Успаміны савецкіх перасяленцаў у г. Калінінград
Анатоль Плюшкоў нарадзіўся ў 1922 годзе, у Калінінградскай вобласці з 1947 года
Усе мы, партыйныя работнікі з Ленінграда, ехалі ў адным цягніку. Большасць партыйцаў, накіраваных у вобласць, былі халастымі, у тым ліку і я. <...> Настрой ва ўсіх быў прыўзняты. У памяці ў мяне засталіся дзве фразы, сказаныя маімі спадарожнікамі, якія найболей дакладна паказваюць ход нашых думак. Адна дзяўчына, не памятаю яе імя, таксама пасланая ў Калінінградскую вобласць па партыйных справах, сказала: “Мяне не пакідае адчуванне, што мы едзем у мінулае”. Сапраўды, большасць з нас, якія перажылі вайну, адчувалі сябе носьбітамі перадавой савецкай культуры і ладу жыцця. Еўропа ўяўлялася нам адсталым і варожым рэгіёнам капіталізму. Перспектыва прыўнесці савецкую культуру ва Ўсходнюю Прусію была вельмі прывабнай. Разам з тым мы амаль нічога не ведалі аб месцы нашай будучай працы. Малады афіцэр, які ехаў з намі, адзначыў: «Рускі салдат, які прыбыў у Еўропу, не заўважыў, што ён не дома». Новаздабытую калінінградскую зямлю мы разглядалі не як нешта чужое, а як тэрыторыю, якую неабходна было засвоіць. Мы былі поўныя аптымізму, і ніякая задача не здавалася невырашальнай.
Валянціна Карабельнікава нарадзілася ў 1935 годзе, у Калінінградскай вобласці з 1946 года
Сам пераезд я памятаю вельмі цьмяна, нічога асаблівага не адбылося, а вось на вакзале мне запомніўся выпадак. Урачыстай нашу сустрэчу ніяк не назавеш: мяне пакінулі сядзець на адзіным чамадане (тады ўсе везлі адзін-два, у асноўным самае неабходнае), падышоў чалавек: «Дзяўчынка, ты сядзіш на маім. Устань, я забяру яго», - я ўстала, ён узяў чамадан і сышоў. Вось так уся сям’я пазбавілася ўсіх рэчаў. ...Я ўбачыла немцаў, жывых немцаў... Разумееце, была вайна, нам казалі, што немцы вельмі дрэнныя, наогул яны “нелюдзі”. <...> Гэта быў шок — яны аказаліся звычайнымі людзьмі, такімі ж, як мы.
Эльбрус Бяляеў нарадзіўся ў 1926 годзе, у Калінінградскай вобласці з 1947 года
Калі я сюды прыехаў, то бачыў прафесара батанікі Кёнігсбергскага ўніверсітэта, які хадзіў па Батанічным садзе, выціраў слёзы, развітваўся. Ён сказаў: «Усё жыццё аддаў гэтаму саду. Гэта адзін з лепшых садоў у свеце». Гэта сапраўды было так. Сад быў вельмі дагледжаным, прыгожым. Там былі ўнікальныя дрэвы з усяго свету. Нашы не ацанілі гэтага скарбу. <...> Гаспадара не было — і належнага догляду таксама. І ў выніку ўсе культурныя і прыродныя каштоўнасці сталі гінуць.
Крыніца: Meduza, «Зайшла нямецкая сям’я, прасілі хлеба» 70 гадоў таму Кёнігсберг стаў Калінінградам: успаміны перасяленцаў, https://bit.ly/3EA2FYq, дата апошняга звароту: 27.12.21