У рамках грамадскай акцыі ў берлінскім парку Тыргартэн, якая прайшла з нагоды гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе, праграма «Паралелі памяці» паказала фрагмент выставы «Розныя войны» — тэматычны постар «Памяць». Таксама мы прадставілі свае навучальныя матэрыялы па тэме «Памяць і мемарыялізацыя» на пяці мовах. Надвор’е спрыяла, і падзею наведала шмат людзей.
Памяць супраць вайны
Attendees of the 'Remembrance Against War' event in Tiergarten, Berlin, 8 May 2022
У маніфесце кааліцыі «Памяць супраць вайны» гаворыцца:
«24 лютага 2022 г. Расія пачала поўнамаштабную вайну з Украінай. Розныя сілы і суб’екты, якія адыгрываюць вырашальную ролю ў гэтым уварванні, карыстаюцца памяццю пра Другую сусветную вайну як інструментам ва ўласных мэтах. У той час як Расія спрабуе выбудаваць сувязь паміж «Вялікай Айчыннай вайной» і нападам на Украіну, прыкрываючы свае дзеянні эўфемізмам «дэнацыфікацыя», нямецкія палітыкі працягваюць гаварыць аб «гістарычнай адказнасці» Германіі перад Расіяй, якая нібыта не дазваляе ім у поўнай меры падтрымаць Украіну. Мы хочам нагадаць, што Украіна пацярпела ў Другой сусветнай вайне не менш за Расію і мае патрэбу ў безумоўнай падтрымцы.
9 траўня, прызнанае ў Расіі днём заканчэння Другой сусветнай вайны, — адна з найважнейшых дат для прыхільнікаў Пуціна як у Расіі, так і ва ўсім свеце. Расійская прапаганда, а таксама самаарганізаваныя групы правага ўхілу, якія ўжо правялі некалькі аўтапрабегаў па Берліне, будуць у гэты дзень асабліва актыўнымі. Менавіта таму мы, прадстаўніцы і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, дзейнасць якіх звязаная з Усходняй Еўропай, эксперткі і эксперты па ўсходнееўрапейскім рэгіёне і антываенныя актывісткі і актывісты, пастанавілі стварыць гэтую кааліцыю».
Больш падрабязную інфармацыю пра ініцыятыву «Памяць супраць вайны» можна знайсці тут (на рускай мове).