top
Arrow

План урока

DECORATIVE ICON
Беатрыс Петцальд Brücke/Most-Stiftung, Дрэздэн, Германія
DECORATIVE ICON
16-19 гады
DECORATIVE ICON
90 хвілін

Задачы

1 верасня 1939 года і 9 мая 1945 года – афіцыйныя даты пачатку і заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе.

Навучэнцы падчас занятку навучацца аналізаваць пачатак і заканчэнне Другой сусветнай вайны з пазіцый чатырох розных краін, уключаючы грамадскае ўспрыманне гэтых падзей у кожнай з іх. Названыя чатыры краіны прадстаўленыя Германіяй як краінай-захопніцай, Польшчай, Беларуссю (заходняя частка якой на пачатак Другой сусветнай вайны ўваходзіла ў склад Польшчы, а ўсходняя – у склад СССР) і Расіяй (якая ўваходзіла ў склад СССР) як краінамі, якія былі захопленыя, акупаваныя і спустошаныя.

Кожная з гэтых чатырох краін успрымае гэтую вайну па-свойму, у кожнай з іх ёсць свая гісторыя, невядомая шмат каму з нас. Другая сусветная вайна аб’ядноўвае і падзяляе нас і цяпер. Пасля яе заканчэння прайшло ўжо больш за 70 гадоў; тым не менш мы да гэтага часу адчуваем яе наступствы.

Паглыбленае разуменне і вывучэнне суседніх краін, насельніцтва гэтых краін з іх лёсамі і гісторыямі дапаможа нам зрабіць свой унёсак у пазбяганне новых войнаў паміж людзьмі.

Метадалогія

Праца з гістарычнымі тэкставымі крыніцамі / сумесная праца

Занятак можа быць выкарыстаны для:

  • паўтарэння;
  • замацавання;
  • кароткага агляду;
  • дапаўнення.

Праца з гістарычнымі тэкставымі крыніцамі

Дакументы як гістарычныя крыніцы, па сутнасці, уяўляюць сабой сляды з мінулага. Да гістарычных крыніц адносяць:

  • газетныя артыкулы або радыёпаведамленні;
  • дзённікі або ўспаміны сведак вайны;
  • прамовы/выступы;
  • афіцыйныя дакументы або данясенні;
  • інтэрв’ю;
  • фатаграфіі;
  • аб’екты...

Сумесная праца

Дзейнасць у ходзе занятку варта падзяліць на тры этапы.

Індывідуальная праца ці праца ў парах: Эксперт
Навучэнец або пара навучэнцаў працуюць з заданнем самастойна або разам, сумяшчаюць вядомую інфармацыю з новай інфармацыяй і, такім чынам, дасягаюць узроўню экспертаў.

Праца ў невялікіх групах: Экспертная група
Навучэнцы-эксперты аб’ядноўваюцца ў экспертныя групы для працы над адной тэмай, прадстаўлення сваіх вынікаў і абмеркавання магчымых пытанняў.

Пленарнае пасяджэнне
Экспертныя групы прадстаўляюць свае вынікі на пленарным пасяджэнні, абмяркоўваюць сваю тэму з іншымі экспертнымі групамі і адказваюць на іх пытанні.

Неабходныя матэрыялы. ВУЧНІ

Да пачатку заняткаў

Тэксты

Усе навучэнцы павінны азнаёміцца з тэкстамі, якія змяшчаюць агульную інфармацыю пра падзеі 1939, 1941 г. і 1945 гг., у рамках падрыхтоўкі да занятку (дамашняя работа). аб’ём кожнага тэксту – 650-800 слоў.

Агульная інфармацыя пра пачатак Другой сусветнай вайны 1 верасня 1939 года

Верасень быў месяцам, у якім пераважала вайна, распачатая Германіяй: у 4:45 раніцы 1 верасня нямецкі ваенны карабель «Шлезвіг-Гальштэйн» адкрыў агонь па Вестэрплатэ1 , Гданьск, а ў 5:45 раніцы пачалася вайна, якой так баяліся многія, пасля “нападу” на станцыю у Глівіцэ2 , зымітаванага немцамі. А 10-й раніцы Адольф Гітлер у сваёй прамове ў Рэйхстагу3 , якая транслявалася па радыё на ўвесь Германскі рэйх4 , апраўдаў уварванне ў Польшчу, якое было пачатае без абвяшчэння вайны. У сваёй прамове ён пазбягаў выкарыстання слова «вайна» імкнуцца не ўжываць гэтае слова павінна была і нямецкая прэса. ;

Раніцай 3 верасня, пасля двух дзён роздумаў і сумневаў, Вялікабрытанія (а неўзабаве за ёй і Францыя) абвясціла вайну Германскай імперыі, пасля чаго Германія пачала баявыя дзеянні на моры насупраць Брытанскай імперыі.

Пасля таго як савецкія войскі акупавалі ўсходнюю частку Польшчы 17 верасня згодна з дадатковым пратаколам да Пакта (дагавора) аб ненападзенні5 , заключанага ў жніўні, нямецкія і савецкія войскі ўпершыню сустрэліся на наступны дзень у раёне Брэста6 . З гэтай нагоды абодва бакі зрабілі сумесную заяву пра адсутнасць паміж імі канфлікту інтарэсаў у Польшчы. 22 верасня нямецкія войскі адышлі да ўзгодненай лініі.

Напярэдадні Рэйнхард Гейдрых7 як начальнік паліцыі бяспекі і службы бяспекі СС8 абазначыў у агульных рысах палітыку, якой павінны былі прытрымлівацца нямецкія акупацыйныя сілы ў Польшчы: ліквідацыя інтэлігенцыі, гетаізацыя яўрэяў і перасяленне польскага насельніцтва ў генерал-губернатарства (Generalgouvernement)9 , у якое былі ўключаны часткі польскай тэрыторыі, што засталіся пасля падзелу, сталіцай стаў Кракаў.

Згодна з вярхоўным камандаваннем вермахта10, «польская кампанія» была завершаная да 23 верасня, што, аднак, не перашкодзіла ваенна-паветраным сілам Германіі масіравана бамбаваць Варшаву праз два дні – неапраўданая атака, якая забрала больш за 10 000 жыццяў. 27 верасня сталіца капітулявала, і 140 000 польскіх жаўнераў патрапілі ў палон да немцаў.

Пачатак вайны, безумоўна, унёс сур’ёзныя змены ў паўсядзённае жыццё людзей на тэрыторыі рэйха, якая з таго часу разглядалася як «унутраны, хатні фронт»11. Яшчэ 1 верасня быў аддадзены загад аб поўным зацямненні і перахопе паведамленняў і перадач «варожых перадатчыкаў». Распаўсюджванне навін, пачутых па «варожых перадатчыках», сувора каралася. Змена месца працы без афіцыйнага дазволу была цалкам забароненая. 3 верасня быў апублікаваны дэкрэт «Прынцыпы ўнутранай бяспекі ў перыяд вайны», у якім Рэйнхард Гейдрых як начальнік паліцыі бяспекі і службы бяспекі СС адкрыта пагражаў выступіць без усякага жалю супраць любога, хто публічна ставіць пад сумнеў перамогу Германіі.

Затым былі прынятыя радыкальныя меры: 4 верасня дэкрэтам Савета міністраў абароны рэйха была павялічаная колькасць членаў для «Службы працы рэйха» («Імперскай службы»)12 (для маладых жанчын ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў) да 100 000. У той жа дзень Савет выдаў указ аб «эканоміцы ваеннага часу», якім быў павялічаны падатак на прыбытак, а таксама дадатковыя пошліны на тытунь, піва і іншыя алкагольныя напоі. Адначасова былі ўведзеныя «ваенныя зарплаты», што таксама значыла адмену надбавак за працу ў нядзелю, у святы і ў начны час. Дэкрэтам Савета міністраў супраць “шкоднікаў”, які ўступаў у сілу з 5 верасня, быў прадугледжаны смяротны прысуд за рабаванне ў расчышчаных зонах і за злачынствы падчас паветранай трывогі.

Уводзіны
Агульная інфармацыя пра напад нямецкіх войскаў на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года

Аўтар: Біянка Піэтраў-Энкер (Bianka Pietrow-Ennker)

Стратэгія «маланкавай вайны» (Blitzkrieg)1 , якая ляжала ў аснове вайны, распачатай супраць СССР на досвітку 22 чэрвеня 1941 года ўздоўж усёй савецкай дзяржаўнай мяжы з Ленінградам, Масквой і Украінай як асноўнымі напрамкамі нападу, прывяла да паражэння савецкіх узброеных сіл, калі яны яшчэ знаходзіліся ў працэсе разгортвання.

Дырэктыва No 1 народнага камісарыята2 абароны СССР войскам вайсковых памежных акруг, якая загадвала прывесці памежныя войскі ў стан баявой гатоўнасці, выйшла занадта позна – толькі ў 00:30 22 чэрвеня 1941 года – і не была перададзеная своечасова ў многія часткі. Змест дырэктывы быў таксама супярэчлівым: савецкім войскам было загадана не паддавацца на правакацыйныя дзеянні і не адкрываць агонь нават пры ўступленні ворага на савецкую тэрыторыю. Калі надыходзячыя войскі нямецкага вермахта3 ўжо расцягнуліся ад Баранцава мора да Чорнага мора, савецкія войскі адступілі і данеслі пра першыя буйныя страты, пасля гэта была выпушчаная дырэктыва No 2 – праз некалькі гадзін пасля першай.

Гэтая дырэктыва паказвае, што палітычнае і ваеннае кіраўніцтва СССР працягвала дзейнічаць, зыходзячы з разумення нападу як правакацыі з боку Германіі, і не верыла ў пачатак маштабнага вайсковага супрацьстаяння паміж Германіяй і СССР. Войскам было загадана абрынуцца на варожыя сілы і знішчыць іх у раёнах парушэння савецкай мяжы, аднак не было ніякай згадкі пра стан вайны і не была аб’яўленая ўсеагульная мабілізацыя. Дырэктыва No 3 выйшла ўвечары 22 чэрвеня 1941 года, калі ініцыятыва ўжо знаходзілася працяглы час у руках немцаў; гэтая дырэктыва загадвала пачаць контрнаступленне на ўсіх франтах супраць ворага на савецкай тэрыторыі.

Між тым у штаба не было ўяўлення пра тое, што адбываецца на франтах. Ваеннапаветраныя сілы Германіі ўжо кантралявалі паветраную прастору, а савецкія войскі вялі цяжкія абарончыя баі або нават адступалі. Нямецкая авіяцыя наносіла бомбавыя ўдары па савецкай тэрыторыі на глыбіню 400 кіламетраў, рассейваючы савецкія часткі, знішчаючы лініі сувязі і вельмі абцяжарваючы дастаўку войскаў на фронт. Нямецкія часткі пачалі наступальныя аперацыі ў розны час, што не дазволіла стварыць суцэльную лінію абароны. У выніку нямецкія танкі і матарызаваныя часткі абышлі савецкія войскі і атакавалі іх з флангаў і з-за флангаў. Паразы Чырвонай арміі4 ў гэтых памежных баях, буйныя страты жывой сілы і тэхнікі, недахоп запасаў зброі і боепрыпасаў дазволілі немцам захапіць стратэгічную ініцыятыву ўсяго праз некалькі дзён. Да снежня 1941 года, калі прасоўванне немцаў захлынулася, 4 мільёны савецкіх салдат былі забітыя, 3,9 мільёна – узятыя ў палон.

[...] З выступу Сталіна [заўвага: 3 ліпеня 1941 г.] савецкія грамадзяне ўпершыню выразна, ва ўсёй паўнаце ўсвядомілі, што СССР знаходзіцца ў становішчы, якое пагражае яго існаванню: гаворка ідзе пра «жыццё і смерць». Разам з тым Сталін выступіў як безумоўны лідар, чыя ўлада не пахіснулася, нягледзячы на напад Германіі. [...] Акрамя пацверджання паразаў Чырвонай арміі, гэтая прамова была накіраваная на вырашэнне трох важных задач: легітымізаваць палітыку ўладаў да нападу Германіі, растлумачыць паспяховае прасоўванне ворага на савецкай тэрыторыі і мабілізаваць насельніцтва і неварожыя замежныя дзяржавы на абарону СССР.

Другая сусветная вайна завяршылася ў Еўропе 8 мая 1945 года. Калі нарэшце змоўклі гарматы, загінула ўжо больш за 60 мільёнаў чалавек. Гэты тэкст змяшчае агляд дадзеных, якія адносяцца да заканчэння вайны, а таксама агульную інфармацыю пра Другую сусветную вайну.

Германія, 1945 г. год – «Тысячагадовы» нацысцкі рэйх1 патануў у акіяне крыві і слёз. Калі нарэшце змоўклі гарматы 8 мая, загінула ўжо больш за 60 мільёнаў чалавек. Загінулыя на франтах, забітыя ў канцэнтрацыйных лагерах, згарэлыя жыўцом падчас начных бамбаванняў, памерлыя ад голаду, холаду і фізічнага гвалту пры спробе ўцёкаў. Калі свет даведаўся пра тое, што рабілася ў імя Германіі – і не толькі ў лагерах нацысцкага рэжыму, – гнеў народаў павярнуўся супраць усіх гітлераўцаў.

Па сутнасці, вынік вайны ў Еўропе быў прадвызначаны ўжо ў пачатку красавіка 1945 года. У пачатку лютага ў Ялце [заўв. перакладчыка: на Ялцінскай канферэнцыі] ЗША, Францыя, Вялікабрытанія і СССР пачалі абмяркоўваць пасляваенны сусветны парадак. Але замест капітуляцыі нацысты працягнулі ўкідваць усё, што ў іх было, у полымя вырашальнай бітвы. Пажылых людзей прызвалі ў «фольксштурм» (“Volkssturm”) / атрады народнага апалчэння2 дзяцей з «Гітлерюгенда»3 адправілі на вуліцы з ручнымі гранатамётамі. Па ўсім рэйху многіх людзей па-ранейшаму расстрэльвалі як «здраднікаў». Аж да самага канца ваенны трыбунал вермахта4 і СС5 выносіў тысячы смяротных прысудаў супраць нямецкіх салдат і грамадзянскіх асоб. 21 красавіка савецкая армія падышла да межаў Берліна, а ўвечары 29 красавіка 1945 года яна стаяла ля Брадэнбургскіх варот. Баі за Берлін завяршыліся 2 мая.

Пакуль Берлін гінуў у вулічных баях, а дзясяткі тысяч людзей расплачваліся сваімі жыццямі, змагаючыся да канца, не на жыццё, а на смерць, рэйхсканцлер Адольф Гітлер сышоў ад адказнасці, здзейсніўшы самагубства 30 красавіка 1945 года, як ён і абяцаў. Ён прызначыў сваім пераемнікам грос-адмірала Карла Дэніца6 . Дэніц загадаў генерал-палкоўніку Альфрэду Ёдлю7 , адказнаму за баявыя дзеянні на тэрыторыях ад Нарвегіі да Паўночнай Афрыкі, правесці перамовы аб капітуляцыі ў амерыканскім штабе ў Рэймсе4 . Ёдль пры гэтым спрабаваў затрымаць капітуляцыю перад Чырвонай арміяй з тым, каб немцы, якія знаходзіліся на ўсходніх тэрыторыях, маглі збегчы на захад, але беспаспяхова.

Генерал-палкоўнік Ёдль падпісаў Акт аб безумоўнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл 7 мая 1945 года ў Рэймсе ў штабе генерала Дуайта Д. Эйзенхаўэра9 , галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі саюзнікаў у Еўропе. Капітуляцыя ўступіла ў сілу 8 мая 1945 года ў 23:00. Савецкі дыктатар Іосіф Сталін запатрабаваў правесці цырымонію паўторна ў зоне савецкага ўплыву. Ноччу 9 мая фельдмаршал Вільгельм Кейтэль10, начальнік штаба вярхоўнага камандавання вермахта, падпісаў Акт аб капітуляцыі ў савецкім штабе, у берлінскім прадмесці Карлсхорст. Пасля больш чым пяці гадоў вайны ў Еўропе нарэшце змоўклі гарматы.

5 чэрвеня 1945 года чатыры краіны-пераможцы падпісалі Берлінскую дэкларацыю, якая абвяшчала: «Урады Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Злучанага Каралеўства, Злучаных Штатаў Амерыкі і Часовы ўрад Французскай Рэспублікі бяруць на сябе вярхоўную ўладу ў Германіі, уключаючы ўсю ўладу, якой валодае германскі ўрад, вярхоўнае камандаванне вермахта і любы абласны, муніцыпальны або мясцовы ўрад ці ўлада».

Германія была падзеленая на чатыры акупацыйныя зоны, а Берлін – на чатыры сектары. Кожная з краін-пераможцаў вызначала эканамічнае і палітычнае развіццё ў сваёй зоне або сектары па ўласным меркаванні.

Заўвага: Тэксты прадстаўляюць пункт гледжання немцаў. Настаўнікам з Польшчы, Беларусі і Расіі рэкамендавана ўважліва вывучыць матэрыялы і, пры неабходнасці, выбраць тэксты, якія адносяцца да іх краіны.

Працоўны аркуш 1

Працоўны аркуш 1, на якім кожны навучэнец павінен зрабіць пазнакі па «тэкстах, якія змяшчаюць агульную інфармацыю».

Download
Працоўны аркуш 1 PDF (111 KB)
У ходзе занятку

Адна папка змяшчае

  1. Заданне (з пытаннямі ў якасці кіраўніцтва) з інструкцыямі, што павінны рабіць навучэнцы ў экспертных групах;
  2. Розныя віды гістарычных дакументаў, якія павінны быць вывучаныя навучэнцамі ў кожнай экспертнай групе (адна група – за 1939 г., другая – за 1941 г., трэцяя – за 1945 г.);
  3. Працоўны аркуш 2 – кіраўніцтва з інфармацыяй, як трэба правільна чытаць гістарычныя дакументы і на чым варта засяродзіць увагу.

Экспертная група 1

Заданне / 1 верасня 1939 г.

Ваша група – экспертная група 1; задача вашай групы – вывучыць гістарычныя тэкставыя крыніцы па тэме «Пачатак Другой сусветнай вайны 1 верасня 1939 г.». Вы павінны:

-> Прааналізаваць тэкставыя крыніцы, кіруючыся рэкамендаванымі пытаннямі, названымі ў Працоўным аркушы 2, а таксама пазнакамі, зробленымі вамі на Працоўным аркушы 1 (па тэкстах, вывучаных вамі ў межах падрыхтоўкі да занятку);

-> Адказаць на пытанні, прыведзеныя ніжэй, прыводзячы аргументы і/або доказы з тэкстаў:

  • Як гэтую дату (1 верасня 1939 года) успрымалі палякі ў гістарычных дакументах?
  • Як гэтую дату (1 верасня 1939 года) успрымалі немцы ў гістарычных дакументах?
  • Чаму, на вашу думку, дата 1 верасня 1939 года не грала значнай ролі ў сродках масавай інфармацыі або ва ўспамінах беларусаў і расіян (абедзве краіны ўваходзілі ў склад СССР)?

-> Абмеркаваць з дзвюма іншымі экспертнымі групамі (22 чэрвеня 1941 года, 9 мая 1945 года) наступныя пытанні са шматкультурнага пункту гледжання разгляду Германіі як краіны-захопніцы, Польшчы, Беларусі і Расіі (апошнія дзве ўваходзілі ў склад СССР) – як краін, якія былі захопленыя, акупаваныя і разбураныя/ спустошаныя:

  • Чаму дата 1 верасня 1939 года (дата пачатку Другой сусветнай вайны ў Еўропе для некаторых з названых чатырох краін) больш значная ці менш значная ў сучасных культурах памяці гэтых краін? Абгрунтуйце свой адказ.
  • Як, на вашу думку, гэтая дата ўспрымаецца ў сучаснай культуры памяці ў Расіі, Беларусі, Польшчы і Германіі?
Гістарычныя дакументы / 1 верасня 1939 г.
Гістарычныя дакументы

Польшча

  • Радыёзварот, перададзены па польскім радыё 1 верасня 1939 г. на польскай і англійскай мовах (youtube);
  • Артыкул Пятра Абрышэньскага да 80-й гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны: «1 верасня 1939 г.: Пачатак пекла».

Германія

Вытрымкі са/з:

  • Штодзённай газеты Deutsches Nachrichtenbüro GmbH – афіцыйнага цэнтральнага інфармацыйнага агенцтва Германскага рэйха ў перыяд нацыянал-сацыялізму;
  • Teltower Kreisblatt – штодзённай газеты раёна горада Тэльтава на дату 1 верасня 1939 г.
Дзённікі або ўспаміны сведак вайны

Польшча

Успаміны трох дзяцей з Польшчы: «Перажытае мной у вайну (з твораў, напісаных у чэрвені 1946 года)».

Германія

Успаміны Вернера Морка (1921 года нараджэння) з Германіі. Вернер узгадвае, як быў абвешчаны пачатак вайны 1 верасня 1939 года, калі яму было 18 гадоў.

Экспертная група 2

Заданне / 22 чэрвеня 1941 г.

Ваша група – экспертная група 2; задача вашай групы – вывучыць гістарычныя тэкставыя крыніцы па тэме «Напад нямецкіх войскаў на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года» (у польскай і нямецкай тэрміналогіі: «Пачатак вайны паміж Германіяй і СССР» / у рускамоўнай тэрміналогіі: «Пачатак Вялікай Айчыннай вайны»). Вы павінны:

-> Прааналізаваць тэкставыя крыніцы, кіруючыся рэкамендаванымі пытаннямі, названымі ў Працоўным аркушы 2, а таксама пазнакамі, зробленымі вамі на Працоўным аркушы 1 (па тэкстах, вывучаных вамі ў межах падрыхтоўкі да занятку);

-> Адказаць на пытанні, прыведзеныя ніжэй, прыводзячы аргументы і/або доказы з тэкстаў:

  • Як гэтую дату (22 чэрвеня 1941 года) успрымалі беларусы і расіяне (абедзве краіны ўваходзілі ў склад СССР) у гістарычных дакументах?
  • Як гэтую дату (22 чэрвеня 1941 года) успрымалі немцы ў гістарычных дакументах?
  • Чаму, на вашу думку, дата 22 чэрвеня 1941 года не грала значнай ролі ў сродках масавай інфармацыі і ва ўспамінах палякаў?

-> Абмеркаваць з дзвюма іншымі экспертнымі групамі (1 верасня 1939 года, 9 мая 1945 года) наступныя пытанні са шматкультурнага пункту гледжання разгляду Германіі як краіны-захопніцы, Польшчы, Беларусі і Расіі (апошнія дзве ўваходзілі ў склад СССР) як краін, якія былі захопленыя, акупаваныя і разбураныя/ спустошаныя:

  • Чаму дата 22 чэрвеня 1941 года (дата пачатку Вялікай Айчыннай вайны для некаторых з названых чатырох краін) больш значная ці менш значная ў сучасных культурах памяці гэтых краін? Абгрунтуйце свой адказ.
  • Як, на вашу думку, гэтая дата ўспрымаецца ў сучаснай культуры памяці ў Расіі, Беларусі, Польшчы і Германіі?
Гістарычныя дакументы / 22 чэрвеня 1941 г.
Гістарычныя дакументы

Расія/Беларусь (СССР)

Выступ В. Молатава, міністра замежных спраў СССР, пра напад нацыянал-сацыялістычнай Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 года.

Германія

Вытрымкі з газеты «Барутэр анцайгер» (Baruther Anzeiger) – штодзённай газеты горада Барута.

Дзённікі або ўспаміны сведак вайны

Расія (СССР)

Вытрымкі з успамінаў, запісаных трыма дзецьмі / падлеткамі з Ленінграда (даты нараджэння: з 1925 па 1929 гг.), якія перажылі блакаду Ленінграда.

Беларусь (СССР)

Вытрымкі з успамінаў пра напад нямецкіх войскаў на СССР 22 чэрвеня 1941 года, запісаныя чатырма яўрэйскімі дзецьмі / падлеткамі, якія нарадзіліся ў перыяд з 1925 па 1932 гг. і паходзяць з Мінска, Гомеля і Новага Свержаня ў Беларусі.

Германія

Вытрымкі з дзённіка за 1941 год Гюнтэра Роаса (1924 года нараджэння, з Бруля), 17-гадовага юнака на дату напісання дзённіка, які захапляўся Адольфам Гітлерам і быў адданым салдатам вермахта, а таксама крытычныя каментарыі Гюнтэра Роаса, зробленыя ім у 1989 годзе.

Экспертная група 3

Заданне / 9 мая 1945 г.

Ваша група – экспертная група 3; задача вашай групы – вывучыць гістарычныя тэкставыя крыніцы па тэме «Заканчэнне Другой сусветнай вайны 9 мая 1945 года”. Вы павінны:

-> Прааналізаваць тэкставыя крыніцы, кіруючыся рэкамендаванымі пытаннямі, названымі ў Працоўным аркушы 2, а таксама пазнакамі, зробленымі вамі на Працоўным аркушы 1 (па тэкстах, вывучаным вамі ў межах падрыхтоўкі да занятку);

-> Адказаць на пытанні, прыведзеныя ніжэй, прыводзячы аргументы і/або доказы з тэкстаў:

  • Як заканчэнне вайны ўспрымалі расіяне ў гістарычных дакументах?
  • Як заканчэнне вайны ўспрымалі беларусы ў гістарычных дакументах?
  • Як заканчэнне вайны ўспрымалі палякі ў гістарычных дакументах?
  • Як заканчэнне вайны ўспрымалі немцы ў гістарычных дакументах?

-> Абмеркаваць з дзвюма іншымі экспертнымі групамі (1 верасня 1939 года, 22 чэрвеня 1941 года) наступныя пытанні са шматкультурнага пункту гледжання разгляду Германіі як краіны-захопніцы, Польшчы, Беларусі і Расіі (апошнія дзве ўваходзілі ў склад СССР) як краін, якія былі захопленыя, акупаваныя і разбураныя/ спустошаныя:

  • Чаму дата 9 мая 1945 года больш значная ці менш значная ў сучасных культурах памяці гэтых краін? Абгрунтуйце свой адказ.
  • Як, на вашу думку, гэтая дата ўспрымаецца ў сучаснай культуры памяці ў Расіі, Беларусі, Польшчы і Германіі?
Гістарычныя дакументы / 9 мая 1945 г.
Гістарычныя дакументы

Расія/Беларусь (СССР)

  • Радыёзварот аб заканчэнні вайны, зачытаны знакамітым дыктарам [Усесаюзнага] радыё Левітанам.
  • Зварот Сталіна і артыкул «Учора ў Маскве» з газеты «Праўда» за 10 мая 1945 года.

Польшча

Вытрымкі з газетных артыкулаў за 8 мая 1945 года, апублікаваных у штодзённых газетах Dziennik Zachodni (Катавіцэ) і Życie Warszawy (Варшава).

Дзённікі або ўспаміны сведак вайны

Беларусь/Расія (СССР)

Вытрымкі з успамінаў аб заканчэнні вайны, запісаныя салдатам Чырвонай арміі ў Берліне, былым вязнем Мінскага гета (Беларусь) і дзіцём, якое перажыло блакаду Ленінграда.

Германія

Вытрымкі з успамінаў аб заканчэнні вайны, запісаныя Херманам Ломанам (1925 года нараджэння), якому было 13 гадоў на момант пачатку вайны і які ніколі не думаў пра тое, што будзе ваяваць, але ва ўзросце 17 гадоў быў прызваны ў армію ў 1943 годзе.

Працоўны аркуш 2

павінен выкарыстоўвацца ўсімі навучэнцамі ў якасці кіраўніцтва для аналізу тэкставых крыніц і наступнага абмеркавання.

Download
Працоўны аркуш 2 PDF (148 KB)

Гэты працоўны аркуш змяшчае наступныя пытанні:

A Апісанне тэкставай крыніцы

  • аўтар / дата стварэння / прычына
  • тып крыніцы / адрасат
  • тэма / змест / аргументацыя
  • задума

Б Разгляд тэкставай крыніцы ў гістарычным кантэксце

  • гістарычны кантэкст

В Ацэнка тэкставай крыніцы

Не забывайце пра тое, што мы не можам асуджаць думкі і дзеянні людзей, якія жылі ў мінулым, зыходзячы выключна з норм і стандартаў сучаснага грамадства.

  • ацэнка навучэнцамі тэкставай крыніцы
  • уласнае стаўленне навучэнцаў да крыніцы

Г Якія пытанні застаюцца адкрытымі?
Што новага вы даведаліся?
Што было вам незразумела?

Неабходныя матэрыялы. НАСТАЎНІКУ

  • Карта Еўропы ці свету для візуалізацыі геаграфічнага становішча краін, рэгіёнаў або месцаў;
  • (калі магчыма:) гістарычныя карты (1) 1938 года, (2) пасля 17 верасня 1939 г. i (3) пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе;
  • Пустыя карткі трох розных колераў для запісаў у ходзе разважанняў («рэфлексіі») у канцы занятку.

План урока

Да пачатку занятку

Індывідуальная праца

-> У межах падрыхтоўкі да занятку навучэнцы павінны вывучыць тэксты з агульнай інфармацыяй, якія адносяцца да дат 1 верасня 1939 года, 22 чэрвеня 1941 года і 9 мая 1945 года для разумення кантэксту. Вучні павінны будуць запоўніць Працоўны аркуш 1 з тым, каб на занятку ў іх быў агульны агляд такой зыходнай інфармацыі.

У ходзе занятку

Клас дзеляць на 3 экспертныя групы, па адной для працы з кожнай з трох дат (1 верасня 1939 г., 22 чэрвеня 1941 г., 9 мая 1945 г.); кожнай групе выдаюць адпаведную папку з заданнем, гістарычнымі тэкставымі крыніцамі і Працоўным аркушам 2.

Індывідуальная праца ці праца ў парах: эксперт(ы)

Кожны навучэнец або пара навучэнцаў з экспертнай групы:

-> выбіраюць гістарычную тэкставую крыніцу згодна з тэмай групы;

-> вывучаюць тэкст, кіруючыся рэкамендаванымі пытаннямі, названымі ў Працоўным аркушы 2, а таксама пазнакамі, зробленымі самастойна на Працоўным аркушы 1 (кантэкст) па тэкстах з агульнай інфармацыяй, вывучаных імі ў межах падрыхтоўкі да занятку;

-> фарміруюць аргументы / пункт гледжання ў адпаведнасці з пытаннямі да задання.

Праца ў групах: экспертная група

Кожны навучэнец або пара навучэнцаў з экспертнай групы:

-> прэзентуюць свой дакумент астатнім удзельнікам экспертнай групы;
-> прэзентуюць аргументы па ўзнятым пытанні;
-> адказваюць на магчымыя пытанні ўдзельнікаў сваёй групы.

Экспертная група прымае рашэнне пра тое, у якім аб’ёме і як павінны быць прадстаўленыя дакументы ўсяму класу.

Пленарнае пасяджэнне з усімі экспертнымі групамі

Кожная экспертная група:

-> робіць агульную прэзентацыю вывучаных імі гістарычных тэкставых крыніц для ўсяго класа;
-> прыводзіць аргументы па пытаннях, што абмяркоўваюцца;
-> адказвае на пытанні іншых навучэнцаў.

Рэфлексія (пленарнае пасяджэнне)

Навучэнцам даюць некалькі хвілін на абдумванне адказаў на тры пытанні, прыведзеныя ніжэй; навучэнцы пішуць адно ключавое слова або фразу на адной пустой картцы (дапускаецца выкарыстанне большай колькасці картак), прымацоўваюць картку(і) да сцяны і тлумачаць напісанае.

Навігацыя па ўроках