Трэці і апошні ў 2023 годзе семінар-варкшоп, арганізаваны праграмай «Паралелі памяці», прайшоў у Грузіі. Гэтым разам мы сабралі выкладчыкаў гісторыі ў Бакурыяні, маляўнічым мястэчку ў гарах. Грузінскія калегі распрацоўвалі фрагменты заняткаў па такой далікатнай тэме, як Грамадзянская вайна ў Грузіі 1991–1992 гадоў, якой усё яшчэ надаюць недастаткова ўвагі ў навучальных планах і школьных падручніках. Як і ў рамках іншых нашых варкшопаў, было арганізаванае наведванне месца памяці, звязанага з лакальнай гісторыяй: мы пабывалі у музеі Сталіна ў Горы, каб убачыць, якім чынам памяць аб гэтым супярэчлівым гістарычным персанажы захоўваюць у яго родным горадзе. Экспазіцыя дома-музея практычна не змянілася з савецкіх часоў, і нам прапанавалі скласці сабе меркаванне пра Сталіна самастойна.
Вядоўца нашых варкшопаў Баяна Дуйкавіч-Благоевіч прысвяціла сваю частку заняткаў вайне (войнам) на Балканах пры распадзе Югаславіі. Удзельніцы і ўдзельнікі разбіралі розныя наратывы і шукалі адказу на пытанне, ці можна вывучаць гэты канфлікт у школе ды іншых адукацыйных кантэкстах і калі так, то якім чынам. Напрыклад, ім было прапанавана на падставе працы з фотаздымкамі прэзентаваць мультыперспектыўны погляд на розныя аспекты надзвычай шматмернага канфлікту, які ахапіў тады Югаславію. Гэта стымулявала грузінскіх педагогаў да рэфлексіі аб канфліктах, што прысутнічаюць у іх уласным кантэксце, і аб метадах выкладання такіх далікатных тэм.
Дзякуючы нашай мясцовай каардынатарцы Нане Цыхіставі мы змаглі пазнаёміцца і папрацаваць з цікавымі і натхняльнымі настаўнікамі з розных рэгіёнаў Грузіі. А неўзабаве пачнецца наступны этап праекта «Гістарычная адукацыя ў часы вайны»: педагогі возьмуцца за распрацоўку практычных матэрыялаў, якія дазволяць інтэграваць такія далікатныя тэмы, як нядаўнія ці няскончаныя канфлікты, у навучальны працэс, каб выкладанне гісторыі ў краінах — удзельніцах праекта і за іх межамі ў большай меры арыентавалася на дэмакратычныя прынцыпы і каштоўнасці.