Беларусь
Дата і падзея
Дата і падзея
Сведка
Да дзвярэй прыляпілі запіску:
«Валік, сынок. Сёння раніцай я была ў піянерскім лагеры, але цябе там не было. Мы чакалі цябе ўвесь дзень. Я з’язджаю з Марыйкай. Мы нават не ведаем, куды ісці. Схадзі да цёткі Наташы. Яна добрая жанчына і яна дапаможа табе. Спадзяюся, вайна хутка скончыцца, і мы зноў убачымся. Я цябе люблю і цалую. Мама».
Каля месяца ён жыў адзін у сваёй кватэры. Аднойчы па дарозе дадому з Камароўскага рынку, дзе ён абмяняў нейкую вопратку на хлеб, ён сустрэў жанчыну, якую мама апісала як «добрая цётка Наташа». Яна [цётка Наташа] атрымала доступ у яго кватэру, у суправаджэннні паліцэйскага; Валодзя ж дадому так і не вярнуўся.
Уладзімір Рубежын (1929–2016), Беларусь
Дата і падзея
Сведка
Нечакана ў нашай хаце стала неяк ціха. Дарослыя па вечарах збіраліся разам, нягучна пра нешта размаўлялі. Твары ў іх былі строгія і заклапочаныя. Часам да нас даносілася слова «вайна»...
...Суседзі сталі спешна пакідаць свае дамы і некуды з’язджалі. Сабраліся ў дарогу і мы. Тата пасадзіў нас на фурманку, і мы ўліліся ў натоўп уцекачоў. ...Праз некаторы час дабраліся да мамінага роднага горада Смілавічы. Потым ішлі па пыльнай дарозе, цесна прыціснуўшыся да мамы. А ёй і самой было цяжка несці гадавалую Любачку. Над намі кружылі нямецкія самалёты. Чуваць было выбухі бомб, грукат снарадаў. Нас абганялі машыны, вазы. Хацелася не столькі есці, колькі піць. Было зразумела, што сысці далёка мы не зможам. Мы вярнуліся ў Мінск. Горад немагчыма было пазнаць: яго ахутваў чорны дым, панавала паніка. Раскрадаліся склады, крамы, вітрыны...
Майя Ісакаўна Крапіна (1935–2018), Беларусь
Дата і падзея
Cведка
У канцы дня, увечары, рускія салдаты раптам пачалі пераследаваць нас. Яны нешта нам крычалі. Мы не разумелі, што нам трэба рабіць, так як нам усім сказалі «ісці дадому, да мамы». Неўзабаве ўсё пагоршылася. Рускія білі нас па спінах прыкладамі і крычалі: «Давай, давай!» Яны загналі нас на шырокае поле, запоўненае дзясяткамі людзей. Спачатку мне здалося, што ўсё гэта былі вызваленыя вязні, і толькі потым я зразумеў, што гэта былі нямецкія салдаты, дзесьці больш за тысячу, якіх сюды сагналі і тут пакінулі. Мы былі ваеннапалоннымі рускіх.
Херман Ломан (*1925 г.)
Дата і падзея
Cведка
Сёння мама разбудзіла мяне жахлівай навіной; я ўжо быў падумаў, што гэта – дрэнны жарт ці хітрасць, каб выцягнуць мяне з ложка. Але гэта аказалася праўдай! Вайна! Вайна з Расіяй!!! Гэтая навіна была і сапраўды нечаканай і такой жудаснай, што спачатку ў мяне дух заняло. Ужо вечар, але я па-ранейшаму не магу ў гэта паверыць. Ніколі, ніколі ў жыцці я б не паверыў, што Расія будзе змагацца супраць нас... А Густаў – у цэнтры ўсяго гэтага. Маці звар’яцее, калі з ім што-небудзь здарыцца. Спадзяюся, вельмі спадзяюся, што ўсё з ім будзе ў парадку. Дык няхай беражэ Бог майго брата! ... І тут ёсць супярэчнасць, калі думаеш пра гэта так. Мы спрабавалі пазабавіцца (хоць, па праўдзе кажучы, у мяне не атрымлівалася, так як я ўвесь час думаў пра Густава), а яны на ўсходзе забівалі адзін аднаго... А 9-й гадзіне я вярнуўся дадому. Мама ж вярнулася з Кёльна, дзе яна была са сваімі стрыечнымі сёстрамі, толькі пасля 23.30. Ноччу ж была паветраная трывога. [...]
Гюнтэр Роас (*1924 г.)
Дата і падзея
Сведка
Калі пачалася вайна, прыляцелі нямецкія самалёты і разбамбілі Варшаву. Бамбардзіроўка доўжылася ад трох да пяці гадзін. Увесь гэты час мы ўсёй сям’ёй правялі ў падвале, акрамя бацькі, які сышоў ваяваць. Мы днямі і начамі не выходзілі з падвала. Калі ў нас сканчалася ежа, я і мае старэйшыя сябры спрабавалі здабыць ежу ў разбураных крамах – гэта было ўсё, што мы маглі зрабіць.
Януш Тарноўскі (6-ы клас) з Польшчы
Дата і падзея
Сведка
Барыкада з каменных пліт. Я перасякаю яе, каб дабрацца да Рынкавай плошчы. На Новамейскай вуліцы перад домам 11 – статуэтка Хрыста, якая выпала са сцянной нішы дома. ...
...Я паўзу на карачках над развалінамі нашай кватэры. Я пазнаю згарэлае акно і тое, што засталося ад кафлянай печы. Над маёй галавой – неба, а ў вачах маіх – слёзы... Дзе мой пісьмовы стол, дзе мае кнігі? Дзе скрынка з белай мышшу? Праз разваліны дома праглядаецца падвал. Я пазнаю рэшткі згарэлай дзіцячай калыскі; гэта была калыска маёй пляменніцы... Талеркі з кветкавымі ўзорамі, і ніводнай цэлай сярод іх; рондалі...
Гэта ўсё, што засталося ад цэлай кватэры.
...Я прымацоўваю да сцяны шматок паперы: «Хмялеўскія жывыя; іх адрас – ...».
Вытрымка з успамінаў Генрыка Хмялеўскага (1923 года нараджэння) з Польшчы
Дата і падзея
Сведка
Сёння вельмі ясны, ціхі, росны ранак. Прыедуць госці, і мы павядзём іх у далёкі лес, дзе яшчэ не былі. Гаспадар кажа, што ўвосень там вельмі шмат грыбоў. Калі б і ўвосень былі вакацыі! Заўтра я напішу пра наш шпацыр, спяшаюся, хутка трэба ісці на вакзал сустракаць... Сустрэчы не было, ніхто не прыехаў, а на станцыі па радыё перадалі страшную вестку – на нас напала Германія...
Яўгенія Вадзімаўна Шаўрова (1928–1991), Расія
Дата і падзея
Сведка
9 мая. Сёння урокаў не было. Мы з’явіліся ў школу і арганізавана пайшлі на Неўскі, адкуль рушыла дэманстрацыя. Усе, знаёмыя і незнаёмыя, віншуюць адно аднаго. Антаніна Іванаўна, наш дырэктар, увесь час плача (у яе загінуў муж), але трымаецца добра; школа наша ў надзейных руках. Увечары на Палацавай было гулянне. Пражэктары з усіх бакоў асвятлялі сцены будынкаў. Дэманстраваўся фільм, які толькі што выйшаў, – «Вызваленая Францыя». На эстрадзе ля падножжа Александрыйскага зноў выступалі танцоры [нашага Палаца] – абавязковыя ўдзельнікі ўсіх вялікіх падзей у жыцці нашага горада. Нягледзячы на тое, што было шмат людзей, на плошчы быў поўны парадак. Вярнуліся мы позна, доўга хадзілі па змаўкаючых вуліцах, але па-сапраўднаму яны, напэўна, і не заціхлі да раніцы ў гэты дзень...
Яўгенія Вадзімаўна Шаўрова (1928–1991), Расія