лёс так і застаўся невядомым. Іх дачка Анэлізэ была танцоўшчыцай Дрэздэнскай дзяржаўнай оперы да 1933 г., калі ёй забаранілі працаваць, бо яна была напалову яўрэйкай. Пасля 8 мая 1945 года яна займала пасаду балетмайстра ў розных тэатрах Дрэздэна. Густаў і яго сын Рольф- Гюнтэр Агунтэ заснавалі Вялікі аркестр Дрэздэнскага радыё і Эстрадны аркестр Дрэздэнскага радыё ў 1945 годзе.
Курт Штрыглер (7.1.1886, Дрэздэн – 4.8.1958, Вільдтурн/Ландау) актыўна ўдзельнічаў у музычным жыцці Дрэздэна як выкладчык, дырыжор, музыка і кампазітар. У 1912 годзе ён стаў дырыжорам Дрэздэнскай прыдворнай (дзяржаўнай) оперы.
7 сакавіка 1933 года нацысцкія падбухторшчыкі ў форме сарвалі пачатак оперы «Рыгалета» ў Дзяржаўнай оперы. Дырыжорам пастаноўкі быў галоўны дырыжор Фрытц Буш – касмапаліт, які лаяльна ставіўся да артыстаў яўрэйскага паходжання. Буша выгналі з будынка. Пад рукой аказаўся дырыжор Курт Штрыглер, які і прыняў на сябе дырыжыраванне операй: кіраўніцтва спектаклем. Штрыглер затым уступіў у НСДАП і стаў дзяржаўным дырыжорам і дырэктарам дрэздэнскай кансерваторыі.
Пасля канца вайны ў маі 1945 года ён працягнуў працаваць у Дрэздэне, які быў моцна разбураны бамбардзіроўкамі саюзнікаў у лютым 1945 года. Тым не менш, так як ён быў членам НСДАП, ён пераехаў з ГДР (Усходняя Германія, дзе пасля вайны праводзілася актыўная “дэнацыфікацыя”) у Мюнхен (ФРГ) у 1950 годзе. Курт Штрыглер памёр у 1958 годзе ў Баварыі, але знайшоў месца апошняга супакаення на старых каталіцкіх могілках у сваім родным горадзе Дрэздэне.