II: Групавая праца з картамі
Усе тры групы працуюць з картай. Ім даецца аднолькавая колькасць часу, але розныя пытанні. Пытанні для групы 1 – самыя простыя, а пытанні для групы 3 – найбольш складаныя.
Група 1
Назавіце краіны і колькасць асоб, дэпартаваных у Германію для прымусовай працы (гл. Дадатак II: Гласарый)
Група 2
Параўнайце напрамкі перамяшчэнняў (з поўначы, поўдня, захаду, усходу) і зрабіце высновы.
Група 3
Адказаў на якія пытанні няма на гэтай карце?
Пасля абмеркавання ў групе вучні вусна паведамляюць класу пра свае высновы.
Каментарый настаўніка для ўсяго класа (апцыянальна, калі дазваляе час):
Генеральны план «Ост» (гл. Дадатак II: Гласарый), распрацаваны нацысцкай Германіяй перад нападам на Савецкі Саюз, быў пачварны па сваёй бесчалавечнасці. Гэты дакумент прадпісваў знішчэнне цэлых груп насельніцтва. У ім вызначаліся юрыдычныя, эканамічныя і тэрытарыяльныя асновы для трансфармацыі Ўсходняй Еўропы. Нацысты планавалі перамясціць каля 31 мільёна чалавек з тэрыторыі Польшчы і заходняй часткі Савецкага Саюза (Заходняй Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі) за 30 год. Яны таксама планавалі каланізаваць і вызваліць “жыццёвую прастору” для немцаў на Усходзе, выкарыстоўваючы бесчалавечныя спосабы для скарачэння колькасці мясцовых жыхароў. Цэлыя нацыянальныя групы былі дэпартаваны або былі вымушаны перасяліцца далёка ад родных мясцін.
Жыхары ўсходняй Еўропы, якіх гвалтоўна зганялі на працу ў Германію, былі вядомыя як остарбайтэры. Асноўнай мэтавай групай была моладзь ва ўзросце каля 16 год. Людзей старэйшага ўзросту забіралі ў меншай колькасці і часта адпраўлялі ў канцлагеры для знішчэння пасля таго, як яны былі аслаблены і зламаны непасільнай працай. 30% остарбайтэраў былі ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў. Да лістапада 1943 г. узроставы ліміт для набору ў остарбайтэры быў зніжаны да 10 гадоў.
Гл. Праект «Борген», 10 Facts about Nazi’s Germany Generalplan Ost, https://bit.ly/3z0OwCx (англ.) і часопіс «Звезда», Остарбайтеры, https://bit.ly/3qvRACI (рус.), дата апошняга звароту: 27.12.21